Арыентацыя ў навучанні беспрацоўных на рабочыя прафесіі

- 10:15Інфармацыйная гадзіна

Рэйтынг спецыяльнасцей для навучання беспрацоўных у 2016 годзе ўзначалілі аператар кацельні, прадпрымальнік, прадавец, паведамілі ва ўпраўленні палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Паводле слоў спецыялістаў, пералік спецыяльнасцей для навучання беспрацоўных актуалізуецца з улікам патрэбнасцей рынку працы. Пры гэтым арыентацыя — у асноўным на рабочыя прафесіі. Рэйтынг папулярнасці ў мінулым годзе ўзначалілі такія спецыяльнасці для навучання, як “Аператар кацельні” (накіравана 1385 чалавек), а таксама “Індывідуальны прадпрымальнік” (1108), “Прадавец, прадавец-кансультант” (712), “Электрагазазваршчык” (662), “Кухар” (577). Для будаўнічай галіны ў сферы бытавога абслугоўвання кадры рыхтуюць, як правіла, па інтэграваных спецыяльнасцях.

Служба занятасці Беларусі ў мінулым годзе накіравала на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі каля 11 тысяч беспрацоўных. Пры гэтым па заяўках наймальнікаў з гарантыяй далейшага працаўладкавання ў Магілёўскай вобласці накіраваны на прафнавучанне кожны другі курсант (самы высокі паказчык сярод рэгіёнаў), у Брэсцкай і Гомельскай абласцях — кожны трэці, а ў цэлым па рэспубліцы — практычна кожны чацвёрты.

У Беларусі ў 2016 годзе накіраванне на прафнавучанне атрымалі 5,2 працэнта ад тых, хто мае патрэбу ў працаўладкаванні (у 2015 годзе — 4,2 працэнта). Падпраграмай “Садзейнічанне занятасці насельніцтва” Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады прадугледжана, што ў 2016 годзе павінна быць накіравана на прафнавучанне як мінімум 4,4 працэнта ад тых, хто мае патрэбу ў працаўладкаванні. Гадавое заданне перавыканана ва ўсіх рэгіёнах і ў Мінску.

На прафнавучанне беспрацоўных выдзяляецца фінансаванне з бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэтыя фінансавыя сродкі прызначаны для арганізацыі навучання розных катэгорый насельніцтва, уключаючы тых, хто падлягае вызваленню або ўжо вызвалены; хто ўпершыню шукае работу; нядбайных бацькоў, абавязаных пакрываць дзяржрасходы на ўтрыманне дзяцей у інтэрнатных установах і інш.

У прыярытэтным парадку накіроўваюць на навучанне беспрацоўных, якія асабліва маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне і не могуць на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, а таксама жанчын, якія даглядаюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў (гэта пашырае для іх магчымасці асвоіць прафесію, павышае шансы атрымаць рабочае месца, садзейнічае больш хуткаму ўключэнню ў працоўную дзейнасць). Адпаведныя нормы змешчаны ў новай рэдакцыі Закона аб занятасці насельніцтва, што ўступіў у сілу 24 кастрычніка 2016 года.