Арыентацыя — усход

- 10:52Навіны рэгіёнаў

Кітайская мова — адна з папулярных і перспектыўных сучасных замежных моў. Наблізіцца да старажытнай культуры Паднябеснай імкнуцца і ў Баранавічах. Летась з мэтай наладжвання ўзаемадзеяння ў сферы выкладання кітайскай мовы і распаўсюджвання ведаў пра кітайскую культуру быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам, гарадскім упраўленнем па адукацыі і сярэдняй школай № 7. Дагавор прадугледжвае абмен кадрамі і вопытам, сумесную работу па навучанні школьнікаў.

Спасцігаць дзіўны свет іерогліфаў баранавіцкім дзецям дапамагае выкладчыца-валанцёр Сін Юйфэй, запрошаная Інстытутам Канфуцыя пры МДЛУ з Паднябеснай. Вучні 2—4 класаў вывучаюць кітайскую мову на факультатыўных занятках, а на гадзінах арганізацыйна-выхаваўчай работы знаёмяцца з традыцыямі і культурай усходняй краіны.

Асвоіць мову вялікага Лаа-цзы — складаная задача. Таму малодшыя школьнікі пакуль вывучаюць іерогліфы ў форме займальнай гульні. Сін Юйфэй звяртаецца на занятках да метаду вуснага апярэджання (слухаем — паўтараем), а для запамінання іерогліфаў — да яркіх карцінак. Дзеці з задавальненнем перамалёўваюць іх, не ведаючы, што тым самым вучацца.

Асаблівасць кітайскай мовы — танальнае вымаўленне, якое не зусім лёгка адолець. Выкладчыца паказвае тэматычныя відэаролікі і вымаўляе словы, а школьнікі слухаюць і паўтараюць. Адзін і той жа склад дзеці вучацца вымаўляць па-рознаму (высока і роўна, падымаючы голас, апускаючы голас). Ставіць тоны ў пачатковай школе — адно задавальненне! Вучні ўспры­маюць гэта як гульню і хутка пачынаюць правільна гаварыць па-кітайску, працуюць над музычным слыхам.

Школьнікі вучаць шмат слоў, але, у адрозненне ад слоў англійскіх, многія з іх забываюцца. Дзеці знаёмяцца з іерогліфам, яго перакладам і гучаннем, запісаным лацінскімі літарамі са значкамі тонаў. Запомніць усё гэта разам даволі цяжка. Таму Сін Юйфэй уводзіць іерогліфы паступова ў выглядзе гульняў, мінімальных размоў адно з адным. Такім чынам малодшыя школьнікі засвой­ваюць усходнюю мову лягчэй. Пакуль яны малююць, гуляюць ці ствараюць, педагог гаворыць з імі і тлумачыць новыя паняцці. Так дзеці неўсвядомлена запамінаюць кітайскія словы і фразы, а затым іх міжвольна агучваюць.

Для засваення цяжка запамінальных лексіка-граматычных канструкцый Сін Юйфэй выкарыстоўвае песні, вясёлыя і рытмічныя, з музычным суправаджэннем. Паўтараючы іх шмат разоў, вучні запамінаюць цяжкія моманты, якія не паддаюцца пры вывучэнні традыцыйнымі спосабамі. Дзякуючы гэтаму, напрыканцы першага года навучання дзеці ўжо могуць расказаць пра дом, сям’ю, навакольны свет, прадметы побыту.

На вучэбных занятках Сін Юйфэй спалучае англійскую і кітайскую мовы з улікам узросту і ўзроўню падрыхтоўкі дзяцей. Часам яны блытаюцца ў вымаўленні, пераходзячы з адной мовы на другую, ці ў напісанні кітайскай транскрыпцыі, памылкова лічачы, што гэта англійскія гукі. Тым не менш англійская мова дапамагае ў камунікацыі паміж вучнямі і педагогам.

Сін Юйфэй кансультуе дзяцей і настаўнікаў, якія займаюцца даследчай дзейнасцю. Так, даследчыя работы “Сацыялінгвістычны кампанент этыкем беларускай і кітайскай лінгвакультур” і “Вобразы жывёл у кітайскіх, англійскіх і беларускіх анімалістычных казках: параўнальны аналіз” былі адзначаны дыпломамі І ступені на гарадской і абласной канферэнцыях, а другая работа — дыпломам ІІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. Вынікі сваіх даследаванняў школьнікі прэзентавалі на навукова-практычным круглым стале “Беларусь і Кітай: шматвектарнасць напрамкаў”, арганізаваным Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам.

Сін Юйфэй актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні гарадскога фестывалю культур “WAW-тур”. Разам з валанцёрамі Інстытута Канфуцыя пры МДЛУ былі праведзены майстар-класы па пляценні і выразанні. Удзельнікі мерапрыемства выраблялі кітайскія ліхтарыкі, складалі аплікацыі-танграмы, размалёўвалі маскі, вучыліся карыстацца палачкамі для ежы. Старшакласніцы разам з Сін Юйфэй выканалі традыцыйныя кітайскія танцы пад кітайскую музыку, чым захапілі гасцей фестывалю.

У нашай школы вялікія планы па далейшым вывучэнні кітайскай мовы. Мы думаем адкрыць міні-тэатр і паставіць п’есу па-кітайску. Касцюмы для акцёраў пашыты. Акрамя заняткаў па кітайскай мове, школьнікі арганізоўваюць вечарыны ў стылі Паднябеснай, выконваюць кітайскія песні хорам ці сольна.

Вераніка НІКІШОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры  сярэдняй школы № 7 Баранавіч.