Арыгінальную інсталяцыю ў памяць пра знішчаныя фашыстамі вёскі стварылі педагогі Мядзельшчыны

- 11:15Новости

Як вобразна і кранальна расказаць вучням пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны? Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вучаніца 6 класа Дар’я Кудлач і А.С.Марчанка каля дрэва памяці

Да пошуку адказу на гэтае актуальнае для кожнага педагога пытанне ў Свірскай сярэдняй школе Мядзельскага раёна падышлі нестандартна. Акрамя размяшчэння традыцыйных стэндаў з ваеннымі фотаздымкамі, агульнай інфармацыяй пра колькасць забітых нацыстамі мірных жыхароў і картай знішчаных вёсак, настаўнікі “пасадзілі” ў школьным фае незвычайнае дрэва памяці.

Кожны вучань па дарозе на ўрокі або дадому можа падысці да абгарэлых чорных галін і на гліняным лісці прачытаць кароткія звесткі пра трагічную гісторыю таго ці іншага населенага пункта Мядзельшчыны. На самым вялікім лісце такія словы: “87 вёсак Мядзельскага раёна былі знішчаны гітлераўцамі, загінула каля 4 тысяч жыхароў раёна, а больш за 3 тысячы сагнаны ў рабства”.

— Ідэя стварэння незвычайнай інсталяцыі ўзнікла ў 2022 годзе напярэдадні абласной жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі. У ліку васьмі раёнаў нам было прапанавана прадставіць экспазіцыі па тэме генацыду. Разам з калегамі мы вырашылі, што ствараць стандартныя стэнды неарыгінальна. Так з’явілася ідэя зрабіць чорнае дрэва з абгарэлым карэннем. Разам шукалі патрэбнае дрэва, фарбавалі яго ў чорны колер, потым знайшлі карэнне, апрацавалі яго. Над інсталяцыяй шчыравалі ў асноўным настаўнікі Свірскай школы, таму пасля канферэнцыі дрэва памяці перадалі ў гэтую ўстанову адукацыі, — паведаміла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ларыса Віктараўна Севярын.

Першапачаткова на дрэве вісела папяровае лісце. За стварэнне глінянай кроны ўзяліся ўдзельнікі аб’яднання “Чароўная гліна” Свірскай сярэдняй школы. Пад кіраўніцтвам Алы Сяргееўны Марчанка яны малявалі ўзоры лісткоў, стваралі эскізы, па іх вылепілі лісце, абпалілі ў муфельнай печы, потым разам распісалі.

Гліна для кроны дрэва памяці была выбрана невыпадкова. Па словах Алы Сяргееўны, дзецям падабаецца працаваць з гэтым прыродным матэрыялам, жадаючых запісацца ў гурток заўсёды шмат. Таму да работы дзеці прыступілі з ахвотай. Фарміруючы лісточкі, наносячы на іх фарбу, яны не толькі займаліся любімай творчай справай, але і паралельна знаёміліся з трагічнымі старонкамі ваеннай гісторыі.

— Калі дзеці вывучаюць мінулае не каля стэндаў, слухаючы аповед настаўніка, а падчас калектыўнай творчай працы, гэта аказвае куды большы выхаваўчы эфект, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Рыгораўна Рыбалт.

 Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара