Асабістыя пытанні кожнага беларуса

- 12:07Навука і інавацыі

Дацэнта кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэя Мікалаевіча Латушкіна нават улетку цяжка застаць незанятым. “Пакуль ёсць час, трэба падцягнуць справы”, — усміхаецца выкладчык, выходзячы ў хол Нацыянальнай бібліятэкі.

Зацікаўленасць гісторыяй і архівазнаўствам у Андрэя Латушкіна пачалася са школьных гадоў. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, у хлопца было шмат варыянтаў, якія пастаянна мяняліся: вабіла і эканоміка, і юрыспрудэнцыя, і некаторыя аспекты біялогіі. Але ў 11 класе малады чалавек адкрыў для сябе спецыяльнасць “Гісторыка-архівазнаўства” на гістфаку БДУ. Андрэй Латушкін паступаў на факультэт у 1996 годзе і трапіў якраз на станаўленне гэтага напрамку.

— Мяне цікавіла рамантыка старажытнага акта, — дзеліцца Андрэй Мікалаевіч. — Сіла прыцягнення да старажытнага заўсёды вельмі моцная, бо чалавека прывабліваюць як таямніцы, так і сама старажытнасць. У той час адкрыццё гісторыі для грамадства было адным з самых магутных кірункаў, інфармацыйным і ідэйным пасылам. З працэсамі дзяржаўнага будаўніцтва інфармацыя пра мінулае краіны была моцным фактарам, які не мог не ўплываць на моладзь, і на мяне ў тым ліку. У пэўны момант я зразумеў, што шмат чаго застаецца недаследаваным, нераскрытым. І ў нязведаным багата могуць даць дакументы. Нават зараз, амаль за 30 гадоў нашай незалежнасці, можна сказаць, што гісторыя Беларусі яшчэ толькі пачынае распрацоўвацца: існуе шмат тэм, якія знаходзяцца на стадыі павярхоўных ведаў пра іх. Шмат чаго застаецца на ўзроўні міфаў, стэрэатыпных уяўленняў, якія фарміруюцца не навукай. Хаця, безумоўна, многія аспекты вывучаны дасканала. Важнасць разумення кожным грамадзянінам месца Беларусі ў свеце, адметнасці яе гістарычнага развіцця, ведання гераічных этапаў станаўлення нашай дзяржаўнасці, усведамленне таго, што мы адораная нацыя з багатай гісторыяй і дасягненнямі, паўплывала на маю высокую ацэнку ролі гісторыка ў грамадстве.

Першыя рухі маладога чалавека ў пошуках сябе, свайго шляху былі звязаны са следчай дзейнасцю (захапленнем, што дапамагае высвятляць пэўныя пытанні дзякуючы фактам, слядам). У той час хлопец актыўна працаваў з літаратурай па крыміналістыцы. Андрэй Мікалаевіч адзначыў, што даследаванні ў галіне гісторыі ў нейкай ступені набліжаны да следчай справы: вывучаюцца фрагменты рэчаіснасці і падзей, сведчанні пра якія захаваліся да нашага часу.

— Вялікую ролю ў маім станаўленні ў той час адыгралі настаўнікі Забалацкай сярэдняй школы Талачынскага раёна, дзе я вучыўся, — расказвае дацэнт кафедры крыніцазнаўства. — Мне пашанцавала з педагогамі-гісторыкамі. Гэта былі высокапрафесійныя людзі з выключнымі чалавечымі якасцямі, якія ва ўсім садзейнічалі: вялі за сабой, дапамагалі з літаратурай і дадатковым матэрыялам і проста распальвалі маю цікавасць да гісторыі. Іх падтрымка ў свой час была істотнай, мой прафесійны лёс склаўся дзякуючы ім.

Андрэй Мікалаевіч лічыць, што кожны чалавек мае свой лёс і рухаецца ў прадвызначаным кірунку. Ён перакананы, што чалавек не шкадуе пра свой выбар у тым выпадку, калі робіць яго ўсвядомлена. Істотнае месца ў жыцці маладых людзей Андрэй Латушкін адводзіць выкладчыкам універсітэтаў і адукацыі наогул.

— У выкладчыках шукаюць высокі навуковы, прафесійны складнік, адчуваюць пэўную гарантыю ў тым, што гэтыя людзі перададуць свае веды, дапамогуць знайсці сваё месца ў жыцці. Ва ўніверсітэт прыходзяць па дарогу ў будучыню, і выкладчык — тая асоба, якая сімвалізуе гэты шлях, поспех на ім, кампетэнтнасць, паказчык таго, што варта рабіць, а што не. Гэта не толькі носьбіт ведаў, але і арыенцір у прафесійным і чалавечым росце. Роля адукацыі ў станаўленні не толькі будучых спецыялістаў, але і дзяржавы ў цэлым прыярытэтная. Перакананы, што, калі нехта хоча даведацца пра перспектывы развіцця краіны на 10—20 гадоў наперад, яму дастаткова спытаць пра якасць адукацыі. І, калі ў адказ ён пачуе, што ў гэтай галіне ўсё добра, за краіну можа быць спакойным. Калі ж сітуацыя адваротная, трэба моцна задумацца. Такія працэсы не адразу кідаюцца ў вочы, але ў выніку ствараюць дзяржаву, аберагаюць, захоўваюць яе і з’яўляюцца крыніцай прагрэсу. Адукацыя — аснова ўсяго, а партрэты настаўнікаў і выкладчыкаў — гэта люстэрка, у якім адбіваюцца працэсы, што чакаюць краіну ў будучыні, — адзначае навуковец.

Па словах Андрэя Мікалаевіча, можна назваць некалькі версій назвы Стоўбцаў. Паводле першай, назва пайшла ад “чумных слупоў” (стаўпоў), якія ставіліся як сакральная абарона ад эпідэміі або ў гонар манахаў-дамініканцаў, якія ў якасці падзвіжніцтва замыкаліся ў адмысловых будынках — “столпах” (яны замацаваліся на землях Слушкаў у 1623 годзе). Паводле другой, звязана з гандлем або навігацыяй (“стаўбцы” — палі на прыстані ці ствалы дрэў, выкінутых на бераг падчас сплаву лесу па Нёмане).

З часу паступлення на гістарычны факультэт жыццё Андрэя Латушкіна звязана з архівазнаўствам. Тэмай яго дыпломнага даследавання стала “Ваеннае заканадаўства ВКЛ у XVI—XVII стагоддзях: аналіз крыніц і тэставыя заданні да камп’ютарнай вучэбнай праграмы”. А ў 2007 годзе малады чалавек абараніў кандыдацкую дысертацыю “Нясвіжскі архіў князёў Радзівілаў у канцы XVIII — першай палове ХХ стагоддзя”. Сёння праблематыкай даследаванняў Андрэя Мікалаевіча выступае аднаўленне архіўнай спадчыны Беларусі, даследаванне гісторыі архіваў краіны, пошук дакументаў, якія страчаны бясследна або вывезены за межы краіны. Зараз спецыяліст займаецца аднаўленнем і вывучэннем гісторыі дзяржаўнага архіва ВКЛ.

Праца з дакументамі і пісьмовымі сведчаннямі стала важным складнікам і апошняга навуковага адкрыцця Андрэя Латушкіна — даследчык устанавіў дакладную дату заснавання Стоўбцаў. Вучоны працаваў з матэрыяламі Нясвіжскага архіва князёў Радзівілаў, які захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве, а таксама архіва роду Слушкаў. Звярнуўся да гэтай праблемы Андрэй Мікалаевіч у 2007 годзе па просьбе Стаўбцоўскага райвыканкама, і дакладную дату ўтварэння — 20 чэрвеня 1593 года — упершыню абнародаваў у 2012 годзе на старонках гістарычнага альманаха “Верхняе Панямонне”. Дата была прызнана ўдзельнікамі навукова-практычнай канферэнцыі горада ў 2016 годзе і зацверджана рашэннем Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў ад 6 лютага 2017 года як дзень горада.

Да даследавання Андрэя Латушкіна ў літаратуры і некаторых працах філолагаў разглядаліся розныя даты заснавання горада: 1500, 1507, 1511 гады. Першая дата сустракаецца ў кнізе Адама Кіркора “Живописная Росcия”. У працы этнографа гаворка ідзе пра ўтварэнне ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага, пералічваюцца іх галоўныя гарады. Аднак Навагрудскага ваяводства, у склад якога ўваходзіў горад у той час, яшчэ не існавала. Таму аўтар кнігі “Памяць” Стаўбцоўскага раёна, дзе выкарыстоўвалася інфармацыя паводле А.Кіркора, ставіць названую дату пад сумненне. Паколькі Навагрудскае ваяводства было ўтворана ў 1507 годзе, час заснавання Стоўбцаў прапанавалася перанесці менавіта на гэтую дату.

Звесткі пра 1511 год былі запазычаны з навуковай працы С.Х.Александровіча (1976 год). Разглядаючы ў даследаванні тэму навучання ў Кракаўскім універсітэце выхадцаў з ВКЛ, аўтар пісаў, што туды трапляюць людзі нават з глухіх вёсак (у тым ліку з вёскі Ліпа пад Стоўбцамі). Лічылася, што гэты выпадак адбыўся ў 1511 годзе. Аднак версія так і засталася не пацверджанай дакументальна здагадкай аўтара.

З пачатку першых згадванняў (1623 год — без назвы, 1632 год — пад назвай) Стоўбцы былі прыватным уладаннем роду Слушкаў і размяшчаліся на правым беразе Нёмана ў Мінскім павеце, мяжуючы са свержанскімі ўладаннямі Радзівілаў. Маёнтак Слушкаў быў утвораны ў 1582 годзе, калі Гальшка Кміцянка (ўдава Мікалая Слушкі) шляхам абмену левабярэжных зямель набыла ў Мікалая Крыштафа Радзівіла частку правабярэжжа ракі.

Даследаваныя Андрэем Латушкіным дакументы адносна справы абмену даказваюць адсутнасць у той час на правабярэжжы Нёмана населенага пункта з назвай Стоўбцы. Калі б падобная назва мястэчка існавала, яе абавязкова ўказалі б (гэтага строга патрабавала тагачаснае справаводства). Сітуацыю праясніў знойдзены ў актах метрыкі ВКЛ прывілей Жыгімонта ІІІ Гальшцы Кміцянцы на таргі і кірмашы “ў заснаваным ёй мястэчку Свержанскім Менскага павета” ад 20 чэвеня 1593 года.

Спрэчным фактам у даследаванні было тое, што Гальшка Кміцянка не магла заснаваць Свержань, па-першае, таму, што мястэчка з такой назвай ужо існавала (яго згадвалі ў 1563 і 1568 годзе), па-другое, яно ў канцы XVI стагоддзя належала Радзівілам, па-трэцяе, радзівілаўскае Свержна (цяпер Новы Свержань) знаходзілася ў Навагрудскім павеце на левым беразе Нёмана, а не ў Мінскім, як сцвярджае прывілей. Андрэй Латушкін зрабіў выснову, што гаворка ішла не пра ранейшае левабярэжнае мястэчка Свержна, а пра новае з падобнай назвай (цяпер Стоўбцы). Пад сучаснай назвай Стоўбцы вядомы з 13 мая 1632 года (паводле дакументаў судовага працэсу паміж Радзівіламі і Слушкамі за паром на сваіх уладаннях).

Сёння ўсё часцей закранаюцца праблемы, звязаныя з мінулым дзяржаўнасці Беларусі. Ці з’яўляецца наша краіна пераемніцай Вялікага Княства Літоўскага? Калі яна з’явілася ў якасці незалежнай дзяржавы ўпершыню? На думку даследчыка, такіх пытанняў не ўзнікала б, калі б не страта беларусамі Дзяржаўнага архіва ВКЛ (найстаражытнейшая і найкаштоўнейшая яго частка захоўвалася з другой паловы XVII стагоддзя Радзівіламі і была вывезена імі з Нясвіжа ў Варшаву пасля 1917 года). Андрэй Латушкін лічыць, што падобныя пытанні будуць існаваць да тых часоў, пакуль на іх не пральюць святло, паколькі яны ўжо сталі асабістымі для кожнага беларуса.

— Беларусь — спецыфічная краіна ў плане захаванасці архіўнай спадчыны, — гаворыць Андрэй Мікалаевіч. — Ступень захаванасці адносна ранніх перыядаў гісторыі мінімальная. Прычыны гэтага — гістарычны лёс (страта дзяржаўнасці, ліквідацыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай, шматлікія ваенныя і ўнутрыпалітычныя канфлікты), парушэнне геаграфічнай цэласнасці дзяржавы, праблемы, звязаныя з эміграцыяй эліты ў розныя перыяды, ліквідацыі прыватнай уласнасці і асабістых архіваў, перавоз архіваў за мяжу і няпоўнае іх вяртанне.

Па словах Андрэя Латушкіна, да 90-х гадоў ХХ ст. у архіўнай спадчыне краіны меліся пераважна актавыя кнігі судовых устаноў (дакументы, важныя для пэўнай мясцовасці). Тады яшчэ не было дакументаў метрыкі ВКЛ (архіў быў вернуты ў Беларусь у выглядзе мікрафільмаў у пачатку 90-х гадоў). Сёння можна гаварыць пра наяўнасць у складзе Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі каля 20 былых прыватных архіваў (найбуйнейшы з іх — архіў Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў). А самы ранні дакумент, арыгінал якога захоўваецца ў Беларусі, датуецца часам, не ранейшым за 1390 год.

— Архіўная спадчына народа — гэта не толькі архівы органаў дзяржаўнай улады, а сукупнасць усіх архіваў, якія існуюць у пэўны прамежак часу, — тлумачыць вучоны. — І задача архівістаў у тым, каб у склад Нацыянальнага архіўнага фонду былі ўключаны дакументы, якія адлюстроўваюць усе напрамкі дзейнасці грамадства. Праз 100 гадоў уяўленне пра нас будзе складвацца на аснове дакументаў, выпушчаных зараз. Прыярытэтнай задачай стала аднаўленне цэласнасці архіўнай спадчыны і пошук інфармацыі пра месцазнаходжанне дакументаў, бо страта архіваў — гэта трагедыя народа. Напрыклад, мы ведаем, што існавалі акты уній, масіў дыпламатычнай дакументацыі, агульназемскія прывілеі, якія адлюстроўвалі працэсы развіцця дзяржаўнага арганізма таго часу. І нам падаецца, што ўсе дакументы знаходзяцца ў Беларусі. Але гэта не так. У мінулым палітычнай і ваеннай гісторыі краіны цяжка і амаль немагчыма нешта высветліць без прыцягнення замежных архіваў. Трэба помніць, што за гэтымі дакументамі стаіць вялікі культурны і гістарычны патэнцыял. А мэта гісторыка пры рабоце з імі — аднавіць найбольш поўную і дакладную карціну гістарычных падзей. Таму хацелася б звярнуць увагу абітурыентаў на спецыяльнасць “Гісторыка-архівазнаўства” і запрасіць іх вучыцца на гістарычны факультэт.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.