Асаблівая камунікатыўная прастора

- 14:38Суразмоўца
Беларускаму педагагічнаму таварыству больш за 40 гадоў. Але новы этап яго развіцця пачаўся год назад, а дакладней, 12 мая на з’ездзе БПТ. У рабоце з’езда прымаў удзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С.А.Маскевіч, які заўважыў, што педагагічнае таварыства павінна стаць самаарганізаванай структурай, у межах якой было б створана асяроддзе, неабходнае для стымулявання педагогаў да павышэння прафесіяналізму, а значыць, якасці адукацыі ў цэлым і павышэння прэстыжу прафесіі ў тым ліку.Якім быў першы год работы абноўленага Беларускага педагагічнага таварыства? ці ўдалося рэалізаваць задуманае? ці пажадалі нашы педагогі стаць членамі таварыства? На гэтыя і іншыя пытанні нашай газеце адказвае старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускае педагагічнае таварыства”, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА, доктар педагагічных навук, прафесар кафедры лінгвістычнай адукацыі Галіна Іванаўна Нікалаенка.

— Галіна Іванаўна, патлумачце, калі ласка, што сабой уяўляе абноўленае Беларускае педагагічнае таварыства?
— Так, 12 мая 2012 года пачаўся адлік новай гісторыі БПТ. Перш за ўсё перад намі стаяла задача — зразумець, чым павінна быць сучаснае педагагічнае таварыства. Мы пачалі з вывучэння гісторыі педагагічных таварыстваў, нам было цікава ведаць: з якой мэтай яны задумваліся?
Г.І. НікалаенкаУ Расійскай імперыі педагагічнае таварыства было створана ў 1859 годзе і, што адметна, менавіта па ініцыятыве саміх педагогаў. У вядомым энцыклапедычным слоўніку Ф.А.Бракгаўза і І.А.Ефрона ёсць нават азначэнне педагагічнага таварыства і там прыведзены цікавыя, на мой погляд, урыўкі з яго статута: “Сближая педагогов между собой в видах соглашения различных взглядов и уяснения встречающихся на практике недоумений, имело целью содействовать развитию и совершенствованию воспитательно-учебной практики”. Асэнсоўваючы гэтыя радкі, можна сказаць, што сутнасць ідэі аб’яднання педагогаў застаецца такой жа, толькі яе варта адаптаваць да сучаснай адукацыйнай сітуацыі.
Калі гаварыць пра аб’яднанні беларускіх педагогаў, то яны ўтвараліся храналагічна ў такім парадку: першае аб’яднанне было арганізавана ў Віцебску, затым у Мінску, Магілёве, Брэсце і Гродна. Іх асноўная дзейнасць была накіравана на падрыхтоўку асветніцкіх выданняў. Такіх, у прыватнасці, як “Педагагічная справа”, “Беларускі настаўнік”, “Беларускі настаўніцкі веснік”. Пры савецкай уладзе асаблівы росквіт педагагічных аб’яднанняў прыходзіўся на другую палову мінулага стагоддзя. У сучасным фармаце рэспубліканскае педагагічнае таварыства было створана па рашэнні Савета Міністраў Беларускай СССР у 1972 годзе. Можна сказаць, што новы этап жыцця Беларускага педагагічнага таварыства прыйшоўся якраз на яго 40-годдзе. Хачу адзначыць, што на працягу ўсіх гэтых гадоў БПТ узначальвалі педагогі-вучоныя, якія складаюць залаты фонд беларускай навукі. Гэта С.А.Умрэйка, С.К.Лазарук, Л.Н.Ціханаў.
З таго часу сацыяльная сітуацыя стала іншай, і нігілістычнае стаўленне да грамадскіх аб’яднанняў змянілася на пазітыўнае, педагогі адчулі неабходнасць у такім аб’яднанні. Трэба сказаць, што і за мяжой прафесійныя таварыствы зараз дастаткова актыўна развіваюцца. Асэнсаванне ролі і задач аб’яднання паплечнікаў дапамагае людзям знаходзіць сваё месца ў прафесійным таварыстве, вырашаць важныя праблемы.
Калі мы працавалі над сваім статутам, то палічылі асабліва важным (у сітуацыі дзяржаўнага кіравання і рэгулявання розных напрамкаў адукацыйнай дзейнасці) вызначыць асабістую сферу дзейнасці. Тут я як філолаг адштурхнулася ад асэнсавання слова “общество” (руск.) — “общее, общение”. У ім і канцэнтруецца асноўная спецыфіка нашай дзейнасці — у стасунках педагогаў адно з адным, з навукоўцамі, з прадстаўнікамі сістэмы дадатковай адукацыі дарослых. І пры гэтым стасункі павінны быць не толькі прафесійныя, а і сацыякультурныя, у якіх нашы педагогі, безумоўна, таксама маюць патрэбу. І як вынік гэтых кантактаў — вылучэнне праблем, пошук агульных падыходаў у іх вырашэнні, агульная ацэнка дасягненняў педагагічнай практыкі і яе асваенне. І праз гэта яшчэ адзін аспект — самарэалізацыя і самасцвярджэнне педагога праз грамадскую арганізацыю. І ўсё гэта з мэтай пазітыўнага ўздзеяння на развіццё адукацыйнай сферы і грамадства ў цэлым. Усё гэта і знайшло адлюстраванне ў нашым абноўленым статуце.

— Якім чынам будуе сваю дзейнасць БПТ?
— Пры пабудове свайго таварыства мы зыходзілі з таго, што яно неаднароднае, таму лепш выкарыстоўваць секцыйна-клубны прынцып. А гэта значыць, ствараць невялікія прафесійныя аб’яднанні ўнутры прафесійнага таварыства. І гэта аказалася плённым. На гэты час у БПТ працуюць 16 секцый і 5 клубаў. Калі секцыі сфарміраваны па прадметным прынцыпе, то клубы сарыентаваны на пэўныя напрамкі дзейнасці.
У БПТ пажадалі ўвайсці члены вядомага ўсім клуба пераможцаў і фіналістаў конкурсу “Настаўнік года” — клуба “Крыштальны журавель”.
З наваствораных клубаў — “Лідар” (для кіраўнікоў устаноў адукацыі), “Пошук”, які аб’ядноўвае настаўнікаў-інаватараў, “Будучыня” (для маладых педагогаў). Кожны клуб і секцыя працуюць з улікам асабістай спецыфікі і агульных інтарэсаў педагагічнага таварыства. Фарміраванне клубаў і секцый носіць дынамічны характар. Мы не абмяжоўваем сябе тым, што ў нас будуць толькі вось такія секцыі і клубы. Калі адчуем, што трэба падзяліць нейкі клуб на два, то мы гэта зробім. Так, удзельнікі праграмы Савета Еўропы выступілі з ідэяй стварыць свой клуб “Песталоцы”. Педагог можа ўдзельнічаць у рабоце некалькіх клубаў і секцый, пераходзіць па сваім жаданні ў іншыя.
Таксама БПТ наладжвае ўзаемадзеянне з іншымі ўстановамі і арганізацыямі па пэўных аспектах дзейнасці і перш за ўсё з ўстановамі дадатковай педагагічнай адукацыі. Дапамога гэтых устаноў бясцэнная, бо, дзякуючы ім, мы можам каардынаваць дзейнасць таварыства ў рэгіёнах. І тут я не магу не сказаць і аб Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, таму што яна фактычна з’яўляецца альма-матар педагагічнага таварыства.
Наша грамадская арганізацыя шмат у чым існуе дзякуючы падтрымцы галіновага міністэрства, асабіста міністра адукацыі С.А.Маскевіча і яго намесніка В.А.Будкевіча. У мяне часам пытаюцца: а актыўнае ўзаемадзеянне педагагічнага таварыства з Міністэрствам адукацыі не азначае, што грамадская арганізацыя становіцца “прыручанай”, выконвае ўсё, што патрабуюць да яе вышэйстаячыя органы? Я мяркую так: калі грамадская арганізацыя не мае ўзаемадзеяння з адпаведным кіраўніком, то яна бясплодная, таму што ўсе тыя праблемы, якія яна ставіць, ніхто не пачуе. А іх павінен пачуць чыноўнік. Таму, безумоўна, мы ўдзячныя за тое, што нас чуюць у міністэрстве, што знаходзім падтрымку сваіх ініцыятыў. Міністэрства нават у нечым падштурхоўвае нас да актыўнай дзейнасці.
Зграшыла, калі б сказала, што ў нас усё абсалютна вырашана на будучыню, што мы адзін раз і назаўсёды ведаем, як і што рабіць. Гэта не так. Я лічу, што любая арганізацыя, якая развіваецца, можа адзначаць, што ўдаецца, што атрымалася, куды трэба ісці. Магу толькі сказаць, што ў нас атрымалася, а што, магчыма, яшчэ патрабуе рашэння.

— Ведаю, што за гэты год БПТ правяло мноства розных мерапрымстваў, амаль пра ўсе расказала наша газета ў рубрыцы “Педагагічнае таварыства”. Галіна Іванаўна, якія з гэтых мерапрыемстваў вы лічыце самымі важнымі для таварыства?
— У гэтым годзе ў БПТ быў адкрыты сайт http://www.oobpo.by/. Дзякуючы гэтаму, нашы кантакты з педагогамі сталі больш мабільнымі. У прыватнасці, на сайце ёсць рубрыка “Анонс”, праз яе педагогі могуць даведацца, якія мерапрыемствы будуць арганізаваны ў хуткім часе. Пра тое, што адбылося, таксама можна прачытаць на сайце. Дзякуючы “Настаўніцкай газеце”, нашы педагогі таксама ў курсе ўсіх важных падзей БПТ. Мы сталі сузаснавальнікамі (разам з НІА) часопіса “Педагагічная навука і адукацыя”, першы нумар якога ўжо пабачыў свет. Часопіс быў зарэгістраваны ў кастрычніку мінулага года.
Найбольш запамінальныя мерапрыемствы года — гэта, безумоўна, педагагічныя чытанні, а таксама калядны педагагічны фестываль. Зараз па матэрыялах чытанняў падрыхтаваны электронны зборнік, які хутка выйдзе.
Плённа праходзіць акцыя “Семінары-панарамы навукова-метадычных і аўтарскіх школ у адукацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь”. Ужо былі прадстаўлены школы такіх выбітных навукоўцаў, як У.Т.Кабуш, І.І.Цыркун, І.А.Новік. А таксама адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дзейнасць навукова-педагагічнай школы як фактар інавацыйнага развіцця дадатковай адукацыі педагагічных кадраў”, на якой была прадстаўлена навукова-педагагічная школа прафесара Аляксандра Іванавіча Жука. Асноўная мэта гэтых семінараў-акцый — дэманстрацыя дасягненняў беларускай педагагічнай навукі. Мы гэтым ганарымся.
Адметна, што свае напрацоўкі прадстаўляюць не толькі навукоўцы, а і практыкі. З майстар-класам “Узаемадзеянне псіхолага-педагагічнай тэорыі і практыкі ў працэсе інтэлектуальнага развіцця асобы” выступіў заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, на гэты час намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы М.М.Волкаў.
У сакавіку па нашай ініцыятыве была праведзена выстава “Цацка сваімі рукамі”, на якой педагогі і творчыя калектывы прадставілі аўтарскія распрацоўкі цацак і гульняў. І, дарэчы, гэта былі не толькі прадстаўнікі сістэмы дашкольнай адукацыі, а і педагогі, якія разумеюць важнасць гульні і цацкі ў развіцці дзяцей самых розных узростаў.
Запамінальнай была сустрэча з настаяцелем храма Усіх Святых протаіерэем Арцеміем Уладзіміравым з Масквы, якую ініцыявала Беларуская праваслаўная царква. Пратаіерэй Арцемій з’яўляецца аўтарам кніжак “Урокі жыцця: адкрытыя ўрокі са школьнікамі”, “Падручнік жыцця”, “Раз, два, тры, чатыры, пяць: развагі святара аб школьных адзнаках пад знакам вечнасці”, “Славесны вянок на галаву расійскага педагога” і іншых. З праблемамі адукацыі пратаіерэй Арцемій знаёмы не толькі як прадстаўнік царквы. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава ён пэўны час выкладаў рускую мову і літаратуру студэнтам.
Тут хачу ўзгадаць прэзентацыю кнігі настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Мінска Л.А.Кушняровай “Біблейскія вобразы і матывы ў школьным курсе рускай літаратуры”. У кнізе аб’яднаны практычны вопыт выкладання школьнага курса рускай літаратуры і спецкурса “Дзіцячая Біблія. Асновы хрысціянскай маральнасці”.
Быў таксама праведзены круглы стол “Пытанні энергазберажэння ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Праблемы і перспектывы”. На гэтым мерапрыемстве сабраліся спецыялісты, паміж якімі разгарнулася гарачая дыскусія. Улічваючы тое, што сёлетні год аб’яўлены Годам беражлівасці, пытанні, узнятыя падчас мерапрыемства, асабліва актуальныя.
15 мая нас наведаў чалавек незвычайнага лёсу — знакаміты шведскі пісьменнік, музыкант, гумарыст, публічны дзеяч Юнас Хельгесан. Гэтую сустрэчу нам дапамагло арганізаваць дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Свет без межаў”. Юнас захварэў на цэрэбральны параліч, прысуд яму быў — інвалідная каляска, але ён пераадолеў выпрабаванні лёсу і стаў паспяховым і паўнацэнным членам грамадства.
БПТ наладжвае ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі замежнай адукацыі. Так, у рамках рэалізацыі праграмы “Беларуская адукацыя ў сусветным кантэксце” — сустрэчы з замежнымі вучонымі” прайшлі сустрэчы з вядучымі спецыялістамі ЗША ў галіне правоў дзіцяці. У тым ліку і з аўтарам 10-крокавага алгарытму апытання дзіцяці, якое стала ахвярай ці сведкам злачынства, Томасам Лаёнам.
Па ініцыятыве секцыі беларускай мовы і літаратуры ладзіўся дзень беларускай мовы. Я лічу, што гэта прадмет нашай гордасці.
Адметна, што сярод мерапрыемстваў былі і незапланаваныя. Як, напрыклад, удзел у семінары-акцыі “Будучым педагогам — прафесіяграмы настаўніка”, які праходзіў на базе НДЦ “Зубраня”. Мы не маглі застацца ўбаку ад такой важнай праблемы, як прафарыентацыя моладзі на педагагічныя прафесіі.
У чэрвені плануем акцыю “Чужых дзяцей не бывае …” сумесна з Саюзам жанчын, “Беларускай асацыяцыяй шматдзетных сем’яў”, Беларускім таварыствам “Чырвоны крыж”, Рэспубліканскім цэнтрам усынаўлення і аб’яднаннем “Сям’я, яднанне, бацькаўшчына”. У рамках акцыі пройдуць круглыя сталы, дзе будуць вызначацца праблемы, асобна будуць прадстаўляцца напрацоўкі педагогаў па пытаннях аховы дзяцінства.
Яшчэ адно маштабнае мерапрыемства, якое мы плануем правесці да канца года, — педагагічныя чытанні. На гэты раз тэматыку чытанняў плануем звязаць з інавацыйным развіццём адукацыі.

Можаце сказаць, колькі сёння педагогаў у педагагічным таварыстве?
— Іх колькасць пастаянна павялічваецца. Зараз нас прыкладна 600 чалавек. Абавязкова пасля вялікага мерапрыемства з’яўляюцца жадаючыя ўступіць у таварыства.

БПТ ладзіць сваю дзейнасць за сродкі спонсараў. Ці збіраецеся вярнуцца да практыкі членскіх узносаў?
— Я б адказала на гэтае пытанне так: калі мы адчуем, што аўтарытэт БПТ у беларускіх педагогаў дастаткова высокі і яны гатовы без прымусу рабіць узносы, то мы склічам чарговы з’езд і прымем падобнае рашэнне. Ужо зараз ёсць пэўныя групы людзей, якія жадаюць матэрыяльна дапамагаць таварыству. Мы пакуль на гэта не пагаджаемся, бо не жадаем чуць нараканні накшталт “мы тут плацім, а работы не бачым”. Хочацца, каб гучала наадварот: “Таварыства так шмат робіць, чаму б нам не дапамагчы яму?”.
Сёння мы ладзім усе свае мерапрыемствы і арганізоўваем дзейнасць дзякуючы дапамозе спонсараў. І тут я з вялікай павагай і ўдзячнасцю хачу іх назваць. Гэта Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, упраўленне адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.

Галіна Іванаўна, на якія праблемы, на вашу думку, у найбліжэйшы час павінна звярнуць увагу БПТ?
— Адна з найважнейшых праблем — маладыя спецыялісты. Неабходна, каб яны не толькі прыйшлі ў школы, але і засталіся ў ёй, накіравалі ўсе свае намаганні на тое, каб стаць майстрамі сваёй справы. Па гэтым пытанні, безумоўна, ёсць свае планы. Мы шукаем новыя падыходы. Тут вялікае значэнне маюць стасункі з такімі ж маладымі, як ты. І самы аптымальны варыянт — стварэнне клуба. Я памятаю свае першыя крокі ў прафесіі і ведаю, як гэта важна ведаць, што нехта адчувае і перажывае гэткія ж цяжкасці, што ёсць з кім іх абмеркаваць.
Намячаецца стварэнне “Савета прафесараў”, у які ўвойдуць прафесары, што працуюць у сферы адукацыі Беларусі. Мы хацелі б, каб гэта быў дзеючы савет, каб ён рэалізоўваў пэўны комплекс задач, каб патэнцыял вучоных быў адпаведным чынам запатрабаваны. У некаторай ступені мы плануем звязаць дзейнасць гэтага савета з падрыхтоўкай “Беларускай педагагічнай энцыклапедыі”.

Атрымліваецца, што праз педагагічнае таварыства кожны педагог рэспублікі можа сябе праявіць, знайсці сябе…
— Сапраўды так. Я часам думаю: ёсць недзе педагогі, якія з-за асабістай сарамлівасці, альбо іншых акалічнасцей, не ацэнены. У нашага таварыства ёсць эмблема з выявай педагога, які вядзе за рукі дзяцей. Гэта правільна, але калі б была магчымасць, я хацела б дамаляваць педагога, які вядзе за руку калегу. Настаўнікі — гэта асаблівая катэгорыя людзей, якія, як ніхто, маюць патрэбу ў дабрыні, разуменні. Мяркую, калі педагог будзе мець магчымасць рэалізоўвацца ў розных відах дзейнасці ў БПТ, гэта будзе выдатна.
У нас расчынены дзверы для ўсіх ініцыятыў. І самае галоўнае, што нам удалося за гэты год, — педагогі ўбачылі, што ёсць такое аб’яднанне БПТ, што яно дастаткова актыўнае і дзейснае. І сведчанне таму тое, што людзі сталі прыходзіць і казаць: “А вось вы не жадаеце ў педагагічным таварыстве гэта правесці, ці, можаце вы нам дапамагчы…”. Гэта, мабыць і ёсць самае вялікае заваяванне за першы год работы.
У БПТ працуюць людзі, якія любяць сваю работу, любяць педагогаў. Прымусіць сёння каго-небудзь працаваць у грамадскай арганізацыі немагчыма, для гэтага патрэбна іх асабістае жаданне. І мы рады, што такія людзі ёсць.

— Дзякуй вялікі, Галіна Іванаўна, за цікавы расказ пра работу абноўленага БПТ. Жадаем поспеху ў справах і прызнання не толькі ў педагагічнай грамадскасці, а і ўвогуле ў грамадзян Беларусі.

Гутарыла Святлана КІРСАНАВА.

kirsanava@ng-press.by