Аслабленне кантрольнай нагрузкі не прывядзе да ўсплёску парушэнняў

- 10:34Інфармацыйная гадзіна

Упэўненасць у гэтым выказаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў перад першым пасяджэннем Міжведамаснага савета па кантрольнай (нагляднай) дзейнасці.

Больш строгія патрабаванні да правядзення праверак і спагнанне з кантралюючых органаў не адмяняюць іх абавязацельстваў па абароне спажыўца і дзяржавы ад нядобрасумленных пастаўшчыкоў тавараў і паслуг. “З лібералізацыяй кантрольнай дзейнасці нельга дапусціць хаосу. Таму суб’екты гаспадарання, чыя дзейнасць мае патэнцыяльную рызыку, застануцца ў полі зроку кантралюючых і наглядных органаў”, — адзначыў Леанід Анфімаў. Ён падкрэсліў, што замест праверак нагляд можа быць забяспечаны з дапамогай іншых форм работы. “Рэйдавыя мерапрыемствы тэхналагічнага, праверачнага, тэхнічнага характару будуць абавязкова праводзіцца. Я не думаю, што з аслабленнем кантрольнай нагрузкі на прадпрыемствы будзе ўсплёск парушэнняў заканадаўства”, — сказаў кіраўнік КДК.

Міжведамасны савет па кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ўтвораны пры КДК у адпаведнасці з Указам № 376 “Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці”. Старшынёй гэтага калегіянальнага органа з’яўляецца Леанід Анфімаў, у склад увайшлі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, Генпракуратуры, шэрага міністэрстваў і дзяржорганаў, а таксама бізнес-супольнасці.

Сярод асноўных задач савета — аналіз стану кантрольнай (нагляднай) дзейнасці і распрацоўка прапаноў па павышэнні яе эфектыўнасці, зніжэнне праверачнай нагрузкі на суб’екты гаспадарання, укараненне перадавога замежнага вопыту ў гэтай сферы. “Галоўная задача савета ў тым, каб прынятыя дакументы па разняволенні дзелавой ініцыятывы не абраслі падзаконнымі актамі, рэкамендацыямі, растлумачэннямі і іншым, што поўнасцю сказіць сутнасць указа № 376. Наша функцыя — не дапусціць гэтага”, — падкрэсліў Леанід Анфімаў.