Атрады чысціні

- 10:57Нам пішуць

Новай формай летняй занятасці вучняў Варнянскай ясляў-саду — сярэдняй школы сталі студэнцкія атрады, сфарміраваныя Астравецкім раённым камітэтам БРСМ. 18 выпускнікоў-дзевяцікласнікаў і 2 педагогі ўвайшлі ў склад двух такіх атрадаў.

Першы з іх (кіраўнік А.Ч.Бумбуль) працаваў у Катлоўскім лясніцтве. Дзейнасць членаў студатрада была накіравана на добраўпарадкаванне тэрыторыі каля будынка лясніцтва. Другі студэнцкі атрад (кіраўнік Ю.С.Кулеш) дыслакаваўся ў Варнянскім лясніцтве. Кожны дзень новы ляснік вёў лесаводаў на свой участак, дзе падлеткі збіралі, а потым утылізавалі смецце.

Якіх толькі “цікавых” знаходак не прайшло праз працавітыя рукі вучняў: і дываны, і тэлевізары, і посуд, і адзенне з абуткам … Прыкра рабілася на душы ад узроўню экалагічнай культуры людзей, калі сярод чарнічніку і сунічніку, як волаты, перад вачамі дзяцей з’яўляліся сапраўдныя сметнікі. Абурэнню, здаецца, не было канца, але, як кажуць, вочы бачаць, а рукі робяць. Паракіці, Едаклані, Беразоўка, Газа, Трокенікі — гэта толькі невялікі пералік вёсак, у лясных зонах якіх стала значна чысцей агульнымі намаганнямі членаў студэнцкага атраду і работнікаў лясной гаспадаркі.

Работа ў студэнцкім атрадзе мела і прафесійную накіраванасць: вучні не толькі змаглі папрацаваць лесаводамі, але і пачуць шмат цікавай інфармацыі пра мёртвую драўніну — неабходны кампанент жывога лесу, пра сакрэты арыентавання па сонцы, а таксама сталі сведкамі ўстаноўкі камеры відэаназірання ў лесе.

Хочацца верыць, што студатрадаўцы (яны ж актыўныя члены школьнага лясніцтва “Лесавічок”) цвёрда ўсвядомілі, што лес — гэта не толькі крыніца энергіі, эмацыянальнага супакаення, месца адпачынку, але і каштоўны рэсурс, створаны прыродай, і яго забруджванне прыводзіць да сур’ёзных парушэнняў экалагічнай раўнавагі.

На развітанне ляснічы Варнянскага лясніцтва А.А.Карнелік сказаў: “За сваю працу вы, несумненна, заслужылі самую высокую адзнаку. Даўно мне не даводзілася бачыць такога энтузіязму і настойлівасці ў рабоце, чуць такія дасціпныя пытанні. Бацькі і педагогі могуць вамі ганарыцца. Спадзяюся, што наступным летам мы працягнем плённае і карыснае супрацоўніцтва!”

Юлія КУЛЕШ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры.