Атрымалі высокія ўзнагароды

- 15:33Нам пішуць

Навучэнкі сярэдняй школы № 8 Магілёва Алена Манкевіч і Марыя Яцкевіч прынялі ўдзел у конкурсе навукова-даследчых і творчых работ “Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў”, прымеркаванага да Года культуры. У намінацыі “З гісторыі родных мясцін” яны расказалі пра жыццё і дзейнасць свайго знакамітага земляка Мікалая Яцкова і прадставілі на конкурс навукова-даследчую работу “Пясняр зямлі прыдняпроўскай”.

Нас вельмі ўразіла, што Мікола Яцкоў з’яўляецца аўтарам музыкі афіцыйна зацверджанага гімна Магілёва. Ён кампазітар-песеннік ад Бога. Яго музыка — музыка душы, якая захапляе, зачароўвае, прымушае думаць і суперажываць, радавацца і плакаць. Такіх кампазітараў зараз мала. Яго песні ўвайшлі ў рэпертуар народнага артыста Беларусі Мікалая Скорыкава, заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Нэлі Багуслаўскай, Надзеі Мікуліч, Леаніда Нікольскага. Іх выконваюць Уладзімір Ухцінскі, Збыслаў Белы, ансамбаль “Люба-Дорага”. Песні М.Яцкова таксама ўключаліся ў канцэртныя праграмы дзяржаўнага аркестра эстраднай і сімфанічнай музыкі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Творца выпусціў кампакт-дыскі “Пуцяводная ніць”, “Успомніце хоць раз”, “Мае сны без цябе пустыя”, “Знічка”, “Вароты”, “Не баюся я цябе страціць”, напісаў больш за 1000 песень на вершы беларускіх паэтаў, выпусціў некалькі песенных зборнікаў. Песні Мікалая Адамавіча друкаваліся ў шматлікіх выданнях, аўтарскіх зборніках Васіля Карпечанкі “Толькі з табою”, Генадзя Рыкоўскага “Лісце клёнаў залатое” і “Зорны россып”, Віктара Сухарава “Ненапісаная карціна”, Івана Цітаўца “Ёсць любоў у мяне”, Сяргея Панізніка “Дабравест”, Надзеі Салодкай “Апошняя квадра”.

На пачатку снежня у Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу “Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў”. Мерапрыемства праводзіла галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Зоя Іванаўна Падліпская. Нашы навучэнкі Алена Манкевіч і Марыя Яцкевіч былі адзначаны дыпломамі ІІІ ступені, а настаўнікі беларускай мовы і літаратуры С.А.Грахольская і С.М.Рабава — граматамі. Таксама кожнаму пераможцу быў уручаны падарунак — кніга пісьменніка, даследчыка, лаўрэата спецыяльнай прэміі прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва А.В.Статкевіч-Чабаганава ”Я — сын ваш” з аўтарскім подпісам і кніга “Беларуская мова. Тэсты” Л.І.Пшанічнай.

Напрыканцы сустрэчы пераможцаў павіншавала паэтэса і спявачка Вольга Патрый. Яна выканала тры песні са свайго рэпертуару. Для вучняў была арганізавана экскурсія па музеі.

Святлана ГРАХОЛЬСКАЯ;
Святлана РАБАВА,
настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 8 Магілёва.