Авацыі для інавацый

- 11:34Навука і інавацыі

Вось ужо восем гадоў запар вясна пачынаецца з раскрыцця галоўнай інтрыгі для маладых вынаходнікаў нашай краіны — з фіналу Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Сёлета з больш як дзвюх тысяч інавацыйных праектаў у фінал выйшлі 107, а ўжо з іх былі выбраны 20 лепшых у 10 намінацыях. Традыцыйна арганізатар конкурсу — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Падчас выставы.

Кульмінацыя барацьбы ў сферы інавацый разгортвалася ў бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій. У склад экспертнага савета ўвайшлі супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі профільных суб’ектаў гаспадарання, пераможцы конкурсу “100 ідэй для Беларусі” мінулых гадоў, прадстаўнікі бізнес-супольнасцей і інш. Яны ацэньвалі актуальнасць і навізну ідэі, яе практычную значнасць, а таксама рэальнасць рэалізацыі конкурснага інавацыйнага праекта.

Ускладніць выбар журы пастараліся ўсе фіналісты, прадставіўшы годныя ідэі. Але ў выніку дваццатка пераможцаў склалася наступным чынам.

У намінацыі “Бія- і нанаіндустрыя” пераможцай стала старшы навуковы супрацоўнік Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі Ганна Палешка, прадставіўшы сваю калекцыю індукаваных плюрыпатэнтных стваловых клетак, атрыманых ад пацыентаў з рэдкімі генетычнымі захворваннямі. Гэта інавацыйная мадэльная тэст-сістэма для вывучэння механізма ўзнікнення розных захворванняў. Калекцыя вырашыць праблему падбору ахарактарызаваных ліній пры стварэнні і тэсціраванні лекавых прэпаратаў, новых пратаколаў лячэння, заснаваных на выкарыстанні генных тэхналогій, каб персаналізаваць тэрапію цяжкавылечных захворванняў чалавека.

У намінацыі “Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі” перамаглі аўтарскі калектыў у складзе навучэнцаў філіяла БДУІР “Мінскі радыётэхнічны каледж” і студэнтаў БДУІР з праектам “Мабільны навігатар для лю­дзей з інваліднасцю INVO”, які дапамагае пракласці маршрут у горадзе з улікам безбар’ернага асяроддзя, і навучэнец Слуцкага дзяржаўнага каледжа Дзяніс Катляроў з праектам NeuroLife.

Уладзіслаў Буко.

“NeuroLife — гэта віртуальны інтэлектуальны памочнік, які выяўляе і вырашае індывідуальныя псіхалагічныя праблемы, а таксама кантралюе паказчыкі фізічнага і псіхалагічнага здароўя чалавека. Дзякуючы выкарыстанню тэхналогіі штучнага інтэлекту, віртуальны памочнік здольны саманавучацца і весці гутарку з чалавекам, выкарыстоўваючы інтэграцыю з сэрвісам “Яндэкс.Аліса”, — тлумачыць Дзяніс Катляроў.

Малодшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Ганна Шчаюк распрацавала праект “Даследаванне малекулярна-генетычных асаблівасцей патагенезу нядрабнаклетачнага раку лёгкага” і стала лепшай у намінацыі “Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка”. У намінацыі “Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія” адзначаны: навучэнец гімназіі № 40 Мінска Кірыл Варашуха, які навучыўся атрымліваць духмяныя рэчывы з жывічнага шкіпінару, і навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Таццяна Глявіцкая за праект “Smart-мембраны для харчовай прамысловасці”.

У намінацыі “Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць” ажно 4 пераможцы: навучэнец каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе РІПА Арцём Новікаў з праектам “Мехатронная станцыя на базе ATmega2560”, навуковы супрацоўнік НАН Беларусі аўтар праекта “Прылада прэцызійнага УФ-экспанавання” Павел Бегуноў, майстар вытворчага навучання Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Арцём Крывапуст з праектам “Бустар для прамывання радыятараў і цеплаабменнікаў ППУ-5  “Цунамі”, а таксама электрамеханік Гомельскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Арцём Базараў, аўтар праекта “Аднаўленне працаздольнасці прыёмных кап­сул КТСМ-01Д”.

У намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі вытворчасці” пераможцамі сталі навучэнец сярэдняй школы № 11 Наваполацка Ула­дзіслаў Буко, які з канструктара LEGO стварыў аграробата для пасадкі насення, робатызаваную платформу для перавозкі сельскагаспадарчых грузаў і робата для апрацоўкі раслін ад шкоднікаў, і старшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Людміла Сакалоўская з праектам “Інавацыйныя тэхналогіі вытворчасці згушчаных малочных кансерваў з паніжаным утрыманнем дыцукрыдаў”.

“У маёй згушчонцы напалову зніжана ўтрыманне цукру і ў 10 разоў — лактозы, што дазволіць ласавацца ёй людзям з пэўнымі захворваннямі. Мы плануем зрабіць нашу згушчонку поўнасцю безлактознай. Гэтага ўдалося дасягнуць дзякуючы таму, што ў аснове нашай згушчонкі не малако, а малочная сыроватка, каштоўная сваімі незаменнымі амінакіслотамі. І таму яна больш карысная, значна таннейшая, а па смаку нічым не ўступае прывычнай”, — тлумачыць Людміла Сакалоўская.

Таццяна Глявіцкая.

У намінацыі “Нацыянальная бяспека і абараназдольнасц­ь, абарона ад надзвычайных сітуацый” лепшымі прызнаны ад’юнкт Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Аляксей Ліхаманаў з праектам “Пенныя арашальнікі з полілактыду для аўтаматычных установак пажаратушэння” і аўтарскі калектыў Краснапольскай дзяржаўнай гімназіі, які стварыў прыладу для абароны кацельні прыватнага жылога дома.

“Наша вынаходніцтва ўключае ў сябе асноўныя датчыкі абароны ад аварый у кацельні прыватнага дома: працёку вады, задымлення, пранікнення чаднага газу. Дзякуючы кампактнасці і прастаце ўстаноўкі і зборкі, прылада будзе мець самую нізкую цану сярод аналагічных тавараў на рынку”, — тлумачыць навучэнец гімназіі Раман Новікаў.

У намінацыі “Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка і энергаэфектыўнасць” адзначана курсант Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Ксенія Цярэшчанка за праект “Fuzzу-рэгулятары” ў энергаэфектыўным кіраванні электрапрыводамі пастаяннага току”, а таксама аўтарскі калектыў супрацоўнікаў філіяла “Вучэбны цэнтр” РУП “Віцебскэнерга” — аўтары праекта “EnergyBox. Бяспечная разетка з пашыраным функцыяналам”.

 У намінацыі “Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера” пераможцамі сталі малодшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі аўтар праекта “Электронны атлас “Загойванне поўнаслаёвай скурнай раны: мікраанатомія і гісталогія” Аляксей Бакуновіч і курсант Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Кірыл Дрозд за праект “Дзейнасць па аднаўленні памяці ў кантэксце патрыятычнага выхавання моладзі”. Падзялілі з імі перамогу педагог-арганізатар сярэдняй школы № 35 Гродна Настасся Ханько з праектам “Цёплыя кнігі” (тэкстыльныя кнігі для дзяцей з парушэннямі зроку) і навучэнец Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа аўтар праекта “Электронны флікер для веласіпедыстаў” Павел Трыфалаў.

“Наш флікер на батарэйках, таму ён не толькі святлом пазначае веласіпедыста, які знаходзіцца на праезнай частцы падчас руху, але і абсталяваны паказальнікамі павароту і “стоп-сігналу”. Такім чынам, шансы, што веласіпедыст будзе заўважаны, павялічваюцца ў шмат разоў. А кіраванне флікерам ажыццяўляецца з дапамогай дыстанцыйнага пульта, які мацуецца на руль веласіпеда”, — тлумачыць Павел Трыфалаў.

Моладзь Баранавіцкага дзяржуніверсітэта штогод прымае ўдзел у гэтым конкурсе і заўсёды годна прадстаўляе свой горад. Так, сёлета з БарДУ Аляксей Дыкман і Карына Кобрын са сваім праектам “Прафарыентацыя: версія 2.0” былі прызнаны аднымі з лепшых і атрымалі спецыяльны прыз ад ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” — ноўтбук. Яшчэ на міжрэгіянальным этапе іх крэатыўны стартап атрымаў прызнанне журы. Ужо тады аўтарам прапанаваў супрацоўніцтва дырэктар Баранавіцкага бізнес-інкубатара Руслан Асадулаеў.

Юлія Сцяфняк, Наталля Сусько.

Спецыяльны прыз ад ЗАТ “БеСТ” атрымала Юлія Гапановіч, навучэнка Грыцкевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Нясвіжскага раёна, якая сканструявала цяпліцу з міні-кругаваротам вады і электраградкай. Юлін праект прысвечаны праблеме стымулявання росту і развіцця раслін, а таксама пошукам спосабу яе вырашэння, каб не наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю. У рабоце праведзены доследы, якія даказалі станоўчы ўплыў электрычнага току і міні-кругавароту вады ў цяпліцы на рост, развіццё і ўраджайнасць таматаў.

Пра тое, як прымусіць сваю ідэю прыносіць даход іх аўтарам і як атрымаць патэнты на свае распрацоўкі, фіналістам расказалі прадстаўнікі Асацыяцыі абароны інтэлектуальнай уласнасці “БелБрэнд” падчас правядзення майстар-класаў.

Усе фіналісты атрымалі імянныя сертыфікаты ўдзельнікаў конкурсу “100 ідэй для Беларусі” і сувеніры, а пераможцаў чакалі каштоўныя прызы ад партнёраў праекта. Акрамя таго, па рашэнні экспертнага савета гэтага конкурсу дзесяц­ь лепшых праектаў атрымалі гранты на распрацоўку бізнес-планаў для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў.

Як адзначыў першы сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк, фінал не азначае заканчэнне конкурсу. “Мы ўсяго толькі падвялі вынікі за мінулы год. Але ўжо сёння думаем, чым можам дапамагчы аўтарам заўтра, як далей суправаджаць іх распрацоўкі. І тут нам аказвае падтрымку Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства адукацыі і многія іншыя структуры. Мы ўпэўнены, што самае важнае — падтрымаць ініцыятывы, якія ёсць у моладзі, усё тое, што зара­джаецца ў школе, ва ўніверсітэце або на працоўным месцы. Для нас усе  фіналісты — пераможцы, і іх ідэі заслугоўваюць увагі”, — падагульніў Дзмітрый Варанюк.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.