Бабулі — верныя сяброўкі

- 12:26Навіны рэгіёнаў

Якасць дашкольнай адукацыі залежыць ад узроўню прафесійнай кампетэнтнасці выхавальнікаў і педагагічнай культуры бацькоў. Толькі ў цесным узаемадзеянні педагогаў і сям’і можна дасягнуць станоўчых вынікаў у выхаванні дзяцей. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць не толькі мамы і таты, але і бабулі і дзядулі, гатовыя заўсёды дапамагчы, навучыць і падтрымаць. На жаль, даволі часта яны застаюцца ў цені. Педагогі нашай дашкольнай установы выправілі гэтую сітуацыю, арганізаваўшы клуб бабуль, дзе запатрабаваны іх аўтарытэт, энтузіязм і неўтаймоўная энергія.

Усё пачалося ў 2015 годзе, яшчэ да адкрыцця дзіцячага сада № 2 Давыд-Гарадка. Менавіта бабулі будучых выхаванцаў актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні эстэтычнага выгляду ўстановы і добраўпарадкаванні яе тэрыторыі. Высаджвалі кветкі, прыносілі ў міні-музей сурвэткі ручной работы. Пасля адкрыцця ўстановы бабулі не перасталі цікавіцца яе жыццём: разам з унукамі з вялікім задавальненнем ладзілі заняткі лялечнага гуртка і творчыя высты. Так узнікла ідэя стварыць клуб бабуль “Нашы верныя сяброўкі — супербабулькі”.

Мэта клуба — далучыць старэйшае пакаленне да дзейнасці дзіцячага садка, узмацніць роднасныя сувязі паміж старэйшым і малодшым пакаленнем, выхаваць у дзяцей павагу і любоў да сваіх бабуль і дзядуляў. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі клуба сталі А.К.Семянюк, Н.М.Бразоўская, Н.Г.Кецька, С.А.Раўкач і З.Д.Пліева, у якіх заўсёды шмат ідэй па тэматыцы і арганізацыі сустрэч. Кожная з іх — гэта свята, напоўненае ўсмешкамі і радасцю. Пасяджэнні клуба прысвечаны розным тэматычным і каляндарным дням. Бабулі ладзяць цікавыя майстар-класы “Лялька — абярэг для ўнукаў”, “Гульня і цацкі ў жыцці дзяцей”, “Кветкі ў нашым жыцці” і інш.

Падчас сустрэч іх удзельнікі расказваюць пра сваё дзяцінства, любімыя гульні і заняткі ў вольны час, даюць парады ўнукам. У сваю чаргу дзеці дораць бабулям вершы, музычныя і танцавальныя нумары.

Кожная сустрэча завяршаецца сумесным выкананнем гімна клуба і частаваннем пірагамі з чаем. Нашым бабулям усё пад сілу: і вытанчаны італьянскі дэсерт, і шыкоўны макавы рулет, і пяшчотная шарлотка з райскімі яблычкамі.

“Прыемна, што нас памятаюць і любяць”, — гавораць бабулі. Гэтыя словы педагога — лепшая ўзнагарода за іх дзейнасць.

Алена СІМАНОВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2
Давыд-Гарадка Столінскага раёна.