Бачыць шчаслівыя вочы дзяцей

- 12:41Людзі адукацыі

“Сваёй галоўнай задачай лічу аказанне максімальна кампетэнтнай дапамогі дзецям з АПФР, якія адчуваюць значныя і ўстойлівыя або часовыя цяжкасці ў засваенні вучэбных праграм, — гаворыць настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 3 імя В.М.Усава Гродна Іна Барыславаўна Фралова. — За 30 гадоў педагагічнай дзейнасці ні адзін дзень у школе і ні адны мае заняткі не паўтарыліся. Але самае прыемнае ў маёй прафесіі — калі ты бачыш станоўчы вынік уласнай працы, шчаслівыя вочы дзяцей і бацькоў, чуеш чыстае маўленне вучняў”.

Калі ў Іны Барыславаўны цікавяцца, чаму яна выбрала прафесію педагога, яна заўсёды згадвае пра сваю першую настаўніцу, якая цярпліва, настойліва, творча і з вялікай любоўю вяла сваіх вучняў па дарозе ведаў. Але канчатковы выбар дапамагла зрабіць калега Таццяна Леанідаўна Віненка, з якой Іна Фралова працавала ў лагапедычнай групе дзіцячага сада, штодня назіраючы за тым, як вопытны педагог дапамагала дзецям з маўленчымі парушэннямі. 

Іна Фралова скончыла Гродзенскае педагагічнае вучылішча, працавала выхавальніцай у дзіцячым са­дзе № 74 Гродна. Пасля заканчэння педагагічнага інстытута сваю прафесійную дзейнасць працягнула ўжо як настаўнік-дэфектолаг у сярэдняй школе № 3 імя В.М.Усава Гродна.

“Ніколі не пашкадавала пра прафесійны выбар, — гаворыць Іна Барыславаўна. — Люблю сваю прафесію, таму што яна шматгранная, вельмі цікавая і творчая, не дае спыніцца ў сваім развіцці, прымушае працаваць над сабой. Спецыфіка маёй работы прадугледжвае наяўнасць шырокага спектра ведаў: ты павінен разбірацца ў педагогіцы, псіхалогіі і медыцыне. Заўсёды шмат часу з задавальненнем трачу на пошук новага і незвычайнага, каб даступна данесці матэрыял, захапіць дзяцей. Вывучаю змест педагагічных сайтаў, наведваю інтэрнэт-курсы, вэбінары вядучых спецыялістаў дэфекталогіі”.

На пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі займаюцца навучэнцы з шырокім спектрам парушэнняў. Прыкладна 20—25% першакласнікаў прыходзіць у школу з парушэннямі вуснага маўлення рознага характару. Нароўні з парушэннямі фанетычнага боку маўлення дзеці маюць іншыя маўленчыя цяжкасці (гукавымаўлення, фанетыка-фанематычныя, лексіка-граматычныя і сінтаксічныя). Іна Барыславаўна штогод праводзіць аналіз стану пісьмовай мовы вучняў і выяўляе, што дысграфія і дыслексія з’яўляюцца прычынай непаспяховасці прыкладна 25% навучэнцаў пачатковых класаў. Навучэнцы з такімі парушэннямі робяць значную колькасць спецыфічных памылак. Маўленчыя адхіленні аказваюць вялікі ўплыў на псіхалагічны стан дзіцяці, у іх з’яўляюцца цяжкасці ў зносінах з аднагодкамі. 

Ад ступені выяўленасці маўленчых парушэнняў, індывідуальных асаблівасцей вучняў залежыць і працягласць аказання карэкцыйнай дапамогі на ПКПД (1 год, ра­дзей — 2 гады — пры ўскладненым парушэнні).

У рабоце Іна Барыславаўна выкарыстоўвае тэхналогію паэтапнага фарміравання разумовых дзеянняў, здароўезберагальныя тэхналогіі. У рамках групавых, падгрупавых і індывідуальных заняткаў педагог праводзіць комплекс аздараўленча-карэкцыйнай работы з дзецьмі, які ўключае ў сябе мышачную рэлаксацыю, дыхальную, артыкуляцыйную і пальчыкавую гімнастыку, практыкаванні на развіццё вышэйшых псіхічных функцый (увагі, памяці, мыслення), фізкультхвілінкі, практыкаванні для прафілактыкі праблем са зрокам, лагарытміку.

Паспяховасць карэкцыйна-педагагічнай дзейнасці адлюстроўваецца ў штогадовых выніках выпускных камісій. У сярэднім больш за 63% навучэнцаў выпускаюцца з ПКПД з узроўнем развіцця маўлення, адпаведным узросту, астатнія — з паляпшэннем.

Практычны вопыт педагагічнай дзейнасці Іны Барыславаўны Фраловай быў абагульнены і сістэматызаваны ў метадычных дапаможніках “Выкарыстанне апорных схем пры карэкцыі дысграфіі” (2006 год), “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне навучэнцаў з цяжкасцямі ў навучанні” (2010 год) для студэнтаў спецыяльнасцей “Алігафрэнапедагогіка. Лагапедыя”, “Псіхалогія”, рэкамендаваных для выкарыстання Міністэрствам адукацыі. Зараз Іна Барыславаўна дзеліцца напрацоўкамі з калегамі, пачынаючымі настаўнікамі-дэфектолагамі, са студэнтамі факультэта тэорыі і методыкі спецыяльнай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, право­дзіць майстар-класы па праблемах карэкцыі вуснай і пісьмовай мовы ў вучняў пачатковых класаў на пася­джэннях метадычных аб’яднанняў горада, раёна.

У 2016/2017 навучальным го­дзе педагог прымала ўдзел у рэалізацыі эксперыментальнага праекта Нацыянальнага інстытута адукацыі “Апрабацыя канцэптуальнай мадэлі пераемнасці дашкольнай і I ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Вынікі эксперыментальнай дзейнасці былі ўлічаны пры складанні новага “Буквара” пад рэдакцыяй В.І.Цірынавай. Іна Барыславаўна Фралова неаднаразова ўдзельнічала ў рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх і раённых конкурсах. Яна з’яўляецца членам кваліфікацыйнай камісіі па прыёме кваліфікацыйных экзаменаў пры праходжанні педагагічнымі работнікамі атэстацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі пры Гродзенскім абласным ІРА.

“У рабоце настаўніка шмат стрэсавых сітуацый, — адзначае Іна Барыславаўна, — але кожны чалавек выпрацоўвае свой спосаб барацьбы з імі. Для мяне гэта — зносіны з сябрамі, аднадумцамі, прыродай, заняткі рукадзеллем і нейраграфікай”.

Надзея ЦЕРАХАВА.