Сярод багатай палітры выхаваўчай работы, якая праводзіцца з навучэнцамі Мінскай вобласці, асаблівае месца займае грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Клубы, пошукавыя атрады, кадэцкія класы… Іх плённую дзейнасць можна паспяхова разгледзець на прыкладзе Мачулішчанскай сярэдняй школы імя Герояў Савецкага Саюза І.Ц.Удавенкі і М.В.Гаманенкі. З вопытам работы менавіта гэтай установы адукацыі ўдзельнікі прэс-туру азнаёміліся невыпадкова: школа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па грамадзянска-патрыятычным выхаванні Мінскага раёна.
Рэсурсны цэнтр — гэта не проста паняцце, назва, гэта адказнае званне, якое даецца ўстанове адукацыі за высокія дасягненні, багатыя традыцыі, метадычны і практычны вопыт правядзення выхаваўчай работы. І вопыт, і традыцыі, і высокія дасягненні, і багатая гісторыя — усім гэтым па праве ганарыцца Мачулішчанская сярэдняя школа. Ужо амаль 60 гадоў яна славіцца традыцыямі ў сферы патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.
— Імідж сучаснай установы адукацыі — гэта некалькі складнікаў. Галоўным з’яўляецца выхаванне грамадзяніна і патрыёта. Наша школа заснавана ў 1958 годзе. Сёння гэта 784 навучэнцы, якіх вучаць высокапрафесійныя педагагічныя кадры. З першых дзён сваёй дзейнасці школа славіцца традыцыямі ў сферы грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Гэты кірунак з’яўляецца для нас па-ранейшаму прыярытэтным. Адметнымі рысамі створанай у школе мадэлі грамадзянска-патрыятычнага выхавання з’яўляюцца яе цэласнасць і сістэмнасць, якая ахоплівае ўсе этапы школьнай адукацыі з 1 па 11 клас. Нават афармленне школьнага будынка прадумана такім чынам, каб усё было прасякнута атмасферай патрыятызму. Першы паверх прысвечаны гісторыі школы, яе дасягненням. Другі паверх мае ваенна-патрыятычную накіраванасць, тут знаходзіцца музей баявой славы адкрытага тыпу. Трэці паверх прысвечаны народнаму побыту, тут размешчаны этнаграфічны музей таксама адкрытага тыпу. Калі прайсці па калідорах школы, то можна атрымаць дастатковую інфармацыю пра асаблівасці сістэмы патрыятычнага выхавання, — расказвае дырэктар школы Марыяна Давідаўна Давыдава.
У кожнай паралелі, пачынаючы з 5 класа, створаны класы для профільнай падрыхтоўкі навучэнцаў па ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Школа заўсёды цесна супрацоўнічала з воінскімі часцямі. У 2005 годзе была заключана дамова пра сумесную работу з Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь. Сёння работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ажыццяўляецца праз рэалізацыю праекта “Я — грамадзянін Беларусі”.
У рамках праекта праводзіцца шэраг традыцыйных мерапрыемстваў. У 2012 годзе створаны савет сяброў школы, у які ўваходзяць прадстаўнікі 50-й змешанай авіябазы, раённага, пасялковага савета ветэранаў, Беларускіх саюза афіцэраў і саюза ветэранаў вайны ў Афганістане.
Ядром усёй работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні з’яўляецца музей баявой славы адкрытага тыпу, у якім праводзяцца найбольш значныя мерапрыемствы школы і гарадскога пасёлка. Экскурсію для навучэнцаў праводзяць вучні, члены савета музея. У тым, што гэта ў іх атрымліваецца не горш, чым у прафесійных экскурсаводаў, мы з калегамі пераканаліся падчас прэс-туру. Экскурсія была аглядная, аднак па ўзроўні эмацыянальнага ўздзеяння сумяшчала ў сабе некалькі тэматычных. Пачаўся аповед экскурсаводаў з інфармацыі пра людзей, чые імёны з 1965 года носіць школа. Гэта Іван Цімафеевіч Удавенка і Мікіта Васільевіч Гаманенка. А галоўнымі экспанатамі, якія выдатна перадаюць атмасферу бою падчас пераправы нямецкіх войск праз Дняпро (падчас бою 28 жніўня 1941 года члены экіпажа атрымалі званне Герояў Савецкага Саюза), з’яўляецца дыярама “Таран у небе над Дняпром” і карціна “Таран на Дняпры”.
— Дыярама адлюстроўвае гераічны подзвіг Удавенкі і Гаманенкі, якія прынялі рашэнне ісці на таран падчас варожай пераправы. Іван Цімафеевіч і Мікіта Васільевіч былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Радыст Карпаў быў узнагароджаны ордэнам Леніна, а паветраны стралок Булатаў ордэнам Чырвонага Сцяга. Яны былі аднымі з першых, хто паўтарыў подзвіг экіпажа Гастэлы. Акрамя таго, у нашым музеі захоўваюцца 19 партрэтаў Герояў Савецкага Саюза, авіятараў 121-га гвардзейскага авіяцыйнага палка, які базіраваўся ў Мачулішчах. Цяпер каля пасёлка знаходзіцца 50-я змешаная авіяцыйная база, — паведамляе кіраўнік музея Святлана Міхайлаўна Сізова.
На базе рэсурснага цэнтра плённа дзейнічае творчае аб’яднанне класных кіраўнікоў кадэцкіх класаў “Перспектыва” і бацькоўскі клуб татаў. Сярод асноўных форм работы, якія прапануе рэсурсны цэнтр, групавыя і індывідуальныя кансультацыі для педагогаў раёна. Групавыя кансультацыі прысвячаюцца асаблівасцям выкладання факультатыўных курсаў “Мая Айчына” (5—7 класы), “Школа абаронцы Айчыны” (10—11 класы) і асаблівасцям арганізацыі заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах “Юны патрыёт”. Яшчэ адна група кансультацый накіравана на намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце і класных кіраўнікоў. Мачулішчанскія педагогі гатовы падзяліцца з кожным зацікаўленым сваім вопытам па героіка-патрыятычным і ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў, развіцці сацыяльнай актыўнасці вучняў, у тым ліку праз дзейнасць дзіцячых грамадскіх арганізацый, музейна-педагагічную дзейнасць.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.