Барацьба з глабальнай пагрозай

- 11:26Навіны рэгіёнаў

ВІЧ застаецца сур’ёзнай пагрозай жыццю і здароўю чалавецтва. У барацьбе з ім адна з найбольш дзейсных мер — прафілактыка. Прафілактычнай рабоце з найбольш уразлівай групай насельніцтва — падлеткамі — прысвечаны рэспубліканскі праект па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, які стартаваў на Міншчыне. Ён рэалізоўваецца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, абласных і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА ў сацыяльным партнёрстве з прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН “ЮНІСЕФ” у Рэспубліцы Беларусь.

На Міншчыне ўвагу засяродзілі на навучэнцах устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Спецыялістаў такіх устаноў — педагогаў сацыяльных, педагогаў-псіхолагаў, выхавальнікаў інтэрнатаў — запрасілі на вучэбны семінар па пытаннях кансультавання і тэсціравання на ВІЧ падлеткаў і моладзі, які адбыўся ў Мінскім абласным ІРА.

Удзельнікі мерапрыемства даведаліся пра эпідэміялагічную сітуацыю па ВІЧ у рэспубліцы і Мінскай вобласці, асаблівасцях распаўсюджвання гэтай інфекцыі. Супрацоўнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі набылі навыкі кансультавання, а таксама тэсціравання падлеткаў пры дапамозе экспрэс-тэстаў з мэтай выяўлення груп рызыкі па ВІЧ-інфекцыі.

Далей падрыхтаваныя спецыялісты будуць працаваць на базе сваіх устаноў, інфармаваць моладзь аб праблеме ВІЧ, прапаноўваць прайсці ананімна экспрэс-тэст, у выпадку выяўлення захворвання пераадрасоўваць падлетка ва ўстановы, дзе аказваюць кваліфікаваную дапамогу. Рабіць гэта будуць такім чынам, каб выклікаць давер, а не супрацьстаянне.

Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.