Чужаземным агрэсіўным раслінам пакажуць на выхад
У пачатку 2019 года стартаваў трансгранічны праект “Зніжэнне негатыўнага ўздзеяння чужародных інвазійных відаў раслін на экасістэмы і дабрабыт людзей у памежным літоўска-беларускім рэгіёне”. Яго задача — узяць пад кантроль агрэсіўных чужаземцаў (усяго вызначана 20 інвазійных відаў), выпрацаваць методыку барацьбы з імі і стварыць устойлівую сістэму, каб папярэдзіць іх распаўсюджванне ў рэгіёне.
Аб першых выніках праекта нам расказаў Алег СОЗІНАЎ, доктар біялагічных навук загадчык кафедры батанікі факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы.
Супраць прыроднага бедства — разам
— Укараненне (інвазія) агрэсіўных чужародных відаў з’яўляецца глабальнай экалагічнай і сацыяльна-эканамічнай праблемай у свеце, — тлумачыць Алег Віктаравіч. — Інвазійныя віды выцясняюць мясцовыя віды раслін і жывёл, мяняюць і знішчаюць традыцыйныя экасістэмы, наносяць значны эканамічны ўрон краінам і ўяўляюць небяспеку для здароўя людзей. Прадухіленне біялагічных інвазій і змякчэнне іх наступстваў з’яўляецца абавязкам усіх дзяржаў, якія ў 1992 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра падпісалі Канвенцыю аб біялагічнай разнастайнасці. Аднак усе дзеянні ў гэтай галіне эфектыўныя толькі ў міжнародным супрацоўніцтве, бо інвазійныя віды не прызнаюць дзяржаўных меж.
Згаданы праект рэалізоўваецца беларускімі і літоўскімі грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь Еўрапейскага інструмента суседства на 2014—2020 гг. З нашага боку ў праекце ўдзельнічаюць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Гродзенскага райвыканкама і Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Азёры”. Фінансаванне Еўрапейскага саюза па праекце складае больш як 280 тысяч еўра (650 589,7 руб.).
Мэта праекта — палепшыць кампетэнцыі рэгіянальных і мясцовых органаў улады, а таксама грамадскіх арганізацый, якія дзейнічаюць у галіне аховы прыроды, і павысіць іх здольнасці для барацьбы з прыроднымі і тэхнагеннымі бедствамі, такімі як распаўсюджванне інвазійных відаў раслін.
Інвазійныя (лац. invasio — “нашэсце, гвалтоўны захоп”) чужародныя віды раслін нясуць пагрозу для харчовай бяспекі, здароўя чалавека і жывёл, біяразнастайнасці ў цэлым.
Знайсці і абясшкодзіць
— Асноўныя работы ў рамках праекта ўключаюць інвентарызацыю агрэсіўных відаў, стварэнне дынамічнай базы даных і карт распаўсюджвання відаў, выбар і апрабацыю методык па рэгуляцыі іх колькасці, — расказаў Алег Созінаў.
Так, на першым этапе праекта ўлетку пачалася татальная інвентарызацыя васьмі найбольш небяспечных інвазійных відаў раслін беларуска-літоўскага памежжа (паўночныя тэрыторыі Гродзенскага і Шчучынскага раёнаў Беларусі, Алітускі і Віленскі паветы Літвы). Пад увагу спецыялістаў трапілі клён амерыканскі, ватачнік сірыйскі, эхінацысціс лопасцевы, баршчэўнік Сасноўскага, баршчэўнік Мантэгацы, бальзамін жалезісты, сумнік канадскі і сумнік гіганцкі.
Плошча беларускай тэрыторыі, ахопленай даследаваннямі, складае 1771 км2 і ўключае ландшафтныя заказнікі “Азёры” і “Котра”. Алег Віктаравіч расказаў, што ў аснову палявых работ пакладзены сеткаваты метад. У прамавугольніках (2,4 км на 3,4 км) праводзяцца натурныя пошукі, дзе на кожную знаходку інвазійнага віду расліны афармляецца спецыяльны бланк (у яго ўключаны даныя пра месца знаходжання, месца вырастання і іншая інфармацыя). Усе бланкі і карты сканіруюцца з наступным размяшчэннем у базе даных. Распрацаваны таксама спецыяльны дадатак да смартфона, які дазваляе картаграфаваць і ўносіць апісанні папуляцый, пры гэтым аўтаматычна фіксуюцца каардынаты месца і захоўваюцца фотавыявы знаходак.
— Важна, што картаграфічная і аналітычная работа ажыццяўляецца на геаінфармацыйнай платформе ArcGIS, — гаворыць Алег Созінаў. — Гэта дазваляе аб’яднаць у адзінае цэлае збор палявых даных праз мабільныя прылады, аналіз на персанальным камп’ютары, публікацыю вынікаў у інтэрнэце, а ў далейшым — звязаць даныя інвентарызацыі для ўсёй памежнай тэрыторыі Беларусі і Літвы.
Мой суразмоўца паведаміў, што для падтрымкі палявых работ і наступнага аналізу сітуацыі распрацоўваецца ГІС-праект, у склад якога ўвойдуць усе неабходныя базы даных: месцазнаходжанне чужародных інвазійных відаў раслін, транспартная і энергетычная інфраструктура, населеныя пункты, межы ахоўных прыродных тэрыторый, вадаёмы і вадасцёкі. Усё гэта будзе выкарыстана пры распрацоўцы лічбавай карты, якая забяспечыць органы ўлады і адміністрацыі заказнікаў актуальнай інфармацыяй наконт распаўсюджвання інвазійных відаў раслін.
У рамках праекта створана таксама спецыяльная інтэрнэт-анкета для грамадзян, прызначаная для збору даных аб распаўсюджванні 20 чужародных небяспечных відаў раслін у памежным літоўска-беларускім рэгіёне. Паўдзельнічаць у віртуальным апытанні запрашаюцца ўсе жыхары і госці згаданых тэрыторый. Па спецыяльнай спасылцы https://arcg.is/0Drb1u ці праз QR-код можна адкрыць анкету і пазначыць знаходку. Так, валанцёрам прапаноўваецца пазначыць дату і час назірання, назваць від знойдзенай інвазійнай расліны (свае здагадкі можна зверыць з выявамі, якія змешчаны ў анкеце), ацаніць колькасць інвазійных раслін, назваць месца назірання (для гэтага ў самой анкеце змешчана зручная карта). Прапаноўваецца таксама дабавіць фота знаходкі.
— Дапамога жыхароў дазволіць больш поўна ацаніць узровень інвазіі і распрацаваць эфектыўныя мерапрыемствы па ліквідацыі небяспечных відаў, — заўважыў Алег Созінаў.
“Дарагія госці, ці не перашкаджаюць вам гаспадары?”
— Вядома, інвазійныя віды засмечваюць пасевы, зніжаюць ураджайнасць, псуюць сенажаці, — гаворыць Алег Віктаравіч. — Але, на мой погляд як біёлага, яшчэ большая праблема заключаецца ў тым, што чужаземцы, трапляючы ў натуральныя біятопы — нашы лясы і лугі, мяняюць правілы гульні пад сябе. Успомніце казку “Зайчыкава хатка” — яна якраз пра інвазію (папрасілася лісічка пераначаваць, ды і выгнала зайчыка). Бяда ў тым, што мы можам страціць не проста асобныя віды, а цэлыя экасістэмы. І ўжо ёсць прыклады таго, як з прыходам інвазійных відаў знікаюць натуральныя лясныя экасістэмы, а з імі ж увязана ўсё астатняе: жывёлы, птушкі, мікрасвет — сотні і нават тысячы відаў. Так чужародныя расліны мяняюць напрамкі развіцця цэлых прыродных супольнасцей. І калі з імі не змагацца, можна страціць нашу аўтэнтычную прыроду, якая была тут спакон вякоў.
У інтэрнэт-анкеце можна ўбачыць выявы інвазійных раслін. Вось прыгажун баршчэўнік — калі не ведаць і спрабаваць сарваць духмяны парасонік, то можна дорага заплаціць за гэта: сок расліны на сонцы выклікае моцныя апёкі, і сляды ад іх застаюцца на ўсё жыццё. У кожным парасоніку — некалькі тысяч насення, якое захоўвае ўсходжасць 2—5, а ў шэрагу выпадкаў 10—15 гадоў.
А вось сумнік — прыгожы залацісты меданос. Вельмі жывучы і непатрабавальны, ён змог вырвацца за межы палісаднікаў і цяпер адваёўвае ўсё больш тэрыторый. Вельмі моцны алерген. Адна расліна за сезон прадуцыруе да 100 тысяч насення.
Яшчэ адна агрэсіўная расліна — эхінацысціс лопасцевы (так званы шалёны агурок). Гэта травяністая ліяна, якая, разрастаючыся, узбіраецца на дрэвы і кусты і, нібы дах, закрывае ўсё пад сабой. Натуральна, што без сонечнага святла ўсё ўнізе засыхае.
— Я бачыў цэлыя зараснікі эхінацысцісу і загубленыя ім экасістэмы, — расказвае Алег Віктаравіч. — Змагацца з гэтай раслінай вельмі складана, бо яна часта расце вакол рэчак і каналаў — насенне трапляе ў ваду і разносіцца па вадасцёках. Такія каляводныя расліны нават улічваць няпроста, паспрабуй да іх дабярыся. І касіць цяжка, і гербіцыды прымяняць нельга, бо водаахоўная зона. Зрэшты, у рамках праекта мы набылі дрон і цяпер можам паглядзець, што робіцца ў самых цяжкадаступных месцах. Усе буйныя зараслі эхінацысцісу будуць выяўлены, і мы знойдзем магчымасць да яго падабрацца.
Мой суразмоўца гаворыць, што да кожнай расліны патрэбны індывідуальны падыход. У кожным канкрэтным выпадку трэба вырашаць, што рабіць: скошваць да цвіцення, выкарыстоўваць гербіцыд ці, як, напрыклад, з сумнікам гіганцкім, выкопваць маналіт зямлі разам з магутным карэнішчам, высушваць і спальваць.
— Для кожнага віду і для кожнай тэрыторыі трэба шукаць свой прыдатны спосаб, — тлумачыць Алег Созінаў. — А яшчэ важна як мага больш ведаць пра від: адкуль ён, як паводзіць сябе на радзіме, якія ў яго там натуральныя ворагі, што змянілася для яго на новай радзіме. Напрыклад, на Каўказе баршчэўнік — звычайная, даволі бяскрыўдная расліна, бо там яго распаўсюджванне рэгулюецца натуральным шляхам. А ў нас няма насякомых, якія маглі б паядаць карані, кветкі, насенне баршчэўніку — і нішто не стрымлівае яго буянства.
Экалагічная асвета
— Адна з мэт праекта — экалагічная асвета, — гаворыць Алег Віктаравіч. — У нас жа як бывае: паехаў чалавек кудысьці, убачыў прыгожую расліну — і ўжо цягне дадому насенне ці парасткі. Вядома, фітасанітарны кантроль ніхто не адмяняў, але за кожным жа не ўсочыш, таму патрэбна выхоўваць у грамадзян экалагічнае мысленне. Клопат аб роднай прыродзе павінен быць у галовах людзей. Перш чым прывезці ў краіну новы від (і раслін, і жывёл), трэба думаць над тым, якія патэнцыяльныя пагрозы ён нясе. Калісьці нашы дзяды пісалі дысертацыі пра сельскагаспадарчае значэнне баршчэўніку, а сёння краіна траціць мільёны на барацьбу з ім.
Разам з тым у біёлага няма ілюзіі наконт таго, што чужаземцаў можна перамагчы.
— Работа з інвазійнымі відамі — гэта назаўсёды, — кажа Алег Віктаравіч. — Выкараніць іх цалкам немагчыма. Гэта як барацьба са Змеем Гарынычам: адсячэш адну галаву, а замест яе вырасце яшчэ некалькі. У сувязі з пацяпленнем на нас наступае поўдзень — а гэта таксама экспансія новых відаў. Такія законы прыроды. Таму барацьба з чужароднымі інвазійнымі відамі павінна стаць сістэматычнай, нават руціннай працай — як веснавое прыбіранне ў двары ці штотыднёвае прыбіранне ў доме. Не чакаць распараджэнняў і загадаў на гэты конт, а метадычна рабіць сваю справу.
Не акцыя, а дзейсны інструмент
Алег Созінаў паведаміў, што ў ходзе рэалізацыі праекта будзе распрацавана сумесная стратэгія з планам дзеянняў па прадухіленні далейшага распаўсюджвання інвазійных раслін. А вынікам работы стане пагадненне аб партнёрстве паміж муніцыпалітэтамі Варэны (Літва) і Гродзенскага раёна, што забяспечыць супрацоўніцтва і пасля завяршэння праекта.
— Мы разлічваем, што работа працягнецца і ў будучыні, — гаворыць Алег Віктаравіч. — Немагчыма дапусціць, каб усё звялося да ўзроўню акцыі: паказальна знішчылі нейкую колькасць інвазійных раслін і тэму закрылі. Важна, каб эфект быў доўгатэрміновым.
Таму перад удзельнікамі праекта стаіць задача стварыць пастаянны інструмент для сістэмнай і сінхроннай работы з інвазійнымі відамі. А для гэтага будуць выпрацаваны адзіныя падыходы да іх вывучэння і кантролю.
— Змагацца з пэўным відам толькі ў сваёй краіне, калі гэтым не займаюцца ў суседняй, не мае сэнсу, — заўважыў Алег Созінаў. — Вецер, транспарт, людзі, птушкі — агентаў пераносу насення мноства. Таму плён прынясуць толькі супольныя намаганні, зладжаная работа па агульнай методыцы з абодвух бакоў. Дарэчы, наколькі я ведаю, гэта першы для Беларусі вопыт, калі разам з суседняй краінай пачалі кантраляваць агрэсіўныя віды. І калі ў нас атрымаецца, гэта можа стаць добрым прыкладам для работы ў іншых рэгіёнах.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота з архіва Алега Созінава.