Бацькі і настаўнікі: старая песня на новы лад

- 10:56Выхаваўчая прастора

Педагогіка — навука для ўсіх: і для настаўнікаў, і для бацькоў. Школа дае напрамкі для выхавання, але трэба памятаць, што сям’я прыўносіць у школу свой стыль выхавання. Сёння, як ніколі, актуальныя ідэі аднаўлення статусу сям’і і бацькоў у грамадстве. Але разам з тым бацькоў трэба вучыць быць бацькамі. У адукаваных бацькоў — паспяховыя дзеці і шчаслівая сям’я.

Хочаш выхаваць дзіця — пачні з бацькоў

За гады работы ў школе ў мяне ўжо склалася сістэма работы з бацькамі. У першую чаргу выкарыстоўваю разнастайныя формы работы з бацькамі. Напрыклад, у 1 класе акцэнтую іх увагу на тым, што паміж імі і іх дзецьмі яшчэ ёсць адзінства, а чым старэйшыя дзеці, тым больш неразумення. У гэтым мне дапамагаюць “Урокі сямейнай любові”, распрацаваныя Аленай Уладзіміраўнай Бачавай. Кніга даўно вядомая, але для мяне актуальнай стала толькі зараз. На гэтых уроках дзеці з бацькамі ствараюць эмблемы і гербы сваіх сем’яў.
У 2 класе ва “Урокі сямейнай любові” я ўключаю тэмы “Ці цяжка быць бацькамі?”, “Дзіця — гэта свята, якое пакуль са мной” і інш. Перад кожным з іх абавязкова праводзяцца з дзецьмі ўрокі-разважанні “Які я сын (дачка)?”, “Ці лёгка быць дарослым?”, “Ці лёгка быць бацькамі?”. Падчас гэтых урокаў мы запаўняем анкеты, складаем партрэты ідэальнага дарослага, бацькі, школьніка, сына, дачкі.Тэматыку адной з нядаўніх класных гадзін вызначыла пытанне “Што такое любоў?”. Дзеці выказваліся па гэтым пытанні і прыйшлі да высновы, што любоў мае розныя грані, што без яе жыць нельга, гаварылі пра катастрофу чалавечай маралі, калі любоў знікне зусім. Зроблены відэазапісы выказванняў дзяцей, малюнкі. Працяг — на бацькоўскім сходзе ў другой чвэрці, тэма якога “Сакрэты сямейнай любові”.
Адной з самых эфектыўных пазнавальных форм работы з сям’ёй застаецца бацькоўскі сход. Аднак з вопыту работы мы ведаем, што на непасрэднае правядзенне сустрэч у выглядзе справаздач і павучальных размоў бацькі адгукаюцца неахвотна, што цалкам зразумела. Я знайшла выхад з гэтага становішча ў змяненні форм і метадаў правядзення. Паспрабавала наладзіць зносіны не на маналогу, а на дыялогу. Гэты падыход запатрабаваў больш стараннай і працяглай падрыхтоўкі, але і вынік стаў больш адчувальным.
Падрыхтоўка да бацькоўскага сходу пачынаецца задоўга да яго правядзення. Важную ролю адыгрывае анкетаванне. Для гэтага ў нас працуе паштовая скрыня. Гэта канверты, у якія бацькі могуць класці запіскі са сваімі ідэямі і прапановамі, звяртацца з пытаннямі да спецыялістаў. Зададзеныя пытанні асвятляюцца на бацькоўскіх сходах, становяцца тэмай пасяджэння бацькоўскага клуба, часам спецыялісты адказваюць на іх пісьмова. Да папярэдняй падрыхтоўкі адносяцца таксама выраб памятак, запрашэнняў на сход, афармленне падзяк.Сходы праводжу ў форме дыскусій, круглых сталоў, КВЗ. Часта выкарыстоўваю відэазапісы дзейнасці дзяцей, фрагменты заняткаў, конкурсных выступленняў. У выніку бацькі наведваюць амаль усе бацькоўскія сходы і школьныя мерапрыемствы, збліжаюцца настаўнікі, бацькі і дзеці. Бацькі вучацца правільна дапамагаць дзецям дома, бачаць узровень ведаў, актыўнасць сваіх дзяцей, а паміж настаўнікам і бацькамі знікаюць крыўды і недамоўкі.
Рэгулярна праводзяцца трэнінгі дзіцяча-бацькоўскіх адносін у сям’і пад кіраўніцтвам псіхолага “Пагода ў доме”, “Зразумей мяне”, якія дазваляюць бацькам паглядзець на сябе вачамі дзіцяці, скарэкціраваць погляды некаторых бацькоў на выхаванне ўласных дзяцей. Трэнінгі атрымалі высокую ацэнку бацькоў і карыстаюцца вялікай папулярнасцю.
Кожную чвэрць праходзяць пасяджэнні сямейнага клуба, працуе “Клуб сямейнага чытання”, дзе дзеці і дарослыя дзеляцца адно з адным уражаннямі аб прачытаных дома кнігах.

Па здароўе — разам

Нішто так не збліжае, як сумесная цікавая справа, накіраваная на карысць дзяцей, іх развіццё. Для нас часта такой справай становяцца экскурсіі. Штогод плануецца іх некалькі. Заўсёды першымі памочнікамі ў іх арганізацыі выступаюць бацькі, яны ж з намі і суправаджаюць дзяцей. Зразумела, што без фінансавай бацькоўскай падтрымкі ажыццявіць гэта практычна немагчыма.Як вядома, экскурсіі, акрамя дадатковых звестак, вучаць дзяцей мець зносіны ў калектыве, выказваць свой пункт гледжання, дзяліцца сваім меркаваннем, дзеці самі стараюцца растлумачыць аднакласніку тое, што той не разумее. Галоўнае — дзеці вучацца выказвацца пра адносіны да навакольнага свету, аналізаваць, працаваць разам, дапамагаць іншым. Не менш важна, што побач з імі бацькі — тата і мама, з якімі так проста дзяліцца сваімі ўражаннямі. Лічу арганізацыю экскурсій сумесна з бацькамі адной з самых эфектыўных форм выхавання — эмацыянальна насычаных, пазнавальных, яркіх падзей у жыцці дзіцяці. Па іх выніках заўсёды выдаецца буклет з фотаздымкамі, па магчымасці робіцца відэазапіс.
Што ж да вольнага часу ў школе, то тут найбольш поўна раскрываюцца магчымасці для супрацоўніцтва, праяўлення творчасці. З вопыту работы ведаю, што бацькі найбольш ахвотна ідуць на кантакт, выказваюць жаданне супрацоўнічаць са школай менавіта тады, калі гаворка ідзе непасрэдна пра іх дзіця. Менавіта гэты інтарэс я выкарыстоўваю пры арганізацыі выстаў вырабаў, малюнкаў. Традыцыйна бацькі ўдзельнічаюць у спаборніцтвах і забавах, якія праходзяць у дні канікул. Па іх выніках таксама выпускаюцца газеты, альбомы з фотаздымкамі. З гэтымі матэрыяламі знаёмяцца іншыя сем’і на бацькоўскіх сходах, што выклікае жаданне ў многіх паўдзельнічаць у сумесных мерапрыемствах наступны раз. Усе ўдзельнікі спаборніцтваў, выстаў, конкурсаў абавязкова ўзнагароджваюцца прызамі і граматамі на агульных ранішніках, сходах.Праект “Букет здароўя” прыцягвае ўвагу бацькоў да фарміравання патрэбы ў здаровым ладзе жыцця ў дзяцей не толькі ў школе, але і дома. Калі дзіця не мае перад сабой дома пазітыўнага прыкладу ў здаровым ладзе жыцця, то яно ніколі свядома не будзе клапаціцца пра сваё здароўе.
Работа з бацькамі па вырашэнні гэтай праблемы праводзілася ў рамках шостага школьнага дня, у працэсе чаго бацькі выявілі асноўныя негатыўныя прычыны, якія перашкаджаюць правільнаму выхаванню дзяцей у сям’і ў адпаведнасці з нормамі здаровага ладу жыцця. Гэта няправільнае харчаванне школьніка, невыкананне рэжыму дня, малая фізічная актыўнасць, шкодныя звычкі бацькоў, негатыўны эмацыянальны фон у сям’і.
Бацькі разам з класным кіраўніком выпрацавалі рэкамендацыі для сямейнага выхавання. Адначасова з бацькамі навучэнцы разам з настаўнікамі падбіралі і апрацоўвалі матэрыял для правядзення кірмашу здароўя. Дзеці і дарослыя правялі конкурс малюнкаў “Школа — тэрыторыя здароўя”, таварыскія сустрэчы па гульнявых відах спорту, зімой каталіся на санках і лыжах.
Вынікі праектнай дзейнасці былі падведзены на кірмашы здароўя, дзе клас прарэкламаваў асноўныя прынцыпы фарміравання здаровага ладу жыцця, а бацькі прадставілі свае рэкамендацыі.
Гэтая ж тэма стала галоўнай на спартыўных спаборніцтвах — як сямейных, так і выключна для татаў.

Тэрыторыя творчасці

У рабоце з бацькамі добрыя вынікі дае арганізацыя праектнай дзейнасці. Як правіла, любы праект — як маленькі, на ўзроўні школы, так і маштабны — уключае ў сябе блок работы з сям’ёй. Сюды можна аднесці стварэнне агітбрыгады. Пры такім комплексным падыходзе бацькі становяцца самымі актыўнымі памочнікамі і вернымі паплечнікамі ў любой справе: таты дапамагаюць рабіць дэкарацыі; мамы шыюць касцюмы для выступлення, малююць эмблемы, запісваюць музыку, рэпеціруюць з дзецьмі вершы, песні, танцы. Удалыя выступленні агітбрыгады “Выток” прывялі да стварэння ў класе тэатральнай групы. Ужо два гады запар на конкурсе агітбрыгад яна займае першыя месцы ў раёне, ёсць у скарбонцы і 2-е месца на абласным этапе.Зусім нядаўна я авалодала навыкам стварэння мультфільма — адной з самых даступных для ўспрымання і дзейсных форм на эмацыянальную сферу дарослага і дзіцяці. Мультыплікацыя — мастацтва калектыўнае, працяглае па часе і вельмі працаёмкае, нягледзячы на ўсе сучасныя тэхналогіі. Для таго каб стварыць мультфільм, патрэбна цэлая каманда: сцэнарысты, рэжысёр-мультыплікатар, мастакі-аніматары, мастакі, аператар, гукарэжысёр, акцёры для агучвання персанажаў. Іх ролі паспяхова прымяралі на сябе нашы дзеці і іх бацькі.
Спасцігнуўшы асноўныя сакрэты стварэння мультфільмаў, мы разам навучыліся ствараць уласныя мультфільмы. Іх у нас ужо два дзясяткі. У мінулым годзе на Рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон” наш мультфільм заняў 2-е месца. Цяпер серыю мультфільмаў “Цёплы дом” выкарыстоўваюць для агітацыі, каб прыцягнуць увагу дарослых, напрыклад, да ўцяплення дамоў у асенне-зімовы перыяд.
Такім чынам, сям’я і школа — гэта два звяны ў адным ланцужку. Іх агульная задача — адукацыя і выхаванне будучага пакалення, стварэнне камфортных умоў для паўнавартаснага развіцця асобы. Значыць, школа і сям’я ў цесным узаемадзеянні павінны не толькі вучыць і выхоўваць сваіх дзяцей, але і клапаціцца пра тое, каб стварыць усе ўмовы для іх радаснага і творчага жыцця. У працэсе такога жыцця дзеці і падрыхтуюцца да дарослага жыцця, да працы і стварэння.

Людміла БАГДАНОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Ашмян.