БДПУ — базавая пляцоўка ў СНД

- 11:07Вышэйшая школа

па падрыхтоўцы педагогаў у сферы інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі

БДПУ імя Максіма Танка атрымаў статус базавай арганізацыі ў СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у сферы інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. Падчас пасяджэння Савета дзяржаў — удзельніц СНД па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, якое адбылося ў Маскве, з адпаведным хадайніцтвам выступіў рэктар універсітэта Аляксандр Іванавіч Жук.

У рэчышчы сусветнай тэндэнцыі

“Падчас пасяджэння ў Маскве кіраўнікі Савета па адукацыі дзяржаў СНД аднагалосна прынялі рашэнне падтрымаць ініцыятыву нашага ўніверсітэта, — падкрэсліў Аляксандр Іванавіч. — БДПУ валодае неабходным кадравым, навукова-даследчым і вучэбна-метадычным патэнцыялам, які дазваляе паспяхова выконваць функцыі і задачы, што ўваходзяць у сферу паўнамоцтваў базавай арганізацыі дзяржаў — удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у сферы інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. Сёння наш універсітэт з’яўляецца галоўнай пляцоўкай у Беларусі па падрыхтоўцы лагапедаў, тыф-лапедагогаў, сурдапедагогаў, алігафрэнапедагогаў — спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі з АПФР. Ва ўстанове створана адпаведная інфраструктура. Мы знаходзімся ў рэчышчы развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, і адной з яе асноўных тэндэнцый з’яўляецца развіццё інклюзіўных працэсаў. Гэта сусветны рух, многія дзяржавы ідуць па гэтым шляху”.

Паняцце інклюзіі даволі шырокае. Яно ўключае стварэнне неабходных умоў для навучання не толькі дзяцей з АПФР, але і адораных навучэнцаў, а таксама тых школьнікаў, якія адстаюць у вучобе, для дзяцей з сем’яў, што аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, для дзяцей мігрантаў і г.д.

“Найважнейшым рэсурсам пры забеспячэнні самой магчымасці ўкаранення інклюзіўнай адукацыі, яе якасці і сацыяльнага дабрабыту ўсіх удзельнікаў інклюзіі з’яўляецца падрыхтоўка будучых педагогаў і прафесійнае ўдасканальванне педагогаў-практыкаў, — адзначыў Аляксандр Іванавіч. — Універсітэт рэалізоўвае ў гэтым кірунку шэраг сумесных міжнародных праектаў з універсітэтамі розных краін. Так, у 2014—2016 гадах установа прымала ўдзел у міжнародным праекце TEMPUS INOVEST “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі”. Нашымі замежнымі партнёрамі па праекце былі ўніверсітэты Германіі, Швецыі, Іспаніі, Украіны, Малдовы. У выніку рэалізацыі праекта мы стварылі вучэбна-метадычнае забеспячэнне адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі педагогаў для работы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі. І з мінулага года ў ІПК нашага ўніверсітэта рэалізоўваецца праграма павышэння кваліфікацыі педработнікаў “Педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі”.

Аб прыярытэце інклюзіўнай адукацыі ў нацыянальных адукацыйных сістэмах упершыню было заяўлена ў 1994 годзе ў Саламанкскай дэкларацыі аб прынцыпах, палітыцы і практычных дзеяннях у сферы адукацыі асоб з асаблівымі патрэбамі. У дакуменце адзначалася: “Кожнае дзіця, валодаючы ўнікальнымі асаблівасцямі, інтарэсамі, здольнасцямі і вучэбнымі патрэбамі, павінна мець доступ да атрымання адукацыі ў звычайнай школе, у якой павінны быць створаны ўмовы для задавальнення яго адукацыйных патрэб”. У Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, прынятай у 2006 годзе, гаворыцца аб неабходнасці прадастаўлення ўсім дзецям магчымасці атрымліваць адукацыю.

У верасні 2015 года Беларусь далучылася да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў. Зараз робяцца крокі па яе ратыфікацыі: ідзе распрацоўка і ўзгадненне Нацыянальнага плана па рэалізацыі гэтага дакумента. Крыху раней, у ліпені 2015-га, у нашай краіне была зацверджана Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі для асоб з АПФР, а ў студзені 2016 года міністрам адукацыі быў зацверджаны план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі ў 2016—2020 гадах. Паняцце інклюзіі з’явіцца і ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Своеасаблівая візітоўка нашай установы, адзін з прыярытэтных кірункаў яе развіцця, які мае даўнія добрыя традыцыі, валанцёрскі рух. Калектыў БДПУ імя Максіма Танка ў пачатку бягучага года быў узнагароджаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне” за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, значны ўклад у развіццё і папулярызацыю валанцёрскага руху сярод студэнцкай моладзі.

Больш за 10 гадоў ва ўніверсітэце рэалізоўваецца шэраг валанцёрскіх праектаў. Такую дзейнасць студэнтаў мы разглядаем як своеасаблівы від педагагічнай практыкі. Будучага настаўніка трэба рыхтаваць не толькі на лекцыях і занятках у аўдыторыях. Патрэбен практычны вопыт узаемадзеяння з дзецьмі, з соцыумам. І студэнтам варта набываць яго з першага курса праз удзел у сацыяльна значных праектах. Будучыя педагогі павінны быць гатовы да работы з любымі дзецьмі, незалежна ад іх здольнасцей і асаблівасцей. Зараз у БДПУ функцыянуюць 12 валанцёрскіх клубаў і аб’яднанняў, у якіх задзейнічаны 1,3 тысячы (з 6 тысяч) студэнтаў дзённай формы навучання. Валанцёры ўніверсітэта супрацоўнічаюць са шматлікімі ўстановамі і арганізацыямі краіны. Сярод іх — грамадскія аб’яднанні, ЦКРНіР, дзіцячыя дамы і бальніцы, рэабілітацыйныя цэнтры, сацыяльныя прытулкі, дзіцячыя спецыялізаваныя аздараўленчыя лагеры. У кожнай такой установе праводзіцца як сістэмная работа, так і асобныя акцыі і мерапрыемствы. Узнікае нават пэўная канкурэнцыя сярод студэнтаў, якія жадаюць стаць валанцёрамі. Актыўна ўдзельнічаюць у такіх добраахвотных аб’яднаннях і выкладчыкі”.

Ад тэорыі да практычнага ўвасаблення

У верасні мінулага года па даручэнні Міністэрства адукацыі ў БДПУ быў адкрыты Інстытут інклюзіўнай адукацыі (на базе факультэта спецыяльнай адукацыі). Яго ўзначаліла адзіны ў краіне па рабоце ў гэтым кірунку доктар педагагічных навук Вера Валер’еўна Хітрук. Інстытут інклюзіўнай адукацыі ажыццяўляе падрыхтоўку настаўнікаў-дэфектолагаў па спецыяльнасцях першай ступені вышэйшай адукацыі “Лагапедыя”, “Сурдапедагогіка”, “Тыфлапедагогіка”, “Алігафрэнапедагогіка” для работы ва ўмовах інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. З 2018 года плануецца адкрыццё спецыяльнасці “Інклюзіўная і спецыяльная адукацыя”. Зараз у інстытуце рэалізоўваецца магістарская праграма па спецыяльнасці “Карэкцыйная педагогіка” і распрацоўваецца адукацыйны стандарт спецыяльнасці “Навукова-педагагічная дзейнасць” з прафілізацыямі “Інклюзіўная адукацыя ў школе”, “Інклюзіўная адукацыя ў дашкольнай установе”.

Інстытут падтрымлівае цесныя сувязі з навуковымі і адукацыйнымі арганізацыямі краін СНД, супрацоўнічае з Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэтам, з Маскоўскім дзяржаўным псіхолага-педагагічным універсітэтам, з Расійскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя А.І.Герцэна ў Санкт-Пецярбургу, з Балтыйскім федэральным універсітэтам імя Эмануіла Канта ў Калінінградзе, з Інстытутам карэкцыйнай педагогікі Расійскай акадэміі адукацыі, з установамі адукацыі Казахстана, Арменіі, а таксама Швецыі, Германіі, Нарвегіі, Нідэрландаў. Гэтае супрацоўніцтва ажыццяўляецца ў розных формах. У гэтым годзе, напрыклад, рэалізоўваецца праграма студэнцкага абмену (на першай ступені вышэйшай адукацыі) паміж БДПУ і МДПУ па спецыяльнасці “Лагапедыя”. З верасня 2017 года пачнецца рэалізацыя сеткавай магістарскай падрыхтоўкі МДПУ—БДПУ па спецыяльнасцях “Ранняя комплексная дапамога дзецям з адхіленнямі ў развіцці” і “Дзейнасць псіхолага-медыка-педагагічнага кансіліуму на этапе мадэрнізацыі адукацыі”.

Інстытут інклюзіўнай адукацыі з’яўляецца галаўной арганізацыяй у краіне па правядзенні навуковых даследаванняў, у тым ліку сумесных з навуковымі і адукацыйнымі арганізацыямі краін СНД, а таксама выступае пляцоўкай для арганізацыі праграм навуковых стажыровак для ўніверсітэтаў — партнёраў краін СНД .

Актыўна супрацоўнічае інстытут з арганізацыямі і аб’яднаннямі, якія прадстаўляюць інтарэсы людзей з інваліднасцю, і ўдзельнічае ў рэалізацыі сумесных сацыяльна-адукацыйных праектаў. Напрыклад, “Інтэграцыя ў рынак працы” (Беларусь — Нідэрланды), “Сафіт”, які ажыццяўляецца БДПУ і недзяржаўнай арганізацыяй ShareMusicSweden (Швецыя), “Ясная мова як сродак камунікацыі з людзьмі з разумовымі асаблівасцямі” (у супрацоўніцтве з БелАДДІіМІ) і інш.

Нядаўна пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) пры Інстытуце інклюзіўнай адукацыі быў адкрыты Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр па інклюзіўнай адукацыі. Цэнтр дазволіць забяспечыць якасць падрыхтоўкі будучых педагогаў, павышэнне кваліфікацыі педагогаў-практыкаў, каардынацыю дзейнасці спецыялістаў па абагульненні існуючых навукова-метадычных і дыдактычных рэсурсаў, кансалідацыю намаганняў сістэмы адукацыі і грамадзянскай супольнасці (работу з бацькамі, грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі). Асноўныя кірункі дзейнасці цэнтра — адукацыйны, метадычны, кансультацыйны, асветніцкі.

“Асаблівасці дзяцей у розных краінах адны і тыя ж, таму распрацоўкі, якія рэалізоўваюцца ў БДПУ, могуць прымяняцца і ў іншых краінах, — гаворыць Аляксандр Іванавіч. — Мы плануем наладзіць сеткавае ўзаемадзеянне з нашымі калегамі — партнёрамі з краін СНД па падрыхтоўцы педагогаў для работы ва ўмовах інклюзіі. Калі спецыялісты гэтых краін пажадаюць павысіць кваліфікацыю, прайсці перападрыхтоўку ў нашым інстытуце, то на базе рэсурснага цэнтра мы гатовы такія паслугі ім прадаставіць. Магчыма нават арганізацыя выязных курсаў павышэння кваліфікацыі па заяўках устаноў краін СНД. Будзем выкарыстоўваць з гэтай мэтай і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі: праводзіць вэбінары, сумесныя семінары з прымяненнем анлайн-сувязі і г.д.”.

Пры падтрымцы ЮНІСЕФ плануецца стварэнне падобных рэсурсных цэнтраў у кожнай вобласці нашай краіны (на базе ўніверсітэтаў, якія рыхтуюць педагагічныя кадры, або на базе абласных ІРА). Рэспубліканскі цэнтр будзе ажыццяўляць каардынацыю, інфармацыйную і метадычную падтрымку рэгіянальных цэнтраў. Яго спецыялісты падрыхтуюць супрацоўнікаў абласных цэнтраў, акажуць ім цьютарскую дапамогу, каб тыя на месцах арганізоўвалі падобную кансультацыйную дапамогу для педагогаў і бацькоў. У спецыялістаў з рэгіёнаў будзе доступ да ўсіх рэсурсаў Рэспубліканскага цэнтра — папяровых і электронных.

Задачы на перспектыву

“Адкрыццё інстытута і стварэнне цэнтра дапаможа ўніверсітэту падрыхтаваць і перападрыхтаваць настаўнікаў, педагогаў-практыкаў, якія будуць гатовы працаваць ва ўмовах інклюзіі, — упэўнены Аляксандр Іванавіч. — Менавіта гэта дапаможа рэалізаваць ідэі інклюзіўнай адукацыі. Без падрыхтаваных належным чынам кадраў усе лепшыя ідэі застануцца на паперы. Але для гэтага неабходна зрабіць некаторыя навуковыя распрацоўкі, стварыць адпаведныя праграмы, метадычнае забеспячэнне для перападрыхтоўкі спецыялістаў, якія будуць рэалізоўваць новыя ідэі на месцах, у рэгіёнах, у школах і г.д. Работа няпростая, паколькі настаўнікаў-прадметнікаў ва ўніверсітэтах краіны з гэтай мэтай пакуль не рыхтавалі. Наш Інстытут інклюзіўнай адукацыі ўжо распрацаваў праграму для студэнтаў — будучых настаўнікаў матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, каб яны маглі разумець асаблівасці дзяцей з АПФР і ўлічваць іх у далейшым пры стварэнні ўмоў для навучання. Распрацавана і праграма курсаў павышэння кваліфікацыі для педагогаў-практыкаў, якія ўжо сёння працуюць з дзецьмі з АПФР. На базе рэсурснага цэнтра для іх будуць арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі, у рэжыме анлайн-кансультацыі настаўнікі змогуць удасканальваць атрыманыя веды. Супрацоўнікі цэнтра гатовы аказаць ім адпаведныя кансультацыйныя паслугі. Толькі да канца гэтага навучальнага года ў цэнтры прадугледжаны 6 семінараў. Адзін з такіх прайшоў днямі для сурдапедагогаў — семінар па жэставай лінгвістыцы “Жэставая мова як сродак камунікацыі”.

У 2017 годзе на базе цэнтра запланавана правядзенне больш за 60 адукацыйных мерапрыемстваў (семінараў, майстар-класаў, трэнінгаў) з удзелам беларускіх і замежных спецыялістаў для розных мэтавых груп (студэнтаў педспецыяльнасцей, настаўнікаў-дэфектолагаў, педагогаў-практыкаў, бацькоў). Многія мерапрыемствы будуць праведзены ў анлайн-рэжыме і ў фармаце вэбінараў з запрашэннем партнёраў з краін СНД.

“Задача Інстытута інклюзіўнай адукацыі на перспектыву — правядзенне даследаванняў і практычнай работы па падрыхтоўцы педагогаў да работы з рознымі катэгорыямі навучэнцаў, з рознымі сем’ямі (мігрантаў, з мультыкультурнага асяроддзя, з прадстаўнікамі розных рэлігій), — заўважае Аляксандр Іванавіч. — Плануецца падключыць да гэтай дзейнасці спецыялістаў з рэгіёнаў, аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў старшых курсаў, якія будуць праводзіць адпаведную даследчую і метадычную работу. Неабходна ствараць кадравыя рэсурсы. Ставіцца задача падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, не толькі кандыдатаў, але і дактароў навук у кірунку інклюзіўнай адукацыі. За кошт належнага кадравага патэнцыялу мы забяспечым і якасць падрыхтоўкі будучых спецыялістаў.

Мяркуецца, што ва ўніверсітэце як у базавай арганізацыі СНД пры Інстытуце інклюзіўнай адукацыі будзе створаны грамадскі савет, у які ўвойдуць прадстаўнікі адукацыйных і навуковых арганізацый дзяржаў — удзельніц СНД. Сумесна з імі мы распрацуем план мерапрыемстваў і забяспечым важныя кірункі работы базавай арганізацыі, перш за ўсё падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі педагогаў-практыкаў. Дакументы аб праходжанні перападрыхтоўкі ў нашым універсітэце па адукацыйных праграмах, якія мы зацвердзім, будуць прызнавацца ў краінах СНД. Пры неабходнасці мы можам узгадняць гэтыя праграмы з адпаведнымі структурамі дзяржаў СНД, з універсітэтамі або навуковымі арганізацыямі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва ўстановы.