“БДУ — гэта мой лёс…”

- 11:15Вышэйшая школа

21 студзеня ў Фундаментальнай бібліятэцы БДУ па ініцыятыве грамадскага аб’яднання “Саюз жанчын БДУ” адбылося адкрыццё выставы “Фундаментальныя працы жанчын — дактароў навук”. Выстава прысвечана Дню беларускай навукі, які шырока адзначаецца навуковай грамадскасцю краіны.

На выставе прадстаўлена больш за сто манаграфій, кніг, зборнікаў навукова-метадычных прац, падручнікаў, аўтарамі якіх з’яўляюцца жанчыны — дактары навук, члены Саюза жанчын БДУ. Усе яны — сапраўдны гонар нашага ўніверсітэта, усёй краіны.
Старшыня Саюза жанчын БДУ доктар філалагічных навук Ірына Валер’еўна Казакова: “Больш за 30 гадоў майго жыцця звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам. У 22 гады, атрымаўшы чырвоны дыплом, стала выкладчыкам. У 24 гады стала кандыдатам філалагічных навук, у 32 гады абараніла доктарскую дысертацыю. Свайго жыцця без роднага ўніверсітэта не ўяўляю. Гэта не проста месца маёй працы, гэта мой другі дом, мая сям’я”.Ірына Іванаўна Калачова, прафесар кафедры сацыяльнай камунікацыі факультэта філалогіі і сацыяльных навук, доктар гістарычных навук: “БДУ ў маім юнацтве быў установай, на якую мы, студэнты Мінскага інстытута культуры, паглядалі з павагай. Сёння мой лёс звязаны з БДУ перш за ўсё праз маіх калег — выкладчыкаў і тых спецыялістаў, якія працуюць са студэнтамі. У 2004 годзе я стала першай загадчыцай кафедры міжнародных адносін і сацыяльнай камунікацыі ў РІВШ БДУ. Працавала са студэнтамі, якія праявілі сябе як лідары, і іх выкладчыкамі, арганізатарамі шматлікіх маладзёжных праграм і праектаў. Зараз працую на кафедры сацыяльнай камунікацыі факультэта філасофіі і сацыяльных навук. Сацыяльная камунікацыя — новы напрамак падрыхтоўкі спецыялістаў, таму даводзіцца шмат працаваць, каб рыхтаваць лекцыі, пісаць падручнікі, весці семінары і г.д.”.
Наталля Паўлаўна Максімава, доктар біялагічных навук, загадчык кафедры генетыкі: “Мае бацькі працавалі ў БДУ, бацька — дэканам на біяфаку, маці — дацэнтам кафедры неарганічнай хіміі на хімфаку. Гэта і прадвызначыла мой лёс. Пасля заканчэння школы паступіла на біялагічны факультэт, дзе і працую да сённяшняга дня. З 1995 года загадваю кафедрай генетыкі. У 2005 годзе абараніла доктарскую дысертацыю, вучоная ступень доктара была прысуджана за вырашэнне буйной навуковай праблемы. У 2006 годзе атрымала званне прафесара. Апублікавала больш за 360 навуковых прац, маю 12 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў Рэспублікі Беларусь і Расіі”.
Наталля Васільеўна Логінава, прафесар кафедры неарганічнай хіміі БДУ, доктар хімічных навук: “У 1976 годзе з чырвоным дыпломам скончыла вучобу на хімічным факультэце, потым аспірантуру. Абараніла кандыдацкую дысертацыю. Доктарская дысертацыя дазволіла стварыць новы навуковы напрамак распрацоўкі біяактыўных рэчываў шырокага спектра дзеяння для камбінаванай тэрапіі змяшаных інфекцый. Удзельнічала ў дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў, у шэрагу міжнародных праектаў. Усяго апублікавала больш за 190 навуковых і навукова-метадычных прац”.
Ядвіга Казіміраўна Яловічава, доктар геаграфічных навук, загадчык кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій: “У 2016 годзе кафедры, якой я кірую, спаўняецца 55 гадоў, і гэта менавіта тая кафедра, на якой прайшлі пяць гадоў майго студэнцкага жыцця, перыяд станаўлення мяне як асобы і навукоўца. Геафак — гэта родны дом, куды я з задавальненнем вярнулася пасля работы ў НАН Беларусі, гэта цеснае супрацоўніцтва з новым пакаленнем студэнтаў, з блізкімі па духу выкладчыкамі. Ацэньваючы свой жыццёвы шлях, магу з упэўненасцю сказаць, што ён быў насычаны актыўнай прафесійнай і грамадскай дзейнасцю”.

Таццяна БЕЛЬСКАЯ.