БДУ ў міжнародных рэйтынгах: ёсць рэзервы, каб паляпшаць пазіцыі

- 11:34Суразмоўца

Белдзяржуніверсітэт на працягу шэрага гадоў займае даволі высокія пазіцыі ў вядомых сусветных рэйтынгах (QS, THE, Webometrics, SIR, U-Multirank і інш.) і стабільна ўваходзіць у 2% лепшых сярод 30 тысяч устаноў вышэйшай адукацыі свету. Сёлета БДУ ўпершыню трапіў у Шанхайскі прадметны рэйтынг універсітэтаў ARWU па фізіцы (дарэчы, адзіны з Беларусі), дзе заняў месца ў групе 401—500. Акрамя таго, падняўшыся на 20 пазіцый і заняўшы 334-е месца ў прэстыжным рэйтынгу QS World University Rankings 2017/2018, БДУ ўвайшоў у пяцёрку лепшых універсітэтаў Усходняй, Цэнтральнай Еўропы і СНД.

Зразумела, чым вышэй падымаецца ўніверсітэт, тым складаней яму дэманстраваць прагрэс (калі БДУ толькі з’явіўся ў рэйтынгах, яму ўдавалася за год адваёўваць дзясяткі, а то і сотні пазіцый). Тым не менш задачы стаяць амбіцыйныя: у рэйтынгу QS увайсці ў топ-300, а ўвогуле замацавацца ў ліку 1% вядучых універсітэтаў свету.

Аб тым, як БДУ ўдалося абысці многіх дастойных канкурэнтаў, і аб стратэгіі далейшага руху ў сусветных універсітэцкіх рэйтынгах мы гутарым з прарэктарам БДУ па вучэбнай рабоце, доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам Аляксеем Леанідавічам ТОЛСЦІКАМ.

— Аляксей Леанідавіч, сёння БДУ ўваходзіць у дзясятку ўплывовых сусветных рэйтынгаў. Раскажыце, калі ласка, якую работу праводзіць універсітэт, каб не проста замацавацца ў іх, але і паляпшаць свае пазіцыі?

— Для БДУ ўсё пачалося з Webometrics. Гэта рэйтынг, які аналізуе прысутнасць універсітэтаў у інтэрнэце. Паколькі паказчыкі там не ўводзяцца ўручную, а вышукваюцца ў інтэрнэце з дапамогай адпаведных праграм, то ў Webometrics штогод трапляе звыш 20 тысяч універсітэтаў. У 2010 годзе БДУ быў у гэтым рэйтынгу амаль на 2000-м месцы. Мы прааналізавалі сітуацыю і вырашылі, што ва ўніверсітэта ёсць рэсурс, каб паляпшаць свае пазіцыі.

Так была створана рабочая група “Рэйтынг БДУ”, якая занялася паляпшэннем пазіцыі ўніверсітэта ў Webometrics (а пазней і ў іншых уплывовых рэйтынгах). У многіх тады ўзнікла пытанне: а навошта гэта патрэбна? Але нам удалося пераканаць усіх, што ў наш час інфармацыя распаўсюджваецца пераважна праз інтэрнэт, і ад таго, як універсітэт прадстаўлены ў інтэрнэт-прасторы, у многім залежыць яго прэстыж і вядомасць у свеце.

За апошняе дзесяцігоддзе цалкам змяніўся падыход да атрымання навукова-тэхнічнай інфармацыі. Ужо мала хто ходзіць у бібліятэкі чытаць папяровыя часопісы. Значна прасцей зайсці на сайт універсітэта і спампаваць неабходны артыкул. А пры выдзяленні міжнародных навуковых грантаў пад увагу бярэцца колькасць спасылак на таго ці іншага вучонага. Зразумела, каб навуковыя работы цытаваліся і на іх былі спасылкі, яны павінны з’явіцца ў інтэрнэт-прасторы.

Важным крокам на гэтым шляху было стварэнне ў БДУ электроннай бібліятэкі, дзе змяшчаюцца навуковыя і вучэбна-метадычныя работы супрацоўнікаў універсітэта. На сённяшні дзень у электроннай бібліятэцы БДУ знаходзіцца звыш 100 тысяч дакументаў. Яна займае 1-е месца сярод электронных бібліятэк краін СНД і ўваходзіць у топ-100 лепшых навуковых бібліятэк свету.

Безумоўна, усё гэта дало вынік. За апошняе дзесяцігоддзе цалкам змяніўся падыход да атрымання навукова-тэхнічнай інфармацыі. Ужо мала хто ходзіць у бібліятэкі чытаць папяровыя часопісы. Значна прасцей зайсці на сайт універсітэта і спампаваць неабходны артыкул. А пры выдзяленні міжнародных навуковых грантаў пад увагу бярэцца колькасць спасылак на таго ці іншага вучонага. Зразумела, каб навуковыя работы цытаваліся і на іх былі спасылкі, яны павінны з’явіцца ў інтэрнэт-прасторы.

Атрымліваецца, што чым больш артыкулаў мы выкладваем у інтэрнэце, тым больш вядомымі становяцца нашы навукоўцы. Як вынік, праз 7 гадоў пасля з’яўлення электроннай бібліятэкі БДУ падняўся ў Webometrics з амаль 2000-га на 637-е месца. І для ўніверсітэта гэта не мяжа.

— Задача палепшыць пазіцыі ў Webometrics садзейнічала вельмі актыўнаму выхаду БДУ ў інтэрнэт. Зараз універсітэт ставіць задачу ўвайсці ў топ-300 рэйтынга QS. Раскажыце, як рэалізацыя гэтай мэты можа паўплываць на развіццё БДУ?

— Мне падабаюцца рэйтынгі тыпу QS. У іх акцэнт робіцца на рэпутацыі ўніверсітэтаў. Для ранжыравання выкарыстоўваюцца звесткі ад саміх універсітэтаў і апытанні экспертаў. Таму ў рэйтынг уключана абмежаваная колькасць устаноў (каля 3% усіх існуючых у свеце).

У QS палову балаў даюць апытанні экспертаў (звыш 30 тысяч чалавек у розных краінах). Я сам адзін з экспертаў у гэтым рэйтынгу. Нам прапаноўваецца выбраць рэгіён, з якім мы знаёмы, і ранжыраваць адпаведныя ўніверсітэты. БДУ атрымлівае добрыя балы, дзякуючы высокім ацэнкам экспертаў. Верагодна, гэта звязана і з тым, што БДУ ў апошнія гады актыўна развівае міжнародную дзейнасць. У нас звыш 300 дагавораў аб супрацоўніцтве з рознымі ўніверсітэтамі свету. Тут вучацца студэнты з 50 краін. Вельмі многа выпускнікоў БДУ паспяхова працуюць за мяжой. Дарэчы, у рэйтынгу працаўладкавання выпускнікоў мы ўваходзім у топ-500 лепшых універсітэтаў.

Мы хацелі б падзяліцца сваім вопытам паляпшэння пазіцый у міжнародных рэйтынгах і расказаць пра метадалогію іх правядзення нашым калегам з іншых беларускіх універсітэтаў. Бо адно з прызначэнняў рэйтынгаў — кантроль якасці адукацыі. Калі вы ўключаецеся ў гэты працэс, то пачынаеце глядзець на ўсе працэсы глабальна, заўважаць схаваныя рэсурсы. Трапіўшы ў агульную гонку з вядучымі ўніверсітэтамі свету, вы ўжо не дасце сабе замаруджвацца. Гэта добры стымул дзейнічаць, каб не спыняцца на дасягнутым і рухацца наперад.

Пра прэстыжнасць рэйтынга QS сведчыць той факт, што ён узяты як базавы ў Расіі. Там нават ёсць праграма 5—100: выбіраюцца 5 універсітэтаў, ім дадаткова выдзяляюцца грошы на развіццё (мільёны долараў у год) з тым, каб яны змаглі ўвайсці ў сотню лепшых універсітэтаў свету. За гэтыя грошы набываецца новае абсталяванне, прэміруюцца выкладчыкі, якія публікуюцца ў вядучых навуковых часопісах. Зразумела, добрае матэрыяльнае стымуляванне дае вялікі прырост публікацый. У нас такога няма, мы мусім абыходзіцца ўнутранымі рэсурсамі. І калі параўнаць бюджэт БДУ з бюджэтамі нашых суседзяў па QS, то мы адстаём ад іх на парадак. У такой сітуацыі адыграць 34 пазіцыі, каб увайсці ў топ-300, будзе няпроста. Хаця, безумоўна, мы да гэтага імкнёмся.

— Часам гучыць меркаванне, што высокія месцы ў рэйтынгах займаюць універсітэты тых краін, якія і праводзяць гэтыя рэйтынгі. Ёсць тут пэўная рацыя?

— Думаю, што ў тых рэйтынгах, дзе мы ўдзельнічаем, такога няма. Напрыклад, штаб-кватэра QS знахо-дзіцца ў Вялікабрытаніі, Webometrics — у Іспаніі. І я не скажу, што там многа іспанскіх універсітэтаў. Іншая справа, што ў рэйтынгах дамінуюць універсітэты з добрымі бюджэтамі (бюджэт вядучых амерыканскіх універсітэтаў даходзіць да 10 млрд долараў). Кітайскія ўніверсітэты выходзяць на высокія пазіцыі, бо ў іх таксама ўкладваецца многа грошай. Яны могуць дазволіць сабе набываць сучаснае абсталяванне, прыцягваць на работу вядучых вучоных. Усё гэта садзейнічае з’яўленню рэйтынгавых публікацый і г.д.

— Ці ёсць прамая залежнасць паміж рэйтынгам універсітэта і яго запатрабаванасцю сярод абітурыентаў, магістрантаў, аспірантаў?

— Складана сказаць. Напрыклад, сёлета БДУ заняў высокае месца ў Шанхайскім прадметным рэйтынгу ўніверсітэтаў па фізіцы. І адначасова мы назіраем як ніколі высокі конкурс беларускіх абітурыентаў на фізіка-матэматычныя спецыяльнасці. Напрыклад, на “Камп’ютарную фізіку” прэтэндавалі амаль 5 чалавек на месца. Істотна выраслі прахадныя балы. Аднак ці паўплывала на гэта пазіцыя БДУ ў прэстыжным рэйтынгу — трэба яшчэ аналізаваць.

Што да замежнікаў, то на іх выбар уплываюць перш за ўсё водзывы выпускнікоў. У Беларусі добрая палітычная сітуацыя, на вуліцах спакойна, бяспечна — і гэта прыцягвае абітурыентаў. Тут спрацоўвае не рэйтынг універсітэта, а хутчэй рэйтынг краіны. Ён вельмі важны.

Дарэчы, ёсць вельмі цікавы рэйтынг U-Multirank. Там універсітэты ацэньваюцца па розных параметрах (выкладанне, даследаванні, міжнародная дзейнасць, рэгіянальнае значэнне і г.д.), грунтуючыся пераважна на апытаннях студэнтаў. Аналізуюцца і аб’ектыўныя даныя, але, напрыклад, у БДУ звыш 2 тысяч студэнтаў давалі свае ацэнкі. Мы ўпершыню нават крыху непакоіліся, бо анкетаванне ананімнае, і невядома, як студэнты да гэтага паставяцца. І нам прыемна, што БДУ апынуўся ў гэтым рэйтынгу на даволі добрых пазіцыях.

— Чым вышэй універсітэт падымаецца ў рэйтынгу, тым больш замаруджваецца дынаміка росту. У верхняй частцы табліцы ўніверсітэты размяшчаюцца вельмі шчыльна, і прасоўванне наперад патрабуе ўсё больш намаганняў. Якія мэты ставіць перад сабой БДУ на будучыню?

— Мы і далей будзем паглыбляць інфарматызацыю ўніверсітэта і яго інтэграцыю ў сусветную інфармацыйную прастору. Сёння пошук любых артыкулаў вядзецца па ключавых словах у Google. Калі б артыкулы нашых вучоных не выкладваліся ў інтэрнэт, а друкаваліся ў папяровых часопісах, пра іх бы мала хто ведаў. Таму наша прысутнасць у інтэрнэце будзе ўзмацняцца.

А яшчэ мы хацелі б падзяліцца сваім вопытам паляпшэння пазіцый у міжнародных рэйтынгах і расказаць пра метадалогію іх правядзення нашым калегам з іншых беларускіх універсітэтаў. Бо адно з прызначэнняў рэйтынгаў — кантроль якасці адукацыі. Калі вы ўключаецеся ў гэты працэс, то пачынаеце глядзець на ўсе працэсы глабальна, заўважаць схаваныя рэсурсы. Трапіўшы ў агульную гонку з вядучымі ўніверсітэтамі свету, вы ўжо не дасце сабе замаруджвацца. Гэта добры стымул дзейнічаць, каб не спыняцца на дасягнутым і рухацца наперад.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Васіля КУЗЬМІЧКІНА.