Беларусь — адна з перадавых краін сярод ядзерных навічкоў

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Шляхі развіцця ядзернай энергетыкі абмеркавалі ўдзельнікі канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) у Абу-Дабі.

Генеральны дырэктар МАГАТЭ Юкія Амана падкрэсліў, што атамная энергія — надзейны інструмент устойлівага развіцця. У трохдзённай канферэнцыі прынялі ўдзел 700 дэлегатаў з 67 краін. Яны адзначылі важную ролю ядзернай энергетыкі для пашырэння зялёнага эканамічнага развіцця. Эксперты падкрэслілі, што пры эксплуатацыі аб’ектаў атамнай энергетыкі практычна не вылучаецца парніковых газаў, якія выклікаюць глабальнае пацяпленне. На атамныя электрастанцыі прыпадае 11% электраэнергіі, якая выпрацоўваецца цяпер, у глабальным маштабе. Гэта трэць усёй электраэнергіі, якая атрымліваецца з нізкавугляродных крыніц.

На сёння ў свеце працуюць 449 атамных электрастанцый. Усе яны сканцэнтраваны ў 30 краінах. За апошнія два гады ў эксплуатацыю былі ўведзены 20 новых рэактараў.

Міжнародныя эксперты назвалі Беларусь адной з самых перадавых краін сярод ядзерных навічкоў. Гэта вынікае з матэрыялу “Атамная энергія — важны інструмент развіцця зялёнай эканомікі”, прадстаўленага да канферэнцыі цэнтрам навін ААН.

“Будаўніцтва сваёй першай атамнай электрастанцыі некалькі гадоў назад пачала і Беларусь. У мінулым годзе Беларусь наведала група экспертаў па ядзернай бяспецы. Па выніках праверак міжнародныя эксперты назвалі Беларусь адной з самых перадавых краін сярод ядзерных навічкоў. Мяркуецца, што атамная электрастанцыя ў Беларусі будзе ўведзена ў эксплуатацыю да канца бягучага дзесяцігоддзя”, — гаворыцца ў матэрыяле.