Беларусь дапаможа В’етнаму ў захаванні стабільнасці і бяспекі

- 9:32Інфармацыйная гадзіна

Рэспубліка Беларусь гатова дзяліцца з В’етнамам вопытам у сферы захавання бяспекі і правапарадку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з міністрам грамадскай бяспекі В’етнама То Ламам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што В’етнам — гэта азіяцкая краіна, якая бурна развіваецца. “За апошнія дзесяць гадоў мы стварылі матэрыяльны фундамент і аснову нашых адносін, у тры разы павялічылі тавараабарот. Больш за тое, мы намецілі сур’ёзную дарожную карту развіцця нашых адносін. І гэта ставіць В’етнам у рад самых прыярытэтных, асноўных нашых партнёраў у Паўднёва-Усходняй Азіі”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што адным з галоўных фактараў бурнага развіцця В’етнама з’яўляецца стабільнасць і бяспека ў дзяржаве, задача па забеспячэнні якіх у тым ліку ляжыць на праваахоўных органах. “Хачу запэўніць вас, што мы будзем рабіць усё для таго, каб В’етнам быў стабільным і бяспечным. Мы гатовы свой вопыт перадаваць сваім сябрам у В’етнаме. Вы павінны ведаць, што ў гэтых адносінах будзе выключна падтрымка і на маім, і на ўрадавым узроўні”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць падрыхтоўкі прафесійных кадраў. “Калі вас задавольвае тая сістэма падрыхтоўкі кадраў, якая існуе ў Беларусі, мы гатовы зрабіць усё для таго, каб у цэлым сістэму або яе элементы перанесці на в’етнамскую глебу”, — запэўніў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным забяспечыць свабоднае перамяшчэнне людзей з В’етнама ў Беларусь і наадварот. “Але ў той жа час мы павінны разам паставіць заслону розным дрэнным людзям і аб’яднаць нашы намаганні ў барацьбе са злачыннасцю, наркатрафікам, тэрарызмам. У нас ёсць пэўны вопыт. Калі ён вам патрэбны, мы гатовы ім падзяліцца”, — сказаў ён.

Прэзідэнт асабліва адзначыў той факт, што цяперашняя сустрэча праходзіць напярэдадні 100-гадовага юбілею беларускай міліцыі. “У нас з вамі ёсць добры фундамент адносін. Мы вельмі многае перажылі разам з В’етнамам, разам змагаліся за свабоду і незалежнасць вашага народа. Мы зрабілі нямала для станаўлення вашай дзяржавы. У гэтым радзе савецкіх грамадзян вялікае месца займалі беларусы”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу То Лам падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за магчымасць сустрэчы і перадаў словы прывітання ад кіраўніцтва В’етнама. Ён таксама падкрэсліў, што краіны ў гэтым годзе святкуюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін, і адзначыў той імпульс, які надалі развіццю супрацоўніцтва праведзеныя раней візіты на вышэйшым узроўні.