Беларусь ініцыіруе распрацоўку праграмы лічбавай трансфармацыі ЕАЭС

Адпаведную прапанову агучыў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у Алматы на пленарным пасяджэнні міжнароднага форуму “Лічбавы парадак дня ў эпоху глабалізацыі”.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што толькі скаардынаваныя дзеянні ў рамках рэалізацыі агульнага лічбавага парадку дня дадуць магчымасць ЕАЭС замацавацца на лідарскіх пазіцыях як у маштабе еўразійскага кантынента, так і ў свеце.

У сувязі з гэтым прэм’ер-міністр прапанаваў разгледзець дзве беларускія ініцыятывы. Першая — інтэграцыя лічбавай інфраструктуры краін ЕАЭС, якая прадугледжвае не толькі ўвядзенне адзіных стандартаў, але і агульнае кіраванне фізічнай інфраструктурай. Прапануецца сфарміраваць паўнацэнныя лічбавыя транспартныя калідоры ў напрамку “Усход — Захад”.

Другая ініцыятыва заключаецца ў пераходзе ад узгодненай палітыкі ў лічбавай сферы да адзінай стратэгіі краін — удзельніц саюза. “Мы бачым, што на практыцы нашы краіны маюць не толькі розную скорасць, але часам і розны напрамак пераўтварэнняў. Гэта тычыцца і развіцця лічбавай эканомікі, і заканадаўства. Замест аб’яднання намаганняў мы ў лепшым выпадку рухаемся паралельным курсам”, — канстатаваў прэм’ер-міністр.

З улікам гэтага Беларусь прапануе распрацаваць агульную праграму лічбавай трансфармацыі ЕАЭС, прычым не на ўзроўні агульных прынцыпаў і падыходаў (яны і так зразумелыя), а з канкрэтнымі мерапрыемствамі і тэрмінамі іх рэалізацыі. “Толькі ў гэтым выпадку мы зможам гаварыць аб сапраўднай, а не дэкларатыўнай інтэграцыі ў лічбавай сферы”, — лічыць Андрэй Кабякоў.

Раней кіраўнікамі дзяржаў ЕАЭС была адобрана заява аб лічбавым парадку дня саюза, прыняты асноўныя напрамкі яго раэлізацыі і парадак прапрацоўкі ініцыятыў. “Але практычная рэалізацыя ідзе, адкрыта скажам, вельмі цяжка”, — адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.

Між тым краіны саюза шмат робяць на нацыянальным узроўні. У Беларусі інфарматызацыя аб’яўлена прыярытэтам, краіна сёння займае 32-е месца ў свеце па развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і мае намер увайсці ў топ-30 рэйтынга.

Мэтай форуму “Лічбавы парадак дня ў эпоху глабалізацыі” з’яўляецца пашырэнне рэгіёна ЕАЭС у глабальнай лічбавізацыі, умацаванне партнёрства ў гэтай сферы сярод краін-удзельніц. Асноўная тэма дыскусій — інтэграцыя інфармацыйных сістэм дзяржаў саюза.

У рабоце форуму прынялі ўдзел прэм’ер-міністры Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Узбекістана, афіцыйныя дэлегацыі Азербайджана і Таджыкістана, а таксама прадстаўнікі шэрага буйных міжнародных ІТ-кампаній.