Мэты: спрыяць фарміраванню ў навучэнцаў грамадзянскасці і патрыятызму, выхаванню ў падрастаючага пакалення пачуцця гордасці за краіну і яе герояў, павагі да яе дасягненняў, далучэнню да духоўна-маральнай культуры.
Абсталяванне: запіс песні А.Агурбаш “Белая Русь”, 2 званочкі, карткі з назвамі беларускага адзення і страў, карткі з назвамі гарадоў і рэк, мультымедыйная ўстаноўка з фотаздымкамі помнікаў, папера і ручкі.
Ход урока
І. Арганізацыйны момант
Гучыць песня “Белая Русь” у выкананні А.Агурбаш.
Вітаю вас і віншую з пачаткам новага навучальнага года. Наш першы ўрок называецца “Беларусь — мая Айчына!”. Сёння мы з вамі ўспомнім некаторыя звесткі з гісторыі нашай Радзімы, геаграфічныя асаблівасці размяшчэння Беларусі, герояў нашай краіны, дасягненні сучаснай суверэннай Рэспублікі Беларусь.(Клас дзеліцца на 2 каманды. Кожнай камандзе даецца званочак для падання сігналу.)
ІІ. Правядзенне гульні
Конкурс “Угадай горад па апісанні”
Адказвае каманда, якая першая падае сігнал званочкам. За кожны правільны адказ — 5 балаў.
1. Гэта прыгранічны горад — адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі (год заснавання — 1019). У свеце больш вядомы па гераічнай абароне крэпасці ў гады Другой сусветнай вайны — знака нязломнай стойкасці і мужнасці савецкіх воінаў. (Брэст.)
2. Адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі (заснаваны ў 974 годзе), размешчаны на рацэ Заходняя Дзвіна, у зліцці рэк Віцьба і Лучоса. Гэта буйны прамысловы і культурны цэнтр Беларусі. Тут знаходзіцца адзін з найстарэйшых тэатраў Беларусі — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.Коласа і Беларускі тэатр “Лялька”. (Віцебск.)
3. Другі па колькасці насельніцтва горад Беларусі. У летапісе ўпершыню згадваецца пад 1142 годам. Стаіць на р.Сож пры ўпадзенні Іпуці. У горадзе працуе больш за 100 прамысловых прадпрыемстваў; дзейнічаюць драматычны тэатр, тэатр лялек, цырк і філармонія. (Гомель.)
4. Горад размешчаны побач з дзяржаўнай граніцай па абодвух берагах Нёмана пры ўпадзенні ў яго ракі Гараднічанкі. Узнік у канцы X ст., упершыню ў летапісе згадваецца пад 1127 годам. Тут знаходзіцца адзіны ў краіне музей гісторыі рэлігіі, музей рамёстваў, Дом-музей М.А.Багдановіча, абласны драматычны тэатр і тэатр лялек, найстарэйшы ў Беларусі заапарк. (Гродна.)
5. Горад знаходзіцца на рацэ Днепр. Здаўна горад быў буйным адміністрацыйным цэнтрам. У канцы 30-х гг. XX ст. распрацоўваўся праект пераносу сталіцы Беларусі ў гэты горад, але з далучэннем Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе такая неабходнасць у гэтым адпала. Сведчанне былых планаў — адміністрацыйны будынак, аналаг Дома ўрада ў Мінску. (Магілёў.)
6. Галоўны палітычны, эканамічны, навуковы і культурны цэнтр краіны. Размешчаны на рацэ Свіслачы, амаль у цэнтры краіны. Тут налічваецца 16 музеяў, 11 тэатраў, Нацыянальная бібліятэка, Палац Рэспублікі, праводзяцца шматлікія фестывалі. Дзейнічае адзіны ў Беларусі метрапалітэн. (Мінск.)
— Што гэта за гарады? (Абласныя.)
— А што вы ведаеце пра абласныя гарады?
Конкурс “Апрані і пачастуй”
Настаўнік.
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак і казак аснова!
Матчын дарунак з самай калыскі,
Ты самацветаў яскравая нітка…
Так цудоўна сказаў пра нашу мову Уладзімір Дубоўка. Без нашай мовы не было б і нас, беларусаў, як нацыі. Наступнае заданне прысвечана беларускай мове.
На картках — назва розных відаў беларускага народнага адзення і абутку (мужчынскага і жаночага). Але між імі схаваліся словы, якія абазначаюць стравы беларускай нацыянальнай кухні. Вам трэба разабраць гэтыя карткі ў розныя групы. За кожную памылку каманда пазбаўляецца 1 бала (максімальная колькасць балаў — 30).
Панёва, світка, жур, пячыста, мачанка, пас, саян, верашчака, бурнос, жупан, хрусты, андарак, каптур, локшыны, ламанцы, сурдут, наліснікі, нагавіцы, панцак, калдуны, магерка, кабат, капытка, боты, намітка, фартух, узвар, збінец, кашуля. (Выдзеленыя словы — стравы.)
Конкурс “Гарады і рэкі”
Устанавіце адпаведнасць паміж гарадамі і рэкамі, якія працякаюць праз іх. (Назвы гарадоў і рэк пададзены на асобных картках.)
Гарады: Мінск, Брэст, Гомель, Гродна, Магілёў, Віцебск, Бабруйск.
Рэкі: Днепр, Мухавец, Свіслач, Сож, Лучоса, Бярэзіна, Нёман.(Мінск — Свіслач, Брэст — Мухавец, Гомель — Сож, Гродна — Нёман, Магілёў — Днепр, Віцебск — Лучоса, Бабруйск — Бярэзіна.)
Конкурс “Славутыя людзі зямлі беларускай”
Трэба прадоўжыць рад адным словам. Адказ дае каманда, якая першая падасць сігнал званочкам. (Адказ — 5 балаў)
— Францыск Скарына — … (першадрукар).
— Ефрасіння Полацкая — … (асветніца).
— Янка Купала, Якуб Колас, Эдзі Агняцвет, Уладзімір Караткевіч — …(пісьменнікі).
— Максім Мірны, Аксана Мянькова, Дар’я Домрачава — … (спартсмены).
— Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Алег Навіцкі — … (касманаўты).
— Ксенія Сітнік, Аляксей Жыгалковіч — … (пераможцы “Еўрабачання”).
— Брэст, Мінск — … (гарады-героі).
— Бацька Мінай, Марат Казей, Канстанцін Заслонаў — … (партызаны).
Конкурс “Сведкі гісторыі”
Пазнаць па фотаздымках помнікі, назваць гарады, у якіх яны знаходзяцца.
Конкурс “Прыродная азбука”
На кожную літару алфавіта запісаць прадстаўніка жывёльнага свету Беларусі.
Падвядзенне вынікаў гульні.
— Назавіце сінонімы да слова Беларусь.
— Чаму чалавек любіць сваю Радзіму?
— За што вы любіце сваю Айчыну?
Кожны чалавек павінен любіць і паважаць сваіх бацькоў, сваю Радзіму, берагчы і ахоўваць зямлю. І ад кожнага з вас залежыць, якой быць Беларусі ў будучыні.
Ала КРЫВЕНЯ,
настаўніца матэматыкі
Мінойтаўскай сярэдняй школы
Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.