Беларусь — Саудаўская Аравія: падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве

- 11:59Апошнія запісы, Рознае

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча першага намесніка міністра адукацыі В.А.Богуша з дэлегацыяй Каралеўства Саудаўская Аравія на чале з генеральным дырэктарам па міжнародных адносінах Міністэрства адукацыі Каралеўства Саудаўская Аравія Салімам Мухамадам аль-Малікам.

Вадзім Анатольевіч Богуш шчыра вітаў гасцей з далёкай усходняй краіны.

— Нас можна назваць калегамі і партнёрамі, — сказаў В.А.Богуш. — За апошні час мы паспелі наладзіць паміж нашымі краінамі даволі трывалыя сувязі ў сферы адукацыі і культуры. Сведчаннем гэтага з’яўляецца распрацоўка праекта мемарандума аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі Каралеўства Саудаўская Аравія, які адкрывае шырокія абсягі паміж краінамі ў наладжванні дзелавых і сяброўскіх адносін. Да гэтага часу нарматыўная прававая база ў сферы адукацыі паміж Рэспублікай Беларусь і Каралеўствам Саудаўская Аравія не была сфарміравана.

Калі разглядаць палажэнні дакумента, то ў іх закладзены асновы супрацоўніцтва, якія стануць зыходнай кропкай узаемадзеяння паміж краінамі ў адукацыйнай і навуковай сферах. Так, дакумент прадугледжвае абмен дэлегацыямі афіцыйных прадстаўнікоў міністэрстваў, педагагічных і навуковых работнікаў, падтрымлівае і заахвочвае прамыя адукацыйныя і навуковыя сувязі паміж установамі адукацыі, спрыяе абмену экспертнымі ведамі і інфармацыяй паміж установамі вышэйшай адукацыі, іх навукова-даследчымі цэнтрамі, садзейнічае супрацоўніцтву ў галіне навуковых даследаванняў у цэлым і ў прыкладных навуках у прыватнасці.

Калі згадаць перадгісторыю станаўлення супрацоўніцтва паміж краінамі, то ў апошні час абодва бакі працавалі над зместам праекта мемарандума. У перыяд з 16 па 21 мая ў рамках правядзення другога пасяджэння Беларуска-Саудаўскага сумеснага камітэта нашу краіну наведаў з візітам саветнік — галоўны каардынатар дэпартамента пагадненняў і сумесных камітэтаў Міністэрства адукацыі Каралеўства Саудаўская Аравія Салім Мухамад аль-Малік, які ў рамках гэтага візіту сустрэўся 18 мая ў Міністэрстве адукацыі нашай краіны з намеснікам міністра адукацыі В.В.Якжыкам. Тады адбылося ўзгадненне палажэнняў міжведамаснага мемарандума, а на сустрэчы з В.А.Богушам гэты дакумент быў падпісаны. Абодва бакі выказалі спадзяванне, што мемарандум стане надзейным фундаментам для зносін і станоўча паўплывае на іх развіццё ў найбліжэйшай будучыні.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.