Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на пленарным пасяджэнні сустрэч кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін — удзельніц ініцыятывы ЕС “Усходняе партнёрства” і Вышаградскай групы ў Будапешце (Венгрыя) падкрэсліў неабходнасць спалучэння еўрапейскага і еўразійскага інтэграцыйных працэсаў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе МЗС.
У сваім выступленні Уладзімір Макей адзначыў важнасць наяўнасці канкрэтных вынікаў “Усходняга партнёрства”, уключаючы распрацоўку і рэалізацыю канкрэтных праектаў у ініцыятыве. “Ён адзначыў неабходнасць захавання неканфрантацыйнага і канструктыўнага характару “Усходняга партнёрства”. Міністр выступіў за актывізацыю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі — удзельніцамі ініцыятывы і Еўрапейскім саюзам і звязанасць еўрапейскага і еўразійскага інтэграцыйных працэсаў”, — праінфармавалі ў прэс-службе.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі правёў сустрэчу з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіярта.
Бакі абмяняліся меркаваннямі пра перспектывы пашырэння ўзаемадзеяння ў рэгіянальных ініцыятывах і міжнародных арганізацыях, а таксама нарошчвання беларуска-венгерскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Акрамя таго, на палях пасяджэння кіраўнікоў МЗС краін “Усходняга партнёрства” і Вышаградскай групы Уладзімір Макей сустрэўся з міністрамі замежных спраў Украіны, Польшчы, Грузіі, іншых краін, з якімі абмеркаваны шэраг пытанняў двухбаковага і шматбаковага парадку дня.