Беларуская — мая мова!

- 10:57Нам пішуць

Пад такім дэвізам праходзілі мерапрыемствы ў рамках Тыдня беларускай мовы, падрыхтаваныя настаўнікамі і вучнямі сярэдняй школы № 2 Маладзечна. Запланаваны прадметны тыдзень ператварыўся ў дэкаду — беларуская мова панавала ў школе з 16 да 25 лютага.

З самага ранку 16 лютага вучні, настаўнікі і госці нашай школы змаглі аднавіць у сваёй памяці выказванні знакамітых беларусаў пра родную мову. Традыцыйны рэспубліканскі конкурс для аматараў беларускай мовы і літаратуры “Буслік-2017” пачаў мерапрыемствы тыдня. На працягу апошніх гадоў колькасць удзельнікаў конкурсу традыцыйна расце, што не можа не радаваць. У гэты ж дзень адбыўся другі этап дыстанцыйнай алімпіяды для педагогаў Мінскай вобласці, дзе мне выпаў гонар прадставіць сярэднюю школу № 2 Маладзечна. А яшчэ 16 лютага старшакласнікі наладзілі выставу “Трапнае слова. Фразеалагізмы ў малюнках”. Многія добра вядомыя фразеалагізмы знайшлі новае, сучаснае, часам шаржыраванае ўвасабленне. Без падказак адгадаць іх было зусім няпроста.

На працягу наступных васьмі дзён прайшоў своеасаблівы марафон віктарын, гульняў, заданняў, рэбусаў, загадак, падарожжаў: “Падарожжа па родным краі” для сямікласнікаў, “Шчаслівы выпадак” для вучняў 11 класа; “Чэмпіёны ў моўным мнагабор’і” вызначыліся ў паралелі 6-х класаў, “Разумнікі і разумніцы” знайшліся сярод таленавітых дзевяцікласнікаў, “Пяць зорак” сабралі ўсе каманды 8-х класаў, у пошуках “Скарбаў народнай мудрасці” падарожнічалі пяцікласнікі.

Прыемна адзначыць, што веды многіх нашых вучняў у галіне беларускай мовы і літаратуры выходзяць за межы школьнай праграмы, а эрудыцыі некаторых можна пазайздросціць. Вучні добра ведаюць заслугі беларускіх спартсменаў, арыентуюцца ў знакавых момантах гісторыі нашай краіны і могуць успомніць родныя мясціны многіх беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, з упэўненасцю карыстаюцца асноўнымі паняццямі мовы і літаратуры, паспяхова прымяняюць вывучаныя арфаграфічныя і пунктуацыйныя правілы на практыцы.

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, ужо ля ўвахода ў будынак школы настаўнікі і вучні маглі азнаёміцца з вершамі, у якіх былі словы традыцыйнай беларускай ветлівасці. Усім было прапанавана гаварыць па-беларуску. У гэты дзень меню ў сталовай таксама было складзена па-беларуску. Настаўнікі і вучні падтрымалі задуму і пры выбары страў скарысталіся менавіта беларускімі назвамі. У фае школы размясцілася выстава малюнкаў з выявамі кветак і ягад. Многія з цікавасцю наведалі выставу і адкрывалі для сябе прыгожыя беларускія назвы.

Для вучняў старшых класаў была арганізавана сустрэча з маладой беларускай паэткай, перакладчыцай, журналісткай, нашай зямлячкай Аксанай Ярашонак-Камінскай. На працягу сустрэчы панавала прыемная, цёплая атмасфера. Аксана не толькі чытала свае творы, але і расказала пра крыніцы натхнення, прыгадала гісторыі стварэння некаторых вершаў, успомніла юнацкія гады, паведаміла, што паўплывала на выбар прафесіі, падзялілася сакрэтамі прафесійнай дзейнасці і нечаканасцямі, з якімі давялося сустрэцца ў журналістыцы.

Тыдзень беларускай мовы прынёс прыемныя, цікавыя і карысныя хвіліны ўсім яго ўдзельнікам, пакінуў толькі станоўчыя эмоцыі, даў магчымасць кожнаму адчуць і сказаць: “Беларуская — мая мова”.

Таццяна ІВАНЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Маладзечна.