Інавацыйная педагагічная практыка Мінскай вобласці была прадстаўлена на VIII Міжнародным форуме “Гуманітарныя аспекты ў геакультурнай прасторы”, які адбыўся ў Стамбуле. Інтэрактыўны адукацыйны праект “Чытанне ў Web 2.0. Раман з тэкстам” прадставіла ўдзельнікам форуму Людміла Віктараўна Камлюк-Ярашэнка.
Міжнародны форум “Гуманітарныя аспекты ў геакультурнай прасторы” стаў часткай праекта “Стварэнне віртуальнай адукацыйнай і навуковай прасторы інтэлектуальнай супольнасці”. Яго рэалізацыя адбываецца пры падтрымцы каардынацыйнага савета, у склад якога ўваходзяць такія краіны, як Арменія, ЗША, Італія, Паўднёвая Карэя, Расія, Славакія, Турцыя, Чэхія, Японія.
Галоўная ідэя міжнароднага праекта — аб’яднаць лінгвістаў, метадыстаў, культуролагаў, літаратуразнаўцаў і педагогаў з розных краін для выяўлення і комплекснага аналізу актуальных праблем у гуманітарнай сферы дзейнасці нацыянальных соцыумаў, а таксама пошуку шляхоў павышэння эфектыўнасці міжнароднага супрацоўніцтва, культуры зносін у рэальным і віртуальным фарматах, інтэграцыі навуковага і педагагічнага патэнцыялу спецыялістаў на аснове стварэння інавацыйнага міжкультурнага адукацыйнага і навуковага асяроддзя.
Форум адбыўся ў Стамбульскім універсітэце, які з’яўляецца адным з найбуйнейшых навуковых цэнтраў Турцыі і адным з сімвалаў сталіцы краіны. Мерапрыемства праходзіла ў рэальным і віртуальным рэжыме. Працавалі шэсць дыскусійных пляцовак, дзе абмяркоўваліся інавацыйныя кірункі тэорыі і практыкі навучання, міжкультурныя і міграцыйныя праблемы адаптацыі, білінгвальная адукацыя, смарт-тэхналогіі, філалагічныя і літаратурныя праблемы. Шмат увагі ўдзялялася методыцы выкладання мовы і літаратуры ў сучасным фармаце. Напрыклад, Людміла Віктараўна Камлюк-Ярашэнка, загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, прыняла анлайн-удзел у рабоце секцыі “Інфармацыйныя і смарт-тэхналогіі ў адукацыі” і прадставіла праект “Чытанне ў Web 2.0”, накіраваны на мадэрнізацыю літаратурнай адукацыі школьнікаў і студэнтаў, укараненне сучасных, актуальных спосабаў работы. Стваральнікі праекта распрацавалі новую методыку анлайн-чытання і прапанавалі выкарыстоўваць цікавыя і прывычныя для штодзённай камп’ютарнай практыкі навучэнцаў віды дзейнасці (гіперспасылка, каментарый, чат, пост, постар, буктрэйлер) у адукацыйных, развіццёвых і выхаваўчых мэтах. Вопыт рэалізацыі інтэрактыўнага адукацыйнага праекта “Чытанне ў Web 2.0. Раман з тэкстам” у 2014—2015 гадах паказаў, што пры такім падыходзе чытач пачынае ўсведамляць дыялагічную прыроду мастацтва, развівае ў сабе здольнасць рэагаваць, адказваць на аўтарскія інтэнцыі. У сваім выступленні Людміла Віктараўна дала філолага-педагагічнае абгрунтаванне дадзенай методыкі, прадставіла вынікі ўкаранення праекта ў школе і УВА. Гэты інтэрактыўны адукацыйны праект апублікаваны ў зборніку матэрыялаў форуму.
— Удзел у такім статусным форуме дае магчымасць уваходжання ў міжнародную супольнасць, — дзеліцца думкамі Людміла Віктараўна. — Для нас вельмі важна ацаніць, наколькі актуальны наш праект у кантэксце сусветных методык, і прыемна, што работа атрымала высокую ацэнку.
З інавацыйным праектам азнаёміліся спецыялісты на міжнародным узроўні. Адзначым, што чытачы “Настаўніцкай газеты” ўжо маглі раней прачытаць аб праекце на старонках выдання. Ён можа выкарыстоўвацца ў любой галіне, у любым вучэбным прадмеце. Замест мастацкага твора можна ўзяць задачу, формулу, гістарычную крыніцу і іншае. Форма і сродкі застаюцца тыя ж, стратэгія і алгарытм работы карэкціруюцца і адаптуюцца, зыходзячы з методыкі канкрэтнага прадмета.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.