Беларускі тыдзень у глускіх школах

- 12:03Навіны рэгіёнаў

Ва ўстановах адукацыі Глускага раёна сур’ёзна задумаліся над праблемай засваення школьнікамі беларускай мовы. Супрацоўнікі раённага вучэбна-метадычнага кабінета, прааналізаваўшы сітуацыю, прыйшлі да высновы, што большасць сучасных навучэнцаў сустракаецца са значнымі цяжкасцямі пры вывучэнні роднай мовы.

— Вакол дзяцей адсутнічае сапраўднае беларускамоўнае асяроддзе. У асноўным мовай дзіцячага мыслення зараз з’яўляецца руская. Як вынік — школьнікі не адчуваюць запатрабаванасці ва ўжыванні беларускай мовы ў штодзённай рэальнасці. Мы задаліся пытаннем: як прызвычаіць навучэнцаў да мовы? — расказала метадыст РВМК Наталля Някрасава.

Змяніць сітуацыю ў мясцовым вучэбна-метадычным кабінеце вырашылі праз выкарыстанне сучасных падыходаў да выкладання беларускай мовы. Перад педагагічнымі калектывамі раёна была пастаўлена задача знайсці падыходы і тэхнікі, якія дазволяць заахвоціць дзяцей у імкненні да ведаў і зробяць навучанне больш паспяховым. Самым масавым і выніковым мерапрыемствам у гэтай сістэмнай рабоце стала паўсюднае правядзенне тыдняў беларускай мовы і літаратуры.

— Арганізацыя такіх прадметна-метадычных тыдняў спрыяе ўзмацненню матывацыі дзяцей да вывучэння роднай мовы. Падчас тэматычных дзён пашыраецца кругагляд навучэнцаў, павялічваецца іх культурны ўзровень, пазнавальныя інтарэсы, — адзначыла Наталля Ульянаўна.

Па яе словах, сёлета прадметныя тыдні прайшлі для навучэнцаў пачатковых класаў дзевяці агульнаадукацыйных устаноў і Глускай санаторнай школы-інтэрната. У кожнай установе мерапрыемства выдалася яркім і цікавым. Так, у сярэдняй школе № 1 райцэнтра педагогі кожны тэматычны дзень імкнуліся да фарміравання ў вучняў культуры маўлення, павагі да нацыянальнай мовы і культуры, развіцця іх творчых здольнасцей і маральных якасцей. Ва ўстанове правялі малую алімпіяду па беларускай мове і літаратуры, арганізавалі экскурсіі па этнаграфічным кутку “Беларуская хатка” і выставе “Нашы знакамітыя землякі: С.І.Грахоўскі”. Акрамя таго, у школе ладзілі разнастайныя конкурсы, фальклорныя святы, а на перапынках дзеці ўдзельнічалі ў беларускіх гульнях.

Не менш насычана праходзіў прадметны тыдзень і ў іншых навучальных установах. Напрыклад, у раённай гімназіі адбылася выстава насценных газет, конкурс чытальнікаў, пазакласныя мерапрыемствы і адкрытыя заняткі ў кожным класе, конкурс малюнкаў, брэйн-рынг, тэматычны ранішнік.

— У Завалочыцкім ВПК кожны дзень меў пэўную назву: “Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску”, “Усяму пачатак родная мова”, “Нам засталася спадчына…”, “З любоўю да роднага слова”, “Мая родная мова! Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!”. У сярэдняй школе № 2 горада прайшлі фестываль “Куфэрак мультыплікацыйных фільмаў і казак”, хіт-парад “Сто песень для Беларусі”, выстава кніг і часопісаў “Песняры зямлі беларускай”, конкурсы і экскурсіі. Разам з педагогамі вучні афармлялі і выпускалі інфармацыйныя плакаты, насценгазеты, праводзілі флэш-мобы і святы. Адметнасцю тыдня ў Каткаўскім ВПК сталі конкурсы на лепшы сшытак па беларускай мове і лепшага дэкламатара беларускіх вершаў. А вось у Заеліцкім ВПК арганізавалі “Дзень беларускіх пісьменнікаў”, “Дзень зімовых беларускіх гульняў і свят”, “Дзень фразеалагізмаў”, “Дзень беларускай народнай казкі”, “Дзень беларускіх рамёстваў”. Разнастайнымі падзеямі былі напоўнены метадычныя тыдні таксама ў Клятнянскім і Усцярхоўскім вучэбна-педагагічных комплексах, Глускай санаторнай школе-інтэрнаце, — паведаміла Наталля Някрасава.

Важна, што ўсе педагагічныя калектывы пры арганізацыі падобных вучэбных мерапрыемстваў кіраваліся адным прынцыпам — задзейнічаць у іх усіх вучняў. Гэта ў мясцовых настаўнікаў атрымалася. Падчас беларускага тыдня кожны навучэнец меў магчымасць праявіць сябе, рэалізаваць свае творчыя здольнасці і, галоўнае, павысіць -узровень валодання беларускай мовай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Глускім раённым
вучэбна-метадычным кабінетам.