Беларускія школьнікі ўпершыню прынялі ўдзел у чэмпіянаце свету па лыжных гонках

- 16:43Рознае, Спартыўныя падзеі

З 9 па 14 сакавіка ў Эстоніі прайшоў чэмпіянат свету сярод школьнікаў па лыжных гонках, у якім сёлета прыняла ўдзел і каманда Беларусі. Згодна з рэгламентам спаборніцтваў, прадстаўляць краіну мелі права спартсмены-школьнікі, якія з’яўляюцца навучэнцамі адной установы адукацыі. 
Яна Сасноўская, Настасся Агеева, Настасся Пахоменка і Дар’я Ручко — навучэнкі гімназіі № 1 Оршы Віцебскай вобласці, менавіта яны сталі “абліччам” Беларусі на чэмпіянаце і заваявалі 6 месца.

Арганізатарам гэтых спаборніцтваў з’яўляецца міжнародная федэрацыя школьнага спорту (ISF). Сёння яе члены — 67 краін свету. Беларусь — член ISF з 2012 года.
“Наша каманда была прадстаўлена на чэмпіянаце ў старэйшай узроставай групе, паколькі ўсе дзяўчаты — навучэнкі 10-11 класаў, — адзначыла старшыня беларускай дэлегацыі ў Эстоніі Таццяна Францішкаўна Быстрая. — Залік на спаборніцтвах быў толькі камандным, і спартсменкам патрэбна было паспяхова выступіць у трох дысцыплінах. У першы дзень яны беглі 1 км вольным стылем. У другі дзень прынялі ўдзел у гонцы Гундэрсена 2×2,5 км. Трэці дзень спаборніцтваў уключаў у сябе эстафету.
Спаборнічаць было складана, бо канкурэнтамі аказаліся школьнікі, якія займаюцца ў спартыўных гімназіях Германіі, Аўстрыі, Эстоніі. Нашы ж дзяўчаты паралельна з вучобай у гімназіі займаюцца ў Аршанскім аддзяленні Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па зімніх відах спорту (трэнер А.І.Карсакоў)”.
“Для беларускіх школьнікаў гэта першы вопыт удзелу ў лыжных спаборніцтвах такога ўзроўню, — падкрэсліла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціна Віктараўна Баляба. — Натуральна, што першы раз мы саступілі такім “снежным” краінам з моцнай лыжнай школай, як Германія, Аўстрыя, Расія. Да таго ж, на наш погляд, школьныя спаборніцтвы павінны мець найперш сяброўскі характар, іх мэта — аб’яднанне дзяцей розных краін з дапамогай спорту.
Мы ўдзячныя Беларускаму лыжнаму саюзу і яго старшыні Наталлі Уладзіміраўне Пяткевіч за падтрымку нашай ініцыятывы. Разам мы распрацавалі аб’ёмны стратэгічны план мерапрыемстваў, які ўкладваецца ў план міжнароднай федэрацыі лыжных гонак “Выведзем дзяцей на снег”.
Шкада, што сёлета так хутка скончылася зіма, бо мы атрымалі згоду ад усіх нашых знакамітых лыжнікаў аб правядзенні майстар-класаў для дзяцей. Аднак нам нішто не перашкаджае зрабіць гэта ў наступным навучальным годзе. Думаецца, цікавым будзе шэраг сустрэч з лыжнікам Сяргеем Далідовічам, найбольш паспяховымі для якога сталі дыстанцыйныя гонкі, Міхаілам Сямёнавым, пераможцам зімовай універсіяды ў Трэнта”.
І ўсё ж, якія перспектывы маюць юныя беларускія лыжнікі на сусветным узроўні? Спецыялісты адзначаюць, што ўдзел у першым такім чэмпіянаце даў магчымасць адчуць узровень сапернікаў і ў далейшым праводзіць адпаведны адбор на ўзроўні краіны. Разам з тым галоўнай мэтай чэмпіянату яны называюць матывацыю для далейшага развіцця ў прафесійным спорце тых юных спартсменаў, якія не трапілі ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Як вядома, рэгламент чэмпіянату свету сярод школьнікаў не дапускае ўдзелу ў ім навучэнцаў падобных устаноў.
“У нашых планах пашырэнне календара спаборніцтваў для навучэнцаў спартыўных школ, і менавіта на гэта мы плануем арыентавацца, — адзначыла В.В.Баляба. — Будзем працаваць на фарміраванне рэзерву для папаўнення нацыянальных каманд”.

 

Наталля АЛЁХІНА.