Беларускія спадкаемцы Лахса

- 11:32Вышэйшая школа

Каманда факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта стала прызёрам Міжнароднага конкурсу па касмічным праве імя Манфрэда Лахса.

Як паведамляе прэс-служба БДУ, сусветны фінал спаборніцтваў прайшоў у межах Міжнароднага кангрэса аст-ранаўтыкі 2—4 кастрычніка ў Брэмене (Германія). Яго ўдзельнікамі сталі чатыры каманды, якія прадстаўлялі пэўны кантынент: Еўропу, Азію, Афрыку і Паўночную Амерыку. Права прадстаўляць Еўропу зборная ФМА БДУ заваявала ў адборачным еўрапейскім раўндзе, дзе адолела 20 каманд з Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Бельгіі, Італіі, Расіі і іншых краін.

Супернікамі беларускай каманды ў Германіі сталі каманды з Універсітэта Луізіяны (ЗША), Юрыдычнай школы Symbiosis (Індыя) і Універсітэта Прэторыі (ПАР). Канкурсанты павінны былі падрыхтаваць пісьмовую і вусную пазіцыю на англійскай мове па змадэляванай справе ў межах працэдуры разглядання спрэчкі ў Міжнародным судзе ААН. Пытанні, якія разглядалі студэнты, тычыліся правамернасці кібератак, магчымасці выкарыстання касмічных рэсурсаў, тэрафарміравання (змянення клімату) і адказнасці за страты, прынесеныя касмічнымі аб’ектамі.

Да спаборніцтва студэнтаў рыхтавалі старшы выкладчык кафедры міжнароднага права ФМА Кацярына Кузняцова і выпускніца факультэта Таццяна Зінякова. Зладжаная работа трэнераў дала плён: магістрантка Дар’я Богдан і чацвёртакурсніца Алена Лаўрэнава былі прызнаны аўтарамі лепшай у свеце пісьмовай пазіцыі і ўзнагароджаны прызам Bestmemorials. У далейшым работа будзе змешчана на афіцыйным сайце конкурсу як узор для будучых удзельнікаў спаборніцтва.

Міжнародны конкурс па касмічным праве імя Манфрэда Лахса вядзе сваю гісторыю з 1992 года. Арганізатарамі еўрапейскага раўнда конкурсу штогод выступаюць Еўрапейскі цэнтр па касмічным праве (European Centre for Space Law) і Еўрапейскае касмічнае агенцтва (European Space Agency — ESA) у супрацоўніцтве з Міжнародным інстытутам па касмічным праве (International Institute of Space Law). У склад журы сусветнага фіналу сёлета ўвайшлі дзеючыя суддзі Міжнароднага суда ААН: віцэ-прэзідэнт суда Сюэ Ханьцынь (Кітай), Пітэр Томка (Славакія) і Кірыл Геваргян (Расія).

Падрыхтавала Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.