“Белы бусел” распроствае крылы

- 12:43Спартыўныя падзеі
У Мінску прайшлі міжнародныя спаборніцтвы па авіямадэльным спорце ў класе мадэляў F-2D “Паветраны бой”. Спаборніцтвы маюць статус этапу Кубка свету, Кубка Еўразіі, Кубка Беларусі “Белы бусел”. У іх прынялі ўдзел каманды Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Балгарыі, якія ў цэлым прадставілі 27 экіпажаў. Паветраныя баі прайшлі на палігоне Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Галоўным ініцыятарам і арганізатарам спаборніцтваў выступіў Рэспубліканскі дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі. У правядзенні спаборніцтваў актыўны ўдзел прынялі Рэспубліканскае аб’яднанне “Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіацыі і флоту Рэспублікі Беларусь”, грамадскае аб’яднанне “Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту”.

Як расказаў Аляксандр Гаўрылавіч Серада, намеснік дырэктара Дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, сёння авіямадэльны спорт набывае ўсё большую папулярнасць сярод моладзі. За апошні час істотна пашырылася сетка гурткоў тэхнічнай творчасці, аматарскіх аб’яднанняў, якія арганізаваны на базе навучальных устаноў прафесійнай адукацыі, у тым ліку і ў Рэспубліканскім доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.
Падлеткі там вучацца канструяваць лятальныя апараты, набываюць веды з гісторыі авіяцыйнай тэхнікі, вывучаюць асновы тэорыі і практыкі палётаў і аэрадынамікі і, безумоўна, актыўна ўдзельнічаюць у шматлікіх спаборніцтвах. У час спартыўных мерапрыемстваў яны ўдасканальваюць спартыўнае і прафесійнае майстэрства, абменьваюцца вопытам у галіне авіямадэлізму з іншымі спартсменамі.
Трэба нагадаць, што ў мінулым годзе Рэспубліканскім домам навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі разам з Беларускай федэрацыяй авіяцыйнага спорту была праведзена мэтанакіраваная работа па арганізацыі міжнародных спаборніцтваў па авіямадэльным спорце ў нашай краіне. У выніку быў атрыманы сертыфікат на права правядзення этапу Кубка свету па авіямадэльным спорце ў класе мадэляў F-2D “Паветраны бой” у Рэспубліцы Беларусь. Спаборніцтвы былі ўнесены ў каляндар спаборніцтваў Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі (FAI) і былі праведзены ў Мінску. Суддзі міжнароднай катэгорыі, члены журы гэтай федэрацыі настолькі высока ацанілі правядзенне мінулагодняга спаборніцтва, што камісіяй па авіямадэльным спорце FAI было прынята рашэнне зноў правесці ў Рэспубліцы Беларусь этапы Кубка свету па авіямадэльным спорце. Такім чынам, у гэтым годзе Рэспубліканскі дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі і Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту атрымалі ліцэнзію на правядзенне міжнародных спаборніцтваў такога высокага рангу менавіта ў нашай краіне.

Суддзя міжнароднай катэгорыі, член журы Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі, заслужаны трэнер Украіны па авіямадэльным спорце Мікалай Мікалаевіч Васількоў расказаў, у чым заключаецца сутнасць паветраных баёў, якія праводзяцца ў рамках спаборніцтва. Так, у прыватнасці, удзельнікі спаборніцтва выкарыстоўваюць у палёце кордавыя радыёкіруемыя апараты, якімі кіруюць з дапамогай сталёвай ніткі — корда. Кордавы пілатаж найбольш відовішчны ў паветраным баі. Гэта спаборніцтва двух экіпажаў, якія запускаюць свае лятальныя апараты і праводзяць паміж сабой паветраны бой. На хвасце ў кожнага з самалётаў знаходзіцца стужка даўжынёй 2,5 метра. Згодна з правіламі паветранага бою, удзельнік павінен адсекчы максімальны кавалак гэтай стужкі ад самалёта-саперніка. Экіпажы атрымліваюць за кожны такі зрэз стужкі дадатковыя балы. Адметна, што трэба зразаць стужку вельмі асцярожна, каб не збіць самалёт саперніка. Калі ўсё ж самалёт збіты, то механік на зямлі імкнецца хутчэй адрамантаваць яго, запускае рухавік і зноў накіроўвае ў неба. За кожную хвіліну знаходжання авіямадэлі на зямлі экіпажу пагражаюць штрафныя санкцыі. Удзельнікі спаборніцтваў, якія атрымалі за паветраны бой максімальную колькасць балаў, выходзяць у фінал. Па максімальнай колькасці балаў у фінале вызначаецца пераможца спаборніцтва.
Кожная мадэль павінна мець устаноўленыя параметры размаху крылаў і аб’ёму рухавікоў, што фіксуецца судзейскай калегіяй. Усе спартсмены праводзяць дэталёвую настройку свайго самалёта перад боем. Кожны з механікаў экіпажа робіць балансіроўку авіямадэлі, каб наладзіць яе пад умовы надвор’я і існуючы ландшафт. Калі дзьме вецер, то трэба дакладна ведаць, як будзе паводзіць сябе мадэль пры спадарожным яго парыве альбо пры паветраным супраціўленні.

Узрост у авіямадэльным спорце не абмежаваны, і ў складзе каманд, што прыехалі на спаборніцтвы ў Мінск, можна было ўбачыць і падлеткаў, і дарослых спартсменаў.
Найбольш прадстаўнічай сёлета была каманда авіямадэлістаў з Расійскай Федэрацыі, у склад якой уваходзяць школьнікі і студэнты. Адзіная ў спаборніцтве “Белы бусел” дзяўчынка — таксама прадстаўніца гэтай каманды. У размове пад гул міні-самалётаў, якія ўзнімаліся на вялікай хуткасці ў неба, трэнер расійскай каманды Яўген Аляксандравіч Рэзін, вядомы авіямадэліст, майстар спорту, расказаў, што яго авіямадэльная кар’ера вельмі шчыльна звязана з Беларуссю, асабліва з Рэспубліканскім домам навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.
— Неба над Мінскам стала сувязным звяном у сяброўстве паміж спартсменамі Беларусі і Расіі, і паветраныя баі, якія мы арганізоўваем паміж нашымі камандамі, яшчэ больш умацоўваюць нашы сяброўскія сувязі і адточваюць лётнае майстэрства, — адзначыў трэнер расійскай каманды.
Адзін з членаў расійскай зборнай Дзяніс Есаулкаў, можна сказаць, вырас у Беларусі. Яму толькі 18 гадоў, але 10 з іх ён прысвяціў авіямадэльнаму спорту і ўжо шмат гадоў прыязджае на спаборніцтвы ў Мінск, дзе выступае са сваімі беларускімі равеснікамі.
— На гэтым авіяпалігоне я запусціў у неба сваю авіямадэль ужо ў другі раз, — расказаў Дзяніс. — У мінулым годзе я таксама ўдзельнічаў у спаборніцтвах. Прыемна ўспомніць, што старты майго самалёта былі паспяховымі, і я стаў пераможцам.
Хлопец — майстар спорту, удзельнік міжнародных паветраных баёў, у тым ліку на чэмпіянаце Еўропы па авіямадэльным спорце. Увогуле ў біяграфіі юнака шмат спаборніцтваў па авіямадэльным спорце. Ён часта выязджае за мяжу, у прыватнасці ў краіны Балтыі, ва Украіну і Беларусь, яго ўжо добра ведаюць члены іншых каманд авіямадэлістаў. Любімая справа Дзяніса істотна паўплывала на яго прафесійны выбар. Ён ужо не можа жыць без неба і ў мінулым годзе паступіў у Маскоўскі авіяцыйны інстытут. У будучым хлопец марыць стаць прафесійным авіяканструктарам і ствараць сапраўдныя самалёты.
— Спаборніцтвы ў Мінску маюць вельмі істотную прымету, — падзяліўся сваімі пачуццямі Дзяніс Есаулкаў. — Выклікае прыхільнасць іх добразычлівая і сардэчная атмасфера, якая ўплывае на душэўны стан. Хваляванне адразу знікае і хочацца проста тварыць як мастак, толькі не на палатне, а ў небе. Удзельнікі гэтага паветранага шоу не гоняцца за вынікамі, не імкнуцца “ваяваць” у паветраных баях, яны хочуць паказаць сапраўднае лётнае майстэрства, філіграннасць лётных фігур, спрытнасць і кемлівасць.
Хлопцы з беларускай каманды Арцём Васіленка і Сяргей Кахно прыехалі з Гомеля, дзе скончылі прафтэхустановы і атрымалі рабочыя прафесіі. Цяпер яны працуюць на мясцовых прадпрыемствах, але не закінулі, як кажуць, на печ свае авіямадэлі. З самага дзяцінства Арцём і Сяргей займаюцца гэтым відам спорту і ні разу не пашкадавалі аб сваім выбары. Наведваючы станцыю юных тэхнікаў, з першых дзён хлопцы былі зачараваны гэтай справай і не здраджваюць ёй ужо многія гады. За гэты час іх сяброўства ў жыцці перарасло ў сфарміраваны экіпаж, у якім адзін — лётчык, а другі — механік. Зладжаныя дзеянні ў час запуску свайго самалёта заўсёды давалі выдатны вынік, і хлопцы неаднаразова станавіліся пераможцамі.

Віталь Снітко, педагог дадатковай адукацыі, мае шмат таленавітых выхаванцаў. Ужо 20 гадоў ён кіруе гуртком тэхнічнай творчасці па авіямадэлізме ў Рэспубліканскім доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі. Дзеці з усіх раёнаў Мінска з задавальненнем прыходзяць да свайго настаўніка, які кожны раз цікава і захапляльна праводзіць заняткі.
— У мой гурток прыходзяць дзеці, якія спачатку нават не ўяўляюць, што такое авіямадэльны спорт, — расказаў Віталь Станіслававіч. — З першых заняткаў я імкнуся кожнага з выхаванцаў зацікавіць гэтай справай, даю магчымасць раскрыць сябе, паказаць свае здольнасці. Ёсць, канечне, тыя, хто ўжо не вяртаецца пасля першага ўрока, але большасць усё ж такіх, хто захапіўся авіямадэлізмам па-сапраўднаму. Такім дзецям я стараюся перадаць увесь свой вопыт, усё майстэрства, якія набыў за 30 гадоў, што займаюся авіямадэлізмам.
Віталь Станіслававіч у авіямадэльным спорце вядомая асоба. Ён не толькі трэніруе юных авіямадэлістаў, але і сам з’яўляецца ўдзельнікам спаборніцтваў самага высокага рангу. Ён выступае побач са сваімі выхаванцамі, якія, пачаўшы з нуля, з дапамогай лётнага маэстра сталі майстрамі спорту, прызёрамі шматлікіх міжнародных спаборніцтваў. Многія былыя гурткоўцы Віталя Снітко скончылі навучальныя ўстановы, звязаныя з авіяцыяй, і сёння лятаюць на лайнерах ва ўсе часткі свету альбо працуюць у дыспетчарскай службе.

А вось і ўжо знаёмы беларускі экіпаж, пра якога наша газета паведамляла пры правядзенні мінулагодніх спаборніцтваў “Белы бусел”. Паша Няхай прыкметна падрос, узмужнеў за гэты год, але такі ж жвавы і з пранікнёным позіркам.
— Да свайго маленькага самалёціка я стаўлюся як да сябра, які мяне ніколі не падводзіць, — расказаў Павел. — На ўсіх папярэдніх спаборніцтвах сярод равеснікаў я быў у ліку прызёраў. Безумоўна, у гэтым заслуга перш-наперш майго таты, які з’яўляецца для мяне самым надзейным памочнікам і вопытным калегам.
Сапраўды, Віктар Няхай з маленства прывіваў сыну цікавасць да авіямадэльнага спорту.
— Я сам з дзяцінства займаўся авіямадэлізмам у сталічным гуртку тэхнічнай творчасці, — гаворыць Віктар. — Мы займаліся там стварэннем авіямадэляў і потым ішлі іх выпрабоўваць на мясцовы палігон. Мне вельмі падабалася гэтым займацца і я вырашыў далучыць да заняткаў свайго сына. Спачатку, калі я ствараў чарговую мадэль, хлопчык толькі падносіў мне неабходныя дэталі, а потым, калі падрос, стаў больш усвядомлена цікавіцца тым, чым я займаюся. У выніку і сын па-сапраўднаму захапіўся гэтай справай.
Бацька і сын Няхаі вельмі актыўныя ўдзельнікі як беларускіх, так і міжнародных спаборніцтваў. У іх скарбонцы ўзнагароды самай высокай пробы. І на гэты раз дабавіліся новыя.

Сапраўдным упрыгажэннем спаборніцтва “Белы бусел” можна было назваць адзіную дзяўчынку-ўдзельніцу паветраных баёў Вераніку Наскову.
— Я першы раз прыехала на “Белы бусел” і, безумоўна, вельмі хвалявалася, — расказала дзяўчына. — Спаборнічаць з хлопцамі, тым больш з вопытнымі авіямадэлістамі, няпроста, але ж у мяне характар байцовы, я не здамся і буду змагацца да апошняга.
Вераніка прыехала з Маскоўскай вобласці са сваім татам, вядомым авіямадэлістам Уладзімірам Анатольевічам Насковым. Ён марыў заахвоціць дачку да гэтага віду спорту, калі яна была яшчэ зусім маленькай, але не вельмі атрымлівалася. Дзяўчынка больш цікавілася жаночымі справамі, лічачы, што авіямадэлізм ёй не па плячы. Але, відаць, гены ўсё ж узялі сваё, і ў 14 гадоў Вераніка стала больш сур’ёзна займацца авіямадэлізмам і ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Спачатку яна наведвала заняткі ў гуртку па авіямадэлізме, потым стала ствараць мадэлі разам з татам. Пакуль у Веранікі яшчэ мала паветраных баёў, але з кожным разам яе майстэрства расце, а рука на штурвале мацнее.
— Я спачатку і не думала, што так захаплюся гэтым спортам, — расказала Вераніка. — Раней я лічыла, што гэта толькі мужчынскі занятак і ў мяне не атрымаецца. Але паступова прыйшла зацікаўленасць да гэтай справы, спартыўны азарт і ўрэшце авіямадэлізм трывала ўвайшоў у маё жыццё. Я прыехала на першыя свае міжнародныя спаборніцтвы і рада, што не адстала ад хлопцаў.
Вераніка перайшла ў 8 клас, але ў будучым хоча прысвяціць сябе авіяцыі. Яна лічыць, што яе тэхнічныя навыкі ў стварэнні міні-самалётаў, уменне лятаць на іх дапамогуць ёй у будучай прафесіі. Цяпер яе мара — навучыцца авіямадэлізму на прафесійнай аснове і перамагаць у спаборніцтвах. Сёлета пілот Вераніка Наскова і механік Максім Цімохін занялі ў спаборніцтвах другое месца. Пераможцам сярод юніёраў стаў расійскі экіпаж з ужо вядомым пілотам Дзянісам Есаулкавым і механікам Паўлам Сцегніем. “Бронза” ў экіпажа з Беларусі — пілота Дзмітрыя Жывеня і механіка Сяргея Поварава.

Ала КЛЮЙКО.