“Бессмяротны полк” дайшоў да Верамеек

- 16:51Нам пішуць

У гэтым годзе “Бессмяротны полк” прайшоў па вуліцах аграгарадка Верамейкі Чэрыкаўскага раёна. Адказнасць за падрыхтоўку і правядзенне шэсця ў аграгарадку ўзяла на сябе Верамейская сярэдняя школа. За месяц да 9 Мая ў кожным класе школы былі праведзены гутаркі аб мерапрыемстве, яго гісторыі і значэнні для ўшанавання памяці ветэранаў-франтавікоў. Навучэнцы школы павінны былі знайсці ў сямейных альбомах фатаграфіі прадзедаў, якія ваявалі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1941—1945 гадах. Затым фатаграфіі рыхтаваліся да друку на транспаранты. Былі выпадкі, калі фатаграфіі не захаваліся. Тады на транспаранце друкаваўся ордэн Айчыннай вайны з імем продка.

Акрамя школы, у мерапрыемстве мог узяць удзел кожны жыхар аграгарадка, а таксама госць населенага пункта. Для апавяшчэння жыхароў былі развешаны аб’явы аб фарміраванні “палка”. Калі ў каго-небудзь узнікалі цяжкасці ў стварэнні транспаранта — можна было звярнуцца па кантактных тэлефонах у школу. Усім была аказана дапамога.

8 мая ў 12.30 пачалася ўрачыстая лінейка, прысвечаная 72-й гадавіне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вяла лінейку дырэктар школы Алена Міхайлаўна Стаханава.

Падтрымаць удзельнікаў шэсця прыехалі ваенны камісар Чэрыкаўскага райваенкамата падпалкоўнік Юрый Валер’евіч Галаўнёў (ён ішоў у страі палка з фотаздымкамі сваіх дзядоў-франтавікоў), старшыня Савета дэпутатаў Чэрыкаўскага райвыканкама Віктар Пятровіч Іванькоў, старшыня Верамейскага сельскага выканкама Ірына Мікалаеўна Крыксіна.

У ганаровай варце каля брацкай магілы стаялі курсанты Магілёўскага ваенна-патрыятычнага клуба “Перасвет”. Усяго на шэсце, нягледзячы на дождж, прыйшло больш за дзвесце чалавек.

Усе сабраныя матэрыялы (фатаграфіі, гісторыі пра франтавікоў) будуць перададзены ў хуткім часе ва ўсерасійскі рух “Бессмяротны полк” і апублікаваны на іх афіцыйным сайце. Па выніках шэсця на сайце школы з’явіўся новы фотаальбом “Бессмяротны полк”, спасылка на яго размешчана на галоўнай старонцы афіцыйнага сайта ўстановы адукацыі wer.cherikov.edu.by. Кожны жадаючы можа таксама звярнуцца ў школьны музей баявой славы па дапамогу ў пошуку звестак пра свайго франтавіка.

Сяргей ЛУКАШЭНКА,
настаўнік Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна.