Без абдымкаў ніхто не застаўся!

- 12:59Нам пішуць

Выхаванне любові, дабрыні і бескарыслівасці ў дзецях з’яўляецца адным з важных напрамкаў адукацыйнага працэсу. Педагогі павінны часцей гаварыць вучням пра міласэрнасць і спачуванне, справядлівасць і дабро, любоў да навакольнага свету і многія іншыя маральныя катэгорыі. 

Нядаўна ў нашай школе па ініцыятыве дырэктара Т.Б.Страпко адбылася акцыя “Абдымаю проста так”, у якой удзельнічалі не толькі дзеці, але і настаўнікі. Асаблівай актыўнасцю вылучаліся дзевяцікласнікі — члены БРПА Кацярына Ваўчок, Хрысціна Добыш, Яна Заец, Аляксандра Гацук і Кацярына Нядвецкая. Не засталіся ўбаку і першакласнікі. Спачатку яны, праўда, крыху разгубіліся ад нечаканасці, але калі старшакласніцы пачалі іх абдымаць і гаварыць цёплыя словы, то адразу ажывіліся, заўсміхаліся, падзякавалі і пачалі абдымаць адно аднаго. Вучні розных класаў з задавальненнем падтрымалі актывістаў, дзякавалі сябрам і настаўнікам, жадалі ўсім шчасця і добрага настрою. Адчувалася, што мерапрыемства спадабалася кожнаму.
На агульнашкольнай лінейцы дырэктар Т.Б.Страпко падзякавала ўсім удзельнікам акцыі, адзначыўшы, што ў жыцці вельмі важна навучыцца гаварыць адно аднаму простыя словы “дзякуй”, “выбачай”, “даруй”, “будзьце здаровы”, “калі ласка”, “усяго вам добрага”. Абняць каго-небудзь — гэта таксама азначае сказаць “дзякуй”. Сёння многія забываюць пра гэта. Важна, каб праведзеная акцыя не абмежавалася школай, а знайшла працяг дома, дзе вучні абдымуць сястрычку, браціка, бацькоў.
— Акцыя падарыла цудоўны настрой! — прызналася Хрысціна Добыш. — Прыемна было бачыць шчаслівыя твары малышоў і равеснікаў!
— З задавальненнем удзельнічала ў акцыі, — дадала Кацярына Ваўчок. — Хацелася б, каб такія акцыі праходзілі часцей, бо яны цікавыя і вясёлыя, дораць добры настрой.
— Акцыя вельмі добрая, — заўважыла Кацярына Нядвецкая. — Без адбымкаў ніхто не застаўся! Прыемна дзяліцца цеплынёй сэрца з іншымі людзьмі.
— Вельмі спадабалася дарыць клопат сябрам, — адзначыла Яна Заец. — Варта часцей ладзіць акцыя, якія паляпшаюць настрой. Я вучуся ўсяму добраму, што бачу ў школе. Дома абняла бацькоў. Яны вельмі абрадаваліся. Абмен добрымі словамі зрабіў мой дзень лепшым.

Аксана РОСЛЯК,
педагог-арганізатар Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.