Біялогія без дысанансу

- 11:14Рознае, Суразмоўца

Праблемамі школьнай адукацыі М.Д.Лісаў пачаў займацца даўно (недзе ў пачатку 80-х гадоў), калі па службовых абавязках пачаў наведваць школу, спачатку падчас кіраўніцтва педагагічнай практыкай студэнтаў, а затым працаваў настаўнікам біялогіі ў класах з паглыбленым вывучэннем біялогіі, праводзіў заняткі з вучнямі педагагічных класаў. І там малады выкладчык звярнуў увагу на тое, што школьны курс агульнай біялогіі неяк дысануе з падыходамі вышэйшай школы, дзе дысцыпліны агульнабіялагічнага цыкла выбудаваны больш лагічна. У той час вывучэнне агульнай біялогіі ў школе пачыналася з эвалюцыйнай тэорыі, у якой пераважала тэорыя Ч.Дарвіна.

З сярэдзіны ХХ стагоддзя эвалюцыйная тэорыя Дарвіна набывае чыста гістарычны інтарэс, бо на змену прыйшла сінтэтычная тэорыя эвалюцыі, з’явіліся і іншыя канцэпцыі. У выніку тое, што ў агульнай біялогіі павінна было стаяць у канцы і абагульняць, знаходзілася ў пачатку, а, напрыклад, малекулярны, клетачны, арганізменны ўзроўні вывучаліся пазней. Вось у тыя часы і з’явілася ідэя стварыць новую інавацыйную школьную праграму, адным з аўтараў якой і стаў Мікалай Дзмітрыевіч. Цягу да інавацый мой суразмоўнік захаваў па сённяшні дзень. Інакш не патлумачыш яго энтузіязм зрабіць школьную біялогію сучаснай.

Мікалай Дзмітрыевіч ЛІСАЎ — кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры агульнай біялогіі і батанікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага (1978), аспірантуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В.Ламаносава (1978—1981). У сакавіку 1982 года ў МДУ імя М.В.Ламаносава абараніў кандыдацкую дысертацыю. У БДПУ імя Максіма Танка працуе з 1982 года, педагагічны стаж — больш за 30 гадоў. На працягу 18 гадоў працаваў загадчыкам кафедры агульнай біялогіі, загадчыкам кафедры батанікі і асноў сельскай гаспадаркі.

М.Д.Лісавым апублікавана больш за 400 прац, з іх 25 кніг. Сярод кніг — 2 падручнікі для сярэдняй школы (“Біялогія” для 6 класа, 2015, “Біялогія” для 10 класа, 2014), вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў ВНУ, навучэнцаў сярэдняй школы і абітурыентаў, метадычныя дапаможнікі для настаўнікаў. Тры кнігі выдадзены ў Расійскай Федэрацыі.

Мікалай Дзмітрыевіч з’яўляецца кіраўніком калектыву па распрацоўцы канцэпцыі, праграм і вучэбных дапаможнікаў па біялогіі для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. Удзельнічаў у распрацоўцы адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў і праграм для біялагічных спецыяльнасцей педагагічных ВНУ.

— Мікалай Дзмітрыевіч, ваша супрацоўніцтва (як навукоўца) са школай пачалося са складання прынцыпова новай праграмы. Цяпер вы аўтар не толькі праграм, але і шэрага вучэбных дапаможнікаў па школьнай біялогіі, прызнаны спецыяліст, які не баіцца брацца за новую дзейнасць. Пачынаць было складана?

— Не, хацелася змен. Тая першая праграма істотна адрознівалася ад дзеючай. Нам удалося апублікаваць яе ў “Народнай асвеце”, каб з ёй пазнаёмілася педагагічная грамадскасць. У хуткім часе ў нашай краіне пачалася рэформа агульнай сярэдняй адукацыі, і мяне запрасілі прыняць удзел у распрацоўцы неабходных дакументаў па змене зместу біялагічнай адукацыі. Нашым калектывам была распрацавана канцэпцыя і новая праграма па біялогіі. Але ўсё новае, як вы ведаеце, успрымаецца не заўсёды адназначна. Новая праграма бурна абмяркоўвалася, было шмат рэцэнзій з настаўніцкіх калектываў, вышэйшых навучальных устаноў. У ходзе абмеркавання было зроблена шмат заўваг. Многае мы прынялі да ўвагі, і ў рэшце рэшт праграма была зацверджана Міністэрствам адукацыі ў якасці адзінай для ўсіх агульнаадукацыйных устаноў.

Пад праграму пачалі стварацца новыя падручнікі. Гэта быў якраз той час, калі наша краіна стала незалежнай. Я быў суаўтарам некалькіх такіх вучэбных дапаможнікаў, у прыватнасці “Сусвету” для 6 класа. Мы, дарэчы, шмат страцілі, што выключылі яго з практыкі работы. Безумоўна, у ім былі свае нюансы: матэрыял у вучэбным дапаможніку быў месцамі занадта складаным. Але ідэя “Сусвету” была правільная, бо пасля мы раптам сутыкнуліся з тым, што дзеці не ведаюць, што такое спектр, вясёлка, хімічныя з’явы і не маюць шмат іншых уяўленняў аб нежывой прыродзе. Да 10 класа школьнікі не знаёмы са светлавымі з’явамі. Давялося ў падручніку па агульнай біялогіі гэта тлумачыць на пальцах. А ў “Сусвеце” было паказана, як белае святло размяркоўваецца на монахраматычныя пучкі, як пасля з’яўляецца вясёлка. Наогул, у курсе “Сусвет” 5 і 6 класаў было шмат фізічнага і хімічнага матэрыялу, што дазваляла зразумець многія біялагічныя з’явы і засвоіць біялагічны матэрыял больш грунтоўна.

Забягаючы наперад, хачу сказаць, што цяпер змест біялогіі мы будуем па-іншаму, без уліку хіміка-фізічнай базы. Напрыклад, у падручніку 6 класа і ў вучэбным дапаможніку 7 класа, які зараз распрацоўваецца, мы рухаемся ад сузірання да назірання, акцэнтуем увагу на разнастайнасці, прыстасаванні да ўмоў існавання жывых арганізмаў. І менш увагі ўдзяляем унутранай структуры, функцыям, працэсам. Базы няма, ды і дзеці сёння настолькі перагружаны, што не ў стане ўсё гэта зразумець.

Пасля “Сусвету” мы напісалі вучэбны дапаможнік па біялогіі для 7 класа. Ужо без майго ўдзелу былі напісаны вучэбныя дапаможнікі для 8 і 9 класаў. Вярнуўся я ў 10—11 класы, на агульную біялогію, што было бліжэй.

— Пісаць школьныя падручнікі няпроста. Наколькі вы змяніліся як аўтар?

— Гэта сапраўды так. Калі ў нашай школьнай адукацыі здарыўся першы пераход да профільнай адукацыі, мы напісалі два дапаможнікі для паглыбленага вывучэння біялогіі для 10 і 11 класаў. Яны былі такія салідныя, тоўстыя, перагружаныя інфармацыяй, але нам здавалася, што гэта добра. Мы развіваліся як аўтары, дакладна не ведалі, як пісаць, што адбіраць, у якім напрамку рухацца. Гэтая праблема захавалася і па сённяшні дзень.

У нас няма ніводнага дакладнага дакумента, дзе былі б прапісаны ўсе паказчыкі адбору вучэбнага матэрыялу для школьнікаў. У выніку глыбіню падачы заўсёды вызначае аўтар ці аўтарскі калектыў. Напрыклад, у праграме напісана “Фотасінтэз”, а глыбіня падачы, як вы ведаеце, бясконцая. І аўтары павінны самі вызначаць, у якім аб’ёме можна даваць фотасінтэз. Гэта тычыцца і многіх іншых пытанняў.

Тут жа хочацца сказаць і пра тое, што аўтары працуюць у жудасным цэйтноце. Усё трэба здаваць хутка. У мяне былі выпадкі, калі на працягу года здавалі па два вучэбныя дапаможнікі, што проста недапушчальна, бо падручнік павінен адляжацца, з ім павінны папрацаваць настаўнікі, унесці свае заўвагі і прапановы. Нядрэнна было б напачатку выдаваць невялічкі тыраж новых вучэбных дапаможнікаў і ў некалькіх эксперыментальных класах праверыць іх на жыццядзейнасць. І пасля такой апрабацыі, заўваг настаўнікаў, вучняў, іх бацькоў, спецыялістаў-псіхолагаў ужо выдаваць для ўсёй краіны. Распрацаваць якасны вучэбны дапаможнік за некалькі месяцаў немагчыма!

Трэба змяніць падыходы і да афармлення вучэбных дапаможнікаў, іх фармату. Нельга размяшчаць маленькія ілюстрацыі, шчыльны тэкст. Падручнік павінен дыхаць. Усім сваім выглядам ён павінен прывабліваць школьнікаў. Канечне, нават у такіх няпростых умовах імкнуся, каб тыя вучэбныя дапаможнікі і рабочыя сшыткі, у распрацоўцы якіх прымаю ўдзел, рабіліся спакойна і грунтоўна, у адпаведнасці з запытамі часу.

— Цяпер у нашых школах зноў з’явілася профільнае навучанне. Зразумела, што яно іншае. Час жа не стаіць на месцы. Як вы ставіцеся да такога павароту падзей?

— Так, цяпер у нас развіваюцца два напрамкі (базавы і профільны), якія рэалізоўваюцца адначасова. Нельга ўсіх вучыць у аднолькавай ступені, таму ідэя профільнага навучання правільная. Адзінае, на мой погляд, яно павінна развівацца трошкі ў іншым кірунку. Справа ў тым, што ўсе школьныя прадметы працягваюць вывучацца і ў профільных класах (некаторыя на павышаным, а астатнія на базавым узроўні). Гэтым абумоўлены і перагрузкі вучняў. Не можа падлетак аднолькава добра вывучаць усе прадметы школьнага раскладу (на яго ж яшчэ цісне і агульны бал школьнага атэстата).

Неабходна вывучаць вопыт іншых краін, звярнуць увагу і на вопыт заходнееўрапейскіх краін. Ранняя прафілізацыя шкодная. Гэта даказалі канадскія навукоўцы. Да пэўнага часу дзіця не можа (зыходзячы з псіхалагічнага, эмацыянальнага, фізічнага развіцця) выбраць свой будучы прафесійны шлях. Дзесяцікласнікі ў гэтым плане больш сталыя. У профільных класах, на мой погляд, у якасці абавязковых павінна вывучацца тая частка школьных дысцыплін, якая адпавядае абранаму профілю. Пэўную колькасць прадметаў, якія будуць развіваць абраны напрамак, можна прадаставіць на свабодны выбар вучня. Напрыклад, калі біялогія абрана профільным прадметам, то абавязкова трэба вывучаць хімію, фізіку, канечне ж, замежную мову, інфарматыку, фізічную культуру, гісторыю. А з іншых прадметаў вучань павінен выбраць, напрыклад, яшчэ 3—4.

— Мікалай Дзмітрыевіч, нядаўна вы скончылі работу над распрацоўкай прынцыпова новага фармату рабочага сшытка па біялогіі для 6 класа, які хутка выйдзе з друку. У чым заключаецца навізна?

— У рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу. Гэта няпростая задача, бо што б мы ні гаварылі, але наша адукацыя носіць акадэмічны характар, а кампетэнтнасны падыход — практычнае прымяненне ведаў. Павінен прайсці нейкі час, каб пераарыентавацца. Радуе, што мы ўсё ж пераходзім да кампетэнтнаснага падыходу.

Калі гаварыць пра біялогію, то з гэтага навучальнага года мы рэалізуем кампетэнтнасны падыход. Пачынаем з 6 класа. У сшытку знайшлі сваё адлюстраванне шмат новых прыёмаў. Ва ўсіх сшытках, якія былі створаны да гэтага моманту, заданні ў асноўным насілі кантралюючы характар: вучні да іх звярталіся дома, калі ім трэба было праверыць, наколькі засвоены пройдзены матэрыял. А настаўніку пасля неабходна было праверыць выкананыя заданні і паставіць адзнакі. Канечне, гэта выклікала пэўную крытыку з боку педагогаў, і не ўсе рэкамендавалі сваім вучням карыстацца такімі сшыткамі.

Цяпер жа мы прынцыпова памянялі канцэпцыю, адышоўшы ад кантралюючага характару. Галоўная адметнасць нашага сшытка — цесная сувязь з падручнікам. Заданні носяць замацавальны, развіццёвы, паглыблены характар. Многія накіраваны на засваенне тэксту (прачытаць фрагмент і выдзеліць галоўную думку, або паставіць да яго пытанні, прачытаць параграф і разбіць яго на сэнсавыя часткі з загалоўкамі). Работа з тэкстам аналітычная, складаная, але ж трэба ёй вучыць школьнікаў. Мы рэкамендуем са сшыткам працаваць у класе. Калі заданняў на ўроку было шмат (не толькі са сшытка) або нешта не паспелі зрабіць, то адно-два можна задаць на дом.

У канцы сшытка прапаноўваюцца заданні для пазаўрочнай работы (скласці свой ці разгадаць рэбус, выканаць міні-праекты, скласці аповед, зрабіць фотавыставу). Калі дзіця цікаўнае і ў яго ёсць час, то яно іх можа выканаць самастойна (пра гэта напісана і ў прадмове да рабочага сшытка). Разам з тым гэтыя заданні могуць выконвацца па прапанове настаўніка. Таксама педагог можа гэтыя заданні выкарыстоўваць на алімпіядах, віктарынах.

Пэўная частка заданняў носіць практыка-аналітычны характар. Напрыклад, прааналізаваць, якія неабходны ўмовы для вырошчвання памідораў і агуркоў. Ці можна іх вырошчваць у адной цяпліцы? Важна, каб дзіця вучылася думаць, разважаць. На працягу гэтага навучальнага года будзем адсочваць лёс гэтага сшытка, каб прааналізаваць стаўленне да яго дзяцей, настаўнікаў і бацькоў.

А калі гаварыць пра астатнія класы, то застаюцца рабочыя сшыткі для базавага ўзроўню (тое, што было раней, з некаторымі праўкамі) для 7, 8, 9 класаў. Ёсць рабочы сшытак для базавага 10 класа. Для тых, хто не карыстаецца рабочым сшыткам, мы стварылі сшытак для лабараторных і практычных работ. Да пачатку мінулага навучальнага года мы падрыхтавалі сшытак для лабараторных і практычных работ для павышанага ўзроўню.

— Чула, што на пачатку сваёй выкладчыцка-навуковай дзейнасці вы былі праціўнікам рабочых сшыткаў.

— Сапраўды, было такое. Калі я вучыўся, ніякіх такіх сшыткаў не было. Але з цягам часу перагледзеў сваю пазіцыю і лічу, што рабочыя сшыткі патрэбны. Яны з’яўляюцца адным з асноўных кампанентаў вучэбна-метадычнага комплексу (падручнік, сшытак, дапаможнік для настаўніка), неабходнага для рэалізацыі адукацыйнага працэсу.

Вучням і настаўнікам рабочы сшытак аблягчае арганізацыю вучэбнага працэсу. Акрамя таго, ён эканоміць час на ўроку (не трэба нічога перапісваць), дазваляе больш эфектыўна арганізаваць пошукавую дзейнасць школьнікаў. А калі дзіця проста і лёгка ўсё выконвае, то падымае гэтым сваю самаацэнку, жаданне рухацца далей. Можна сказаць, што работа з сшыткам садзейнічае развіццю зацікаўленасці вучняў біялогіяй. Сшытак карысны і для бацькоў у тым плане, што дазваляе лепш сарыентавацца ў матэрыяле, які вывучаецца, пры неабходнасці аказаць дзіцяці дапамогу.

— З апошнім пагаджуся. У мінулым годзе гэта адчула разам са сваёй дачкой. Мікалай Дзмітрыевіч, вялікі дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.