Бізнес-юніёры

- 10:39Нам пішуць

Сучасная ўстанова адукацыі павінна рыхтаваць сваіх вучняў да перамен, развіваць у іх такія якасці, як мабільнасць, дынамізм, канструктыўнасць. У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкіх кампетэнцый у вучняў сельскай школы ва ўмовах сацыяльнага партнёрства» на базе Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці працуе клуб «Бізнес-Юніёр».

Клуб дапамагае вучням атрымаць асновы фінансава-эканамічных ведаў, якія паспрыяюць іх паспяховай адаптацыі і пошуку свайго месца ў жыцці. Мэта яго работы – знаёмства вучняў з асноўнымі кірункамі прадпрымальніцкай дзейнасці.

На занятках вучні вучацца фінансавай дасведчанасці, сувымяраюць свае патрэбы і рэальныя магчымасці ва ўмовах рыначных зносін. Для работы клуба распрацаваны бізнес-план. Практычным ажыццяўленнем ідэй клуба сталі заняткі па інтарэсах «Экалагічная майстэрня».

Сваю прадукцыю вучні рэалізуюць на школьных тэматычных кірмашах. Работы карыстаюцца попытам у дзяцей і іх бацькоў. За два гады рэалізаваны 22 праекты («Асенні калейдаскоп», «Школьны Дамавік», «Навагодні падарунак», «Цуды на Каляды» і інш.). Прадукцыя стала запатрабаванай і за межамі ўстановы адукацыі.

Вучні ўнеслі прапанову аб заахвочванні самых актыўных «агентаў па продажу». Спадзяёмся, што веды, атрыманыя на занятках, дапамогуць юным прадпрымальнікам быць на піку сучаснасці, быць мабільнымі, падтрымліваць сваё матэрыяльнае становішча, бо менавіта ім патрэбна будзе ўстанаўліваць у нашай краіне новыя эканамічныя зносіны.

А.КАРПЫЗА,
педагог дадатковай адукацыі Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.