Больш за 37 гадоў Галіна Эдвардаўна Кахновіч з гімназіі Шчучына захапляе дзяцей матэматычнымі формуламі і вылічэннямі, “калекцыянуе” іх поспехі і дасягненні і не ўяўляе сябе без педагогікі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кожны дзень — адкрыццё
Прафесію і, як даўно даказала жыццё, прызванне Галіна Эдвардаўна выбірала ў 80-я гады. Тады, па яе словах, аб рэалізацыі сябе ў педагогіцы калі не марылі, то задумваліся многія дзяўчаты.
— Не памятаю, каб выбірала, куды пайсці вучыцца. А сёння, задаючы сабе пытанне, кім яшчэ магла стаць, адказваю заўсёды аднолькава: ні ў адной іншай прафесіі не адчувала б сябе так камфортна. Кожны дзень для настаўніка — гэта час новых пачуццяў, пастаяннага пошуку і работы над сабой, цікавых адкрыццяў. Ад чвэрці да чвэрці нашы будні падзелены на інтэрвалы ў 45 мінут. І ніводны з такіх адрэзкаў не падобны на іншы. Толькі што ты быў у 5-м, праз перапынак — у 11 класе. Настаўнік — гэта самая дынамічная прафесія, — з усмешкай адзначае суразмоўніца.
Асабліва прыемна ўсведамляць сваё месца ў гэтай прафесіі, калі вынікі працы праецыруюцца на поспехі вучняў. І ў Галіны Эдвардаўны такіх прыкладаў кожны год нямала. Толькі летась адзін з яе выпускнікоў атрымаў найвышэйшы бал на цэнтралізаваным экзамене. Яшчэ трое дапусцілі па адной памылцы і набралі па 98 балаў. Усяго ж з вынікам 90 і вышэй з матэматыкай справіліся адразу сямёра вучняў Галіны Кахновіч.
— З выпускнікамі мінулага года актыўна займаліся яшчэ і даследчай дзейнасцю. Так, вывучалі з дзецьмі метад размалёўвання, які выкарыстоўваецца ў алімпіядах па матэматыцы, і стварылі праграму, якая адразу выдае адказ, напрыклад, ці можна разбіць зададзены прамавугольнік на квадраты вызначанага памеру. Працавалі ў тым ліку над праграмай па стварэнні матэматычных галаваломак. Да гэтага матэрыялу звяртаюся не падчас урокаў. Актуальныя яны на тэматычных пазакласных і факультатыўных занятках, — гаворыць Галіна Эдвардаўна.
Сіла каманды
Старонкі працоўнай біяграфіі суразмоўніцы напоўнены і асабліва яркімі фарбамі. У 2020 годзе яна станавілася пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.
— Гэта вельмі яркі і насычаны марафон для педагога. Як з пункту гледжання інтэнсіўнасці падзей, так і эмацыянальна. На многія рэчы ў прафесіі ўдзел у конкурсе дапамог зірнуць па-іншаму. Прывяду адзін прыклад. Пасля жараб’ёўкі тэм урокаў у незнаёмым класе ехала ў родны Шчучын, пракручваючы ў думках велізарную колькасць планаў і ідэй. Ехала, зразумела, не дадому, а ва ўстанову адукацыі, дзе заўсёды ёсць магчымасць раздрукаваць неабходныя для ўрока матэрыялы. Вярнулася, калі рабочы дзень даўно скончыўся, але на парозе мяне сустракала цэлая каманда памочнікаў… Не апісаць словамі тыя пачуцці, якія напаўняюць чалавека ў такія моманты, — дзеліцца ўспамінамі настаўніца.
Яна ўпэўнена, што за любым поспехам педагога заўсёды стаіць каманда. Прычым падтрымка і разуменне такой каманды — заўсёды значная частка шляху да поспеху.
Формула поспеху
— Галоўнае ў нашай прафесіі — любоў да справы і дзяцей, да свайго прадмета. Захапіць ім дзіця можна, толькі калі сам гарыш. У сваю чаргу, шчырая зацікаўленасць прадметам вызначае далейшыя поспехі, дасягненні і перамогі вучняў. Гэтая простая формула працуе толькі пры ўмове вялікай самастойнай падрыхтоўкі вучня, бо настаўнік — не ўсёмагутны чалавек. Ён не можа даць там, дзе не хочуць узяць як мага больш, — заўважае Галіна Кахновіч.
Падчас удзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства яна вывела сваю формулу поспеху, якая ў аднолькавай ступені актуальная для кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу. Галоўныя кампаненты гэтай формулы: мэта (чаго я хачу дасягнуць), матывацыя (для чаго мне гэта трэба) і веды.
— Калі ўсе гэтыя складнікі становяцца ў адзін рад лічніка дробу, а ў назоўніку аказваецца “не хачу”, мы не атрымаем ніякага выніку. 5 і 6 клас — час, калі матэматыку павінен палюбіць кожны вучань, і гэта палова яго будучых поспехаў, — акцэнтуе ўвагу педагог.
Праецыруючы тую ж формулу на прафесію, суразмоўніца адказвае, што педагогіка не месца для выпадковых людзей. Ёй заўсёды шанцавала быць менавіта ў асяроддзі аднадумцаў, якія падзяляюць такую пазіцыю. Зрэшты, упэўнена яна і ў тым, што адбыцца ў любой прафесіі заўсёды дапамагае любоў да жыцця. А Галіна Эдвардаўна па жыцці якраз вялікая аптымістка. Ва ўсім імкнецца знаходзіць станоўчыя моманты.
Важны вопыт
Сваім вучням яна нястомна паўтарае, што поспех прыходзіць, калі да яго імкнуцца: калі хочаш навучыцца рашаць задачы — рашай іх. Менавіта з гэтай мэтай практыкуе дыферэнцыраванае дамашняе заданне.
— Калі бачу, што ў кагосьці не адпрацаваны вылічальны навык, — вось табе трэнажор. Калі тэма добра засвоена — паспрабуй рашыць задачу павышанай цяжкасці… Прычым ніколі не абвяшчаю, хто і што павінен рашыць дома. Свой варыянт вучань вызначае сам. І мае старшакласнікі даўно засвоілі: дамашняя работа павінна актывізаваць мысленне. Тут важны не факт яе наяўнасці ў сшытку, а працэс выканання, — дзеліцца педагог.
У арсенале напрацовак, да якіх настаўніца звяртаецца пры падрыхтоўцы да іспытаў у цэнтралізаванай форме, ёсць і ўласныя. У 2020 годзе была апублікавана брашура для абітурыентаў аўтарства Галіны Кахновіч. Уваходзіла ў 2020-м педагог і ў рэспубліканскую экспертную групу новага вучэбнага дапаможніка па алгебры. У той жа год на X Рэспубліканскім калядным фестывалі педагагічнага майстэрства праводзіла майстар-клас для калег з усёй краіны. З зайздроснай рэгулярнасцю сваімі падыходамі ў педагогіцы яна дзеліцца і са слухачамі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Акцэнты ўрока
Пачынаючы працаваць з 5-мі класамі, Галіна Эдвардаўна шчыра імкнецца ўсіх дзяцей улюбіць у матэматыку. А матывацыя і працавітасць у старшых класах дапамагаюць яе гімназістам перайсці да значна больш самастойнага падыходу да навучання.
— Сваім дзесяцікласнікам сёння магу растлумачыць новы матэрыял і пазначыць межы таго, што неабходна зрабіць. Практыкую такі падыход у тым ліку для фарміравання ў вучняў упэўненасці ў сабе і сваіх ведах. А гэта карысны не толькі ў матэматыцы навык, — адзначае Галіна Эдвардаўна.
Яе любімая тэхналогія на ўроку ўжо на працягу многіх гадоў — праблемнае навучанне. Задача для вучня пры такім падыходзе фармулюецца не адразу. Педагог толькі падводзіць вучня да гэтай фармулёўкі. Напрыклад, перад вывучэннем новага матэрыялу прапануе рашыць, здавалася б, простую задачу. У працэсе такога рашэння вучань сустракаецца з праблемай недастатковасці ведаў, таму паглыбленне ў вывучэнне новай тэмы праходзіць ужо з зусім іншай зацікаўленасцю ў гэтым.
— Асабліва цікавая і актуальная методыка праблемнага навучання ў старшых класах. Зрэшты, і пяцікласнікаў заўсёды вучу, што любую задачу трэба разглядаць не з пазіцыі таго, што трэба знайсці, а зыходзячы з таго, што нам вядома. Метадам аналізу і супастаўлення яны прыходзяць да рашэння. А тут ужо размова ідзе пра ўдумлівасць, а не пра шаблоннасць, — заўважае Галіна Эдвардаўна.
Практыкуе ў сваёй рабоце і ўрокі рашэння адной задачы, калі адны і тыя ж запісы ў радку “Адказ” школьнікам прапануецца знайсці рознымі спосабамі.
— У пачатку ўрока, напрыклад, адзначаю, што ў прапанаванай задачы ёсць 10 спосабаў рашэння. Шукаюць іх дзеці заўсёды з цікавасцю. Урок не праходзіць, а пралятае імгненна і для мяне, і для іх, — дзеліцца суразмоўніца.
Каб зацікавіць сваім прадметам пяцікласнікаў, педагог выкарыстоўвае матэматычныя гульні. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Матэматычнае лічэнне” аб’яўляе ў класе конкурс на лепшага матэматычнага лічыльніка. Да вучняў сярэдняга звяна на ўрокі Галіны Эдвардаўны да таго ж нярэдка прыходзіць герой Смякалкін. Ён прапануе рашыць нестандартныя задачы і адразу атрымаць за гэта прыемны бонус — найвышэйшы бал за дакладны адказ.
— Важна стаць для вучняў не толькі добрым настаўнікам, але ў пэўнай ступені сябрам. Вось тады яны сустракаюць цябе і з палаючымі вачыма, і з вялікім жаданнем вучыцца, — ставіць акцэнтную кропку ў дыялогу Галіна Эдвардаўна.
І адзінае, што хочацца дадаць тут, як некалі вучаніцы, а сёння маці вучня: “Гэта сапраўды так”. Дзеці заўсёды дзякуюць педагогу за шчырасць, і менавіта пры такім падыходзе абапіраюцца на яго прыклад у выбары ўжо сваёй прафесіі. Сёння калегай Галіны Эдвардаўны ў той жа ўстанове з’яўляецца яе выпускнік Сяргей Бадылеўскі — настаўнік інфарматыкі. Некалькі выпускніц педагога працуюць настаўніцамі матэматыкі ў Гродне. А летась шлях у настаўніцтва па той жа спецыяльнасці выбрала для сябе і медалістка гімназіі Шчучына Паліна Іваноўская.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара