“Брэнд ГДУ” ў дапамогу ўніверсітэту

- 10:20Вышэйшая школа

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны праходзіць конкурс па падтрымцы студэнцкага прадпрымальніцтва “Брэнд ГДУ”. Кансультацыйныя сустрэчы накіраваны на выяўленне таленавітай моладзі і забеспячэнне яе бізнес-актыўнасці.

Школа стартапаў існуе ў ГДУ пяць гадоў. За гэты час праз яе прайшло больш за 200 студэнтаў. Сёлета конкурс істотна змяніў фармат.

— Кейс-рашэнні, прапанаваныя ў­дзельнікамі конкурсу, павінны садзейнічаць папулярызацыі брэнда ГДУ, — расказвае кіраўнік праекта намеснік дэкана эканамічнага факультэта па выхаваўчай рабоце Кацярына Яраш. — У той жа час зрабілі стаўку на адукацыйны аспект семінараў.

Для ўдзелу ў конкурсе сабраліся каманды шасці факультэтаў: філалагічнага, эканамічнага, біялагічнага, факультэтаў псіхалогіі і педагогікі, фізікі і інфармацыйных тэхналогій, матэматыкі і тэхналогій праграмавання. Адукацыйныя трэнінгі праходзілі ў анлайн- і афлайн-фарматах. Для ўзаемадзеяння са студэнтамі былі запрошаны дзеючыя бізнесмены, вядучыя ментары і эксперты Гомельскай школы “Сацыяльны прадпрымальнік”, выкладчыкі спецыялізаваных кафедраў эканамічнага факультэта ГДУ.

— Трэнінг па дызайн-мысленні, пошуку і генерацыі ідэй для канкурсантаў правяла заснавальнік IT-стартапа SuperMonkeysAI Таццяна Анташук. Пра маркетынг і прасоўванне праектаў маладыя людзі пагаварылі з заснавальнікам і кіраўніком Школы сацыяльнага прадпрымальніцтва Аксанай Шаўчэнка. Пра тонкасці бізнес-планавання расказала дырэктар ТАА “Няшкола” Аляўціна Новікава, а пра фінансавыя аспекты рэалізацыі бізнес-праектаў — старшы выкладчык кафедры фінансаў і крэдыту кансультант фінансавай клінікі СНДЛ “Фінансіст і банкір” Алена Кадоўба, — удакладняе Кацярына Віктараўна.

Паўдзельнічалі ў кансультацыйных сустрэчах і студэнты факультэта эканомікі і фінансаў Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны падзяліліся сваім вопытам работы над праектам па прасоўванні паслуг Цэнтра грамадскага харчавання ва ўмовах зніжэння попыту з-за пандэміі COVID-19.

Уражаннямі ад узаемадзеяння са студэнтамі падзялілася кіраўнік і сузаснавальнік сацыяльнага прадпрыемства “Метэарыт Плюс” кіраўнік Школы сацыяль­нага прадпрымальніцтва Аксана Шаўчэнка:

— Сучасныя студэнты моцныя ў тым, што не баяцца эксперыментаў, шукаюць нестандартныя падыходы да вырашэння задач. Праўда, варта адзначыць, што іх актыўнасць залежыць ад ступені прамой зацікаўленасці ў вырашэнні пастаўленых пытанняў. Хачу дадаць, што зусім хутка, у кастрычніку, у нас будзе прахо­дзіць трэці набор у школу, і мы заўсёды рады натхнёным і матываваным студэнтам.

Маладыя людзі гавораць, што яны гатовы ўключацца ў актыўнае вывучэнне бізнес-асяроддзя, бо вакол пастаянна адбываюцца змены, развіваюцца рыначныя адносіны. Эканамічная сістэма, у рамках якой выбудоўваюцца ўсе грамадскія працэсы, патрабуе сёння актыўных і падкаваных у бізнес-пытаннях выпускнікоў.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.