Будучыня грамадства залежыць ад нас

- 15:40Нам пішуць

Сіроцтва, на жаль, па-ранейшаму застаецца важнай праблемай для грамадства. Падзенне маральнай культуры ў сучаснай сям’і і змяненне адносін да дзяцей і наогул дарослага насельніцтва да сваіх бацькоўскіх абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні непаўналетніх становіцца прычынай сіроцтва пры жывых бацьках.

Па запрашэнні метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Слаўгарадскага выканкама наш горад наведалі спецыялісты ўстановы SOS-дзіцячай вёскі Магілёва. Гэта сацыяльна-педагагічная ўстанова адукацыі, заснавальнікам якой выступае грамадская арганізацыя “Беларускі фонд SOS-дзіцячая вёска”. Ідэяй SOS-дзіцячых вёсак стала падтрымка дзяцей з ліку сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Са слоў нашых гасцей, усяго ў Беларусі сёння дзейнічаюць тры такія вёскі: у Магілёве, Бараўлянах, Мар’інай Горцы. На тэрыторыі SOS-дзіцячай вёскі ў Магілёве функцыянуюць тры дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і шэсць SOS-сем’яў. У адной такой сям’і жывуць 6—7 непаўналетніх з ліку дзяцей-сірот або пакінутых без апекі бацькоў. Кожная сям’я пражывае ў асобным доміку з SOS-бацькамі-выхавальнікамі. Ажыццяўленне функцый па апецы і папячыцельстве ў дачыненні да непаўналетніх тут ускладаецца на дырэктара ўстановы адукацыі.

18 педагогаў і спецыялістаў сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў устаноў адукацыі Слаўгарадскага раёна прынялі ўдзел у семінары-трэнінгу “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная падтрымка замяшчальнай сям’і як фактар развіцця асобы дзіцяці” з запрашэннем нашых гасцей з SOS-дзіцячай вёскі Магілёва і пры актыўным іх удзеле і абмене вопытам.

Мерапрыемства было накіравана на ўдасканаленне прафесійнай дзейнасці ўсіх зацікаўленых асоб. Міні-лекцыі, вучэбныя гульнявыя практыкаванні, работа ў парах і іншыя формы работы былі паспяхова рэалізаваны ў ходзе сяброўскай сустрэчы.

У рамках семінара прагучала думка пра тое, што адсутнасць сям’і ў перыяд сталення дзяцей негатыўна адбіваецца на развіцці і выхаванні непаўналетніх, правакуючы праблемы асобаснага развіцця: інтэлектуальнае адставанне (абмежаваны кругагляд, недаразвіццё псіхічных пазнавальных працэсаў); адсутнасць навыкаў вучэбнай дзейнасці, праблемы псіхаэмацыянальнага развіцця, сацыялізацыі і інш.).

Напрыклад, дзеці, якія выхоўваюцца без бацькоў, часта шукаюць намесніка аднаго з бацькоў (абаронцу, апекуна) у кожным дарослым і старэйшым. Яны схільны безаглядна давяраць кожнаму, хто звярнуў на іх увагу або праявіў клопат у іх адрас. У літаратуры такія асаблівасці паводзін называюцца пошукавым сіндромам сіраты. Гэты сіндром у той ці іншай меры захоўваецца і ў паўналетніх сірот, нават у дарослых. Атрымліваецца, з гэтай пазіцыі дзеці-сіроты ўяўляюць групу рызыкі ў плане рэалізацыі сваіх адаптацыйных магчымасцей, сацыялізацыі і міжасобаснага ўзаемадзеяння.

Педагог-псіхолаг Алена Сінюк і сацыяльны педагог Наталля Ажог у прафесіі каля 20 гадоў, маюць за плячыма трохгадовы вопыт работы з дзецьмі з ліку сірот і тых, якія засталіся без апекі бацькоў у SOS-дзіцячай вёсцы. Гэтыя кампетэнтныя спецыялісты і проста людзі з вялікім вопытам змаглі добра вывучыць унутраны свет сваіх падапечных. А галоўнае, яны эмацыянальна і з карысцю данеслі свой прафесійны вопыт, свае веды да ўдзельнікаў семінара, каб мы маглі выкарыстоўваць атрыманыя звесткі, бо ад кожнага з нас залежыць будучыня дзяцей і будучыня нашага грамадства…

Н.ФІЛІПАВА,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Слаўгарада.