Будучыя асы камп’ютарнага 3D-мадэлявання

- 10:38Навіны рэгіёнаў, Рознае

Аўтарамі праектаў, пададзеных на Міжнародны маладзёжны конкурс “Будучыя асы камп’ютарнага 3D-мадэлявання” ад Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, з’яўляюцца не толькі студэнты, але і школьнікі.

— Наш універсітэт неаднаразова станавіўся пераможцам прэстыжнага міжнароднага конкурсу, — адзначыў дырэктар навукова-тэхналагічнага парка ВДТУ Канстанцін Мацвееў. — ВДТУ з 2004 года пастаянна ўдзельнічае ў спаборніцтве маладых майстроў камп’ютарнага 3D-мадэлявання, за гэты час пададзена 46 праектаў. Сёлета ўзроставая група аўтараў работ, якія мы накіравалі на конкурс, значна пашырылася.

Нагадаем, што ў сакавіку тэхнапарк ВДТУ сумесна з Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам арганізаваў для школьнікаў і студэнтаў конкурс “Я со3Dаю будущее”. Маладыя людзі спаборнічалі ў мадэляванні робатаў, гадзіннікаў і карысных прыстасаванняў, і ўсё гэта яны рабілі ў сістэме “КОМПАС-3D”. Пасля конкурсу Канстанцін Мацвееў запрасіў школьнікаў на заняткі ва ўніверсітэт і прапанаваў кожнаму канкурсанту ў якасці заахвочвальных прызоў раздрукаваць на 3D-прынтары выкананыя імі мадэлі.

— Факультатыў “Тэхнічнае 3D-мадэляванне” дзейнічаў з сакавіка па ліпень. Жаданне пашырыць веды і атрымаць новыя навыкі ў актуальным і запатрабаваным напрамку дзейнасці выказалі навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — расказаў кіраўнік факультатыву старшы выкладчык кафедры “Машыны і тэхналогіі высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі” ВДТУ Аляксей Голубеў. — Нашы юныя сябры і, спадзяюся, будучыя студэнты дэталёва разбіраліся як у базавых магчымасцях сістэмы “КОМПАС-3D”, так і ў спецыялізаваных дадатках. Усе яны старанна выконвалі канструктарскую прапрацоўку сваіх праектаў, карпатліва займаліся іх афармленнем. Атрыманыя мадэлі былі маштабіраваны і раздрукаваны на 3D-прынтары тэхнапарка ВДТУ.

Суботні факультатыў яго кіраўнік праводзіў бясплатна, на добраахвотных пачатках.

— На конкурсе “Будучыя асы камп’ютарнага 3D-мадэлявання — 2016” наша краіна прадстаўлена толькі ВДТУ, у тым ліку работамі школьнікаў і навучэнцаў устаноў ССА, што для нас надзвычай каштоўна, — падкрэсліў Канстанцін Мацвееў. — Гэта праекты навучэнцаў групы ПЗ-39 Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Аляксандра Пруднікава, 6 “В” класа гімназіі № 5 Віцебска Аляксандра Каменшчыкава, 7 “Б” класа сярэдняй школы № 46 Віцебска Георгія Данілава і 8 “Б” класа гэтай жа школы Максіма Беляка. Усяго на конкурс падалі праекты 70 устаноў адукацыі Расіі, Беларусі, Украіны, Казахстана і Малдовы. Вынікі спаборніцтва стануць вядомы да канца верасня.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена навукова-тэхналагічным паркам ВДТУ.