Будуем універсітэт будучыні

- 11:39Адукацыйная прастора

Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы — прызнаны цэнтр павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, лідар па ўкараненні сучасных інавацый, які ажыццяўляе навукова-метадычнае забеспячэнне вышэйшай адукацыі. Інстытут цесна інтэграваны ў сусветную навуковую адукацыйную прастору. 

Якія новыя напрамкі развіцця РІВШ сёння вызначаны, аб гэтым размова з начальнікам навуковага цэнтра Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы аўтарам шматлікіх навуковых работ Н.С.КЛІШЭВІЧ.

Рэйтынгі ў дапамогу

— Наталля Сяргееўна, РІВШ па праве лічыцца навуковай арганізацыяй. У гэтым статусе ён уключаны ў рэйтынг універсітэтаў свету?

—Пры невялікай колькасці прафесарска-выкладчыцкага складу інстытут — як навуковая арганізацыя — дасягнуў добрага ўзроўню навуковых даследаванняў і ў 2018 годзе быў уключаны ў рэйтынг універсітэтаў свету — RUR World University Rankings. Гэта вельмі высокая ацэнка нашай дзейнасці. RUR World University Rankings ацэньваў эфектыўнасць 784 універсітэтаў, сярод якіх нашу краіну прадстаўлялі таксама Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Эфектыўнасць функцыянавання ўстаноў адукацыі вызначалася па чатырох асноўных паказчыках: выкладанне, даследаванні, міжнародная разнастайнасць, фінансавая ўстойлівасць. Адным з індыкатараў рэйтынгавання з’яўляецца цытуемасць. Сучасныя электронныя бібліятэкі з’яўляюцца своеасаблівымі банкамі даных навуковых артыкулаў. Мы першыя ў краіне сталі размяшчаць свае навуковыя тэксты ў elibrary.RU. Цяпер не засталося ніводнай установы вышэйшай адукацыі, чые работы не былі б прадстаўлены ў гэтай і іншых базах.

Рэйтынгі дапамагаюць даведацца, на якім месцы вы знаходзіцеся сёння, як развіваюцца вашы навуковыя даследаванні, ці запатрабаваны яны сістэмай адукацыі і грамадствам у цэлым. Рэйтынгам, вядома, нельга вымераць усю паўнату і цэласнасць работы інстытута, затое можна змадэля­ваць прыкладны напрамак яго найбліжэйшага развіцця і тым самым адзначыць своеасаблівую зыходную кропку росту.

— Раскажыце, як будуецца навуковая работа, як выбіраеце кірункі для даследаванняў.

— Навуковая дзейнасць РІВШ адлюстроўвае перспектыўныя напрамкі сацыяльна-гуманітарных даследаванняў. Наш інстытут валодае высокім навуковым патэнцыялам, што дае магчымасць ажыццяўляць комплексныя навуковыя даследаванні па прыярытэтных навуковых напрамках, забяспечваць якаснае выкананне навуковых даследаванняў і распрацовак, практычнае асваенне вынікаў, весці пад­рыхтоўку навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. На працягу апошніх 5 гадоў навуковыя калектывы РІВШ вялі даследаванні па 63 тэмах. Яны прымаюць удзел у выкананні многіх заданняў дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў, заданняў па грантах Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, заданняў Міністэрства адукацыі. Да гэтай работы мы далучаем максімальную колькасць нашых супрацоўнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, супрацоўнікаў падраздзяленняў, аспірантаў — моладзь павінна прысутнічаць у навуцы як катэгорыя новых эксперыментатараў. 

Навуковыя даследаванні, на мой погляд, з’яўляюцца базай педагагічнай дзейнасці, асновай для павышэння кваліфікацыі. Работы, якія мы выконваем, носяць як фундаментальны, так і прыкладны характар, і выкарыстоўваюцца ў адукацыйнай дзейнасці. Усе нашы даследаванні ўкараняюцца ў вучэбны працэс нашага інстытута і ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны. Акрамя таго, вынікі даследаванняў прымяняюцца ў норматворчай практыцы вышэйшай школы: мы распрацоўваем навуковую базу для стварэння многіх актуальных дакументаў у сістэме вышэйшай адукацыі.

Незалежная ацэнка

— Пералічыце праекты, якія з’яўляюцца найбольш яскравым прыкладам вашых навуковых даследаванняў.

— Ёсць шмат выдатных праектаў, якія вельмі запатрабаваны. Усе, хто звязаны з сістэмай адукацыі, ведаюць Рэспубліканскі партал праектаў адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі (http://edustandart.by). Ён з’яўляецца афіцыйным сайтам для размяшчэння інфармацыі аб падрыхтоўцы праектаў адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі, нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць іх праектаванне і рэалізацыю, на сайце прадстаўлены вынікі іх грамадскага абмеркавання.

На працягу пяці гадоў навуковы цэнтр РІВШ каардынаваў даследаванне ў рамках дзяржаўнай праграмы “Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства”, накіраванае на распрацоўку адукацыйнага стандарту і тыпавых тэстаў па беларускай мове як замежнай. У выніку на базе РІВШ створаны і функцыянуе Цэнтр сертыфікацыйнага тэсціравання па беларускай мове і рускай мове як замежнай. Праходжанне тэсціравання — выдатная магчымасць атрымаць незалежную ацэнку сваіх ведаў у розныя перыяды навучання, а таксама павысіць сваю канкурэнтаздольнасць на рынку працы, зрабіць сваё партфоліа больш прывабным.

Яшчэ адным унікальным, на мой погляд, праектам стала Міжнародная летняя школа беларусістыкі, якая больш як за 5 гадоў аб’яднала слухачоў з 20 краін свету. Праект унікальны тым, што яго ўдзельнікі адразу ўключаюцца ў камунікатыўную прастору моўнага асяроддзя і вывуча­юць мову не толькі ў вучэбных аўдыторыях, але і пры правядзенні культурнай праграмы — падчас наведвання музеяў Беларусі, экскурсій па гарадах, удзелу ў дзяржаўных і народных святах.

— Якімі рэсурсамі валодае РІВШ і, у прыватнасці, навуковы цэнтр для вызначэння і папулярызацыі навуковых ідэй?

— У інстытуце прайшла ўжо 15-я па ліку Міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя “Вышэйшая школа: праблемы і перспектывы”. РІВШ выступае ў ролі інфармацыйна-дыскусійнай пляцоўкі. ­Удзельнікамі канферэнцыі сталі кіраўніцтва Міністэрства адукацыі, РІВШ, прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, педагагічныя і навуковыя работнікі, работадаўцы, маладыя вучоныя, аспіранты, студэнты. Таксама навуковы цэнтр РІВШ ужо шмат гадоў з’яўляецца арганізатарам міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі “Сучасныя тэндэнцыі ў дадатковай адукацыі дарослых”. Інстытут традыцыйна праводзіць рэспубліканскі навукова-метадалагічны семінар “Актуальныя праблемы сучаснага прыродазнаўства”. Яго вынікам з’яўляецца зборнік матэрыялаў “Фундаментальная навука і адукацыйная практыка”. У рамках канферэнцый арганізуюцца мітапы, адкрытыя пляцоўкі, круглыя сталы, на якіх сумесна з універсітэтамі Беларусі і краін замежжа абмяркоўваюцца актуальныя напрамкі развіцця сістэмы вышэйшай і дадатковай адукацыі.

Больш за 20 гадоў РІВШ вядомы ў навуковай супольнасці выданнямі, уключанымі Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспуб­лікі Беларусь у пералік навуковых выданняў для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па палітычных, філасофскіх, эканамічных, гістарычных, педагагічных, псіхалагічных навуках. Выданні цікавыя навуковым работнікам, выкладчыкам вышэйшай школы, аспірантам, магістрантам, а таксама шырокаму колу чытачоў, якія праяўляюць інтарэс да сучасных навуковых даследаванняў. навуковы цэнтр РІВШ актыўна супрацоўнічае з навуковай электроннай бібліятэкай elibrary.RU, якая інтэгравана з Расійскім індэксам навуковага цытавання (РІНЦ). Уключэнне навуковых зборнікаў РІВШ у базу даных садзейнічае павышэнню ўзроўню публікацыйнай актыўнасці нашых вучоных і дае магчы­масць у адкрытым доступе ацаніць выніковасць і эфектыўнасць навукова-даследчай дзейнасці.

Шырокае кола зацікаўленых

—  Падыходзіць да канца 2021 год. Час падводзіць вынікі і глядзець у будучыню…

— У гэтым годзе наш інстытут меў асаблівую місію. Па даручэнні Міністэрства адукацыі ён выконваў вельмі цікавую і складаную работу па абгрунтаванні і распрацоўцы мадэлі патрыятычнага выхавання моладзі Рэспублікі Беларусь да 2025 года. Гэтая тэма распрацоўвалася з прыцягненнем шырокага кола зацікаўленых: палітыкаў, навукоўцаў, сацыёлагаў, педагогаў, прадстаўнікоў розных грамадскіх арганізацый.

Таксама распрацоўваецца цікавая тэма па стварэнні “універсітэта будучыні”. У сусветнай адукацыйнай прасторы даўно ідзе навуковая дыскусія пра тое, якія будуць складнікі ўніверсітэта новага тыпу, як паўплывае на стварэнне новай установы фарміраванне лічбавай адукацыйнай прасторы. Адказы на гэтыя і іншыя пытанні мы яшчэ плануем знайсці.

Гутарку вяла Ала КЛЮЙКО.