Будуць імкнуцца да новых вышынь

- 12:06Навіны рэгіёнаў, Рознае

Настаўніца тэхнічнай працы Сялецкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Касцюковіцкага раёна Іна Зайцава ў педагогіцы ўжо дваццаць два гады. За гэты час, каб адпавядаць рэаліям часу, яна неаднаразова мяняла метады і падыходы да навучання. Але галоўны прынцып яе педагагічнай дзейнасці застаўся нязменным. Іна Міхайлаўна старанна імкнецца не толькі да прывіцця дзецям любові да працы, а і да раскрыцця іх здольнасцей.

— Галоўная задача ўрокаў працоўнага навучання не проста якасная падача тэарэтычнай інфармацыі, а яшчэ і прывіццё навучэнцам тых навыкаў, якія яны змогуць выкарыстоўваць у штодзённых сітуацыях, — адзначае Іна Зайцава.

Каб максімальна звязаць заняткі з рэальным жыццём і павысіць цікавасць да працоўнай дзейнасці ў вучняў, настаўніца актыўна выкарыстоўвае на занятках метад праектаў. Выкананне хлопцамі самастойных даследаванняў і заданняў творчага характару значна паляпшае іх паспяховасць па прадмеце.

— Праектна-даследчая дзейнасць спрыяе павышэнню якасці навучання, а таксама дапамагае ў выяўленні здольных вучняў, — кажа Іна Міхайлаўна.

Дарэчы, з адоранымі навучэнцамі педагог працуе індывідуальна. З такімі хлопчыкамі яна рэгулярна займаецца ў пазаўрочны час, шосты школьны дзень. Ва ўласнай сістэме развіцця юных талентаў Іна Зайцава асноўны ўпор робіць на падрыхтоўку дзяцей да ўдзелу ў алімпіядным руху і розных конкурсах. Вынік гэтай работы станоўчы. Вучні Іны Міхайлаўны штогод становяцца прызёрамі розных этапаў такіх конкурсаў, як “Калядная зорка”, “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, “Вянок славы” і інш. Праяўляюць сябе яны і на алімпіядзе па працоўным навучанні. Асабліва за апошнія гады вызначыліся Юрый Вараб’ёў, Аляксандр Марчанка, Яўген Якушаў, Аляксандр Прахарэнка.

Адметна, што Іна Зайцава знаходзіць час для таго, каб прывіць працоўныя навыкі і дзяўчынкам, якія вучацца ў Сялецкаўскім вучэбна-педагагічным комплексе. Калі з хлопчыкамі Іна Міхайлаўна сустракаецца на ўроках, то дзяўчаты прыходзяць да яе на заняткі ў аб’яднанне па інтарэсах “Роспіс па дрэве”, якое функцыянуе пры вясковым філіяле школы мастацтваў. На сённяшні дзень гурток наведваюць 5 пачынаючых майстрых. Справа, якую выбралі дзяўчынкі, даволі складаная і карпатлівая. Дзякуючы намаганням сваёй настаўніцы, многія вучаніцы ўжо маюць першыя дасягненні ў няпростым майстэрстве. Выхаванкі аб’яднання па інтарэсах Аліна Даніленка, Валерыя Крупадзёрава, Ганна Шунькіна, Паліна Кротава — пастаянныя пераможцы раённага конкурсу дзіцячай творчасці “Прыбяседскія зорачкі” і шэрага іншых падобных спаборніцтваў.

Выразна выбудаваная работа з таленавітымі дзецьмі дазваляе Іне Зайцавай дасягаць поспехаў у развіцці іх талентаў. У такім ключы настаўніца плануе працаваць далей. Разам са сваімі навучэнцамі яна будзе імкнуцца да заваявання новых вучэбных і творчых вышынь.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.