Будзе смачна есці!

- 11:26Навіны рэгіёнаў

Гомельская сярэдняя школа № 27 невыпадкова аказалася ў ліку пераможцаў Абласнога агляду-конкурсу па паляпшэнні якасці і бяспечнасці харчавання, аб’яўленага ўпраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама.

Сёння харчаблок гэтай установы — паказальны прыклад для многіх, хаця зусім нядаўна кіраўніцтву ўстановы прыходзілася бясконца вырашаць прадпісанні розных кантралюючых службаў, асабліва санітарна-эпідэміялагічнай. Спатрэбіліся тры гады, каб выйсці на зусім новы ўзровень і паставіць кропку ў спісе прэтэнзій да арганізацыі харчавання ў школе.

Сярэдняя школа № 27 — адна з лепшых школ абласнога цэнтра. Трапіўшы ў яе сцены, вы ніколі не здагадаецеся, што гісторыя прыгожага знадворку і знутры будынку налічвае 80 гадоў. Некалі гэтая ўстанова насіла назву 1-й Сталінскай школы, а вучыцца ў ёй было вялікім гонарам. Сёння, дарэчы, як і раней, многія бацькі мараць уладкаваць сваё дзіця ў гэтую ўстанову. Штогод набор першакласнікаў ажыццяўляецца ў адзін дзень.

Прыгожая гісторыя. Але стары будынак ставіць сур’ёзныя пытанні, звязаныя з рамонтам. З аднаго боку — цяжка прыцягнуць нейкія фінансавыя сродкі, з другога — і тэхнічна няпроста выканаць нейкія будаўнічыя работы. Пры адсутнасці бюджэтнага фінансавання ўсё кладзецца на плечы выключна спонсараў і папячыцельскага савета.

— Патрабаванні цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пастаянна аднаўляюцца, а ў нас нават само памяшканне харчаблокаў было дрэнна прыстасавана для харчавання дзяцей, — расказвае дырэктар школы Святлана Кубышкіна. — Вось чаму кіраўніцтва так высока ацаніла рамонт харчаблока, які мы выканалі самастойна. Ды і самі мы не нарадуемся такім зменам.

Гэта, насамрэч, вялікая справа. Справіліся без прыцягнення бюджэтных сродкаў, усё зроблена выключна за спонсарскія і бацькоўскія грошы. А гэта не мізэрныя сумы, бо рамонт быў амаль капітальны, толькі што праводзіўся за пазабюджэтныя сродкі, без праектна-каштарыснай дакументацыі і гаспадарчым спосабам. Толькі на абедзенную залу было затрачана 16 400 рублёў. Ад былой сталоўкі, мяса-рыбнага і гарачага цэхаў засталіся толькі сцены, усё астатняе, разам са старым абсталяваннем, было дэманціравана. Падлогу, сцены, столь, абсталяванне — поўнасцю ўсё замянілі.

Над дызайнам працавала сама Святлана Васільеўна. Не дзіўна, бо пра яе кажуць: “Не проста дырэктар, а і шавец, і кравец, і каваль, і стругаль”. Ідэю дырэктара ажыццяўлялі разам настаўнікі і бацькі. Настаўнікі малявання распісвалі калоны і малявалі карціны, каб упрыгожыць сталоўку, настаўнікі працоўнага навучання шылі шторы.

Параўноўваю здымкі былога харчаблока школы з тым, што ёсць зараз, і разумею радасць работнікаў сталовай, вучняў, настаўнікаў і кіраўніцтва ўстановы. Цяпер выраз “Смачна есці!” тут вельмі дарэчы.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.