Зусім хутка ў школьнікаў пачнуцца доўгачаканыя зімовыя канікулы і чароўныя святы — Новы год і Каляды. Менавіта ў перыяд канікул узнікае пагроза павелічэння дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам юных пешаходаў. У сувязі з гэтым Дзяржаўтаінспекцыя са снежня актывізавала работу па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.
Інспектары праводзяць прафілактычныя і віншавальныя акцыі, гульні, віктарыны ў розных установах адукацыі, дзе нагадваюць дзецям асноўныя правілы бяспечных паводзін, выконваючы якія, яны змогуць зберагчы сябе ад бяды. Менавіта дарослыя павінны паклапаціцца пра бяспеку дзяцей і зрабіць усё, каб нічога не азмрочыла доўгачаканыя святы.
Адно з такіх мерапрыемстваў пад назвай “Бяспечны пераход” правялі Дзяржаўтаінспекцыя Кастрычніцкага раёна Мінска разам з Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” для навучэнцаў сярэдняй школы № 62 сталіцы.
Супрацоўнікі ДАІ звярнулі ўвагу дзяцей на тое, што ў асенне-зімовы перыяд павялічваецца колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў, што абумоўлена складанымі ўмовамі надвор’я і скарачэннем працягласці светлавога дня. У сувязі з гэтым пешаходам неабходна пастарацца зрабіць сябе як мага больш прыкметнымі на дарозе. І дапамагаюць у гэтым святлоадбівальныя элементы, эфектыўнасць якіх даказана.
Хлопчыкі і дзяўчынкі паўтарылі правілы пераходу праезнай часткі з санкамі, лыжамі, канькамі і пагаварылі аб бяспечных месцах для зімовых рухавых гульняў. Таксама для школьнікаў была падрыхтавана тэматычная гульнявая праграма, падчас якой яны замацавалі атрыманыя веды.
Пасля заканчэння мерапрыемства ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі тэматычныя сувеніры ад Дзяржаўтаінспекцыі.
Вікторыя ЦАРУК,
старшы інспектар па АіП АДАІ Кастрычніцкага РУУС Мінска.