Бяспечныя ўмовы — клопат кожнага

- 10:50Планёрка ў рэгіёне

— Школа і сям’я павінны быць партнёрамі, — лічыць госць сённяшняй “Суботняй планёркі” загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму Крупскага райвыканкама Мінскай вобласці Лідзія Іванаўна БАЧЫШЧАВА. — У раёне назапашаны станоўчы вопыт работы клубаў для бацькоў, у межах якіх праходзяць не толькі розныя культурна-масавыя мерапрыемствы, але і вырашаюцца пытанні прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх, сацыяльнага сіроцтва. Арганізоўваюцца сустрэчы з прадстаўнікамі сістэмы аховы здароўя па недапушчэнні распаўсюджвання шкодных звычак. З бацькамі працуюць педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі.

— Лідзія Іванаўна, а як праходзіць шосты школьны дзень ва ўстановах адукацыі раёна?

— У шосты школьны дзень навучэнцы маюць магчымасць шырокага выбару роду заняткаў, зыходзячы са сваіх запытаў і пажаданняў: факультатыўныя заняткі па вучэбных прадметах, стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі, рознаўзроставыя аб’яднанні па інтарэсах, клубы. На базе ўстаноў адукацыі арганізавана работа 22 аб’яднанняў па інтарэсах. З вялікай цікавасцю сельскія дзеці чакаюць выязных субот устаноў дадатковай адукацыі раёна. Ужо прайшлі “Дзень адкрыццяў” і “Вясёлая субота”, акцыя “Краязнаўчымі маршрутамі”. Асаблівае месца адводзіцца фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце. Для дзяцей дашкольнага ўзросту працуюць “Школа будучых першакласнікаў” у Крупскай раённай гімназіі і “Школа развіцця” ў сярэдняй школе № 3 Крупак.

Вялікую ўвагу ў шосты школьны дзень мы ўдзяляем прафарыентацыйнай рабоце: наведваем дні адкрытых дзвярэй ва ўстановах прафесійнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі Мінска і Мінскай вобласці, праводзім розныя конкурсы (агітбрыгад, плакатаў, малюнкаў, флаераў, буклетаў, конкурс даследчых работ “Асоба і прафесія”), наведваем арганізацыі і прадпрыемствы раёна.

— Як арганізавана ў раёне профільнае навучанне? Ці ёсць у вас педагагічныя класы?

— Навучэнцам прапанаваны розныя напрамкі профільнага навучання, паглыбленае вывучэнне асобных прадметаў. У 2016/2017 навучальным годзе ў раёне адкрыты 6 профільных 10-х класаў на базе пяці ўстаноў адукацыі, таксама працягваюць профільнае навучанне адзінаццацікласнікі. Асноўнымі прадметамі, якія школьнікі выбралі для вывучэння на павышаным узроўні, сталі матэматыка, руская, беларуская і англійская мовы. Новым у гэтым годзе стаў для раённай гімназіі профіль па напрамку “Англійская мова і гісторыя Беларусі”. У Коласаўскай сярэдняй школе адкрыты спецыялізаваны клас (15 навучэнцаў) па плаванні і дзюдо.

Ужо другі год на базе Крупскай раённай гімназіі функцыянуе педагагічны клас. Ён арганізаваны па прынцыпе міжшкольнага факультатыву. 6 выпускнікоў гарадскіх устаноў адукацыі вывучаюць факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, плануюць звязаць сваё жыццё з педагогікай і працягнуць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

— Якімі дасягненнямі педагогаў і навучэнцаў раён ганарыцца?

— Мы сапраўды ганарымся сваімі педагогамі. Педагагічная пільнасць, якая прадугледжвае ўменне фіксаваць істотнае ў развіцці дзіцяці, прадбачыць перспектывы, дынаміку станаўлення асобы кожнага выхаванца, высокі прафесіяналізм, педагагічны аптымізм, заснаваны на глыбокай веры педагога ў сілы, магчымасці кожнага дзіцяці, у выніковасць адукацыйнай работы — вось тыя якасці, якія характарызуюць настаўніцу рускай мовы і літаратуры Крупскай раённай гімназіі Святлану Леанідаўну Хадатовіч. Педагог удастоена звання “Настаўнік года Міншчыны — 2017”.

Зусім нядаўна адбыўся фінал конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Мінскай вобласці — 2017”. Пераможцам конкурсу ў намінацыі “Беларуская мова і літаратура. Руская мова і літаратура” стала настаўнік-метадыст рускай мовы і літаратуры крупскай сярэдняй школы № 1 імя В.М.Марцінкевіча Таццяна Аляксандраўна Канавалёнак.

За добрасумленную працу, вернасць прафесіі настаўніца фізікі Крупскай раённай гімназіі Святлана Віктараўна Кульгавая ў 2017 годзе занесена на Дошку гонару Крупскага раёна.

Мы ганарымся і сваімі вучнямі. Па выніках мінулага навучальнага года 12 выпускнікоў 11-х класаў узнагароджаны залатымі медалямі (у 2014/2015 было 6). Па выніках удзелу выпускнікоў раёна ў цэнтралізаваным тэсціраванні ў 2016 годзе сярэдняя школа № 3 Крупак увайшла ў рэйтынг лепшых устаноў адукацыі Міншчыны па англійскай мове.

На працягу апошніх трох гадоў навучэнцы Крупскага раёна заваёўваюць дыпломы ў абласным конкурсе работ даследчага характару. Так, на абласным этапе ў 2016 годзе дыпломамі адзначаны работы “Садовая хірургія” навучэнкі Хацюхоўскага дзіцячага-сада — сярэдняй школы імя У.В.Кавалёнка Дзіяны Турловіч (дыплом І ступені) і работа “Гісторыя промыслу ў гісторыі мястэчка” навучэнкі сярэдняй школы № 1 імя В.М.Марцінкевіча Крупак Дар’і Шчалко (дыплом ІІ ступені). Работа Дар’і адзначана дыпломам ІІ ступені і на рэспубліканскім конкурсе.

Аналіз вынікаў удзелу ўстаноў адукацыі ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сведчыць аб стабільнай рабоце ў гэтым напрамку: 2017 год — 4 дыпломы, 2016 год — 2 дыпломы. Сёлета дыпламантамі абласнога этапу сталі Дар’я Вараб’ёва (дыплом І ступені па рускай мове і літаратуры), Ганна Хадатовіч (дыплом ІІІ ступені па рускай мове і літаратуры), Мікіта Рогаў і Аляксандр Загорскі (дыпломы ІІІ ступені па фізіцы).

У 2016 годзе навучэнка Крупскай раённай гімназіі Дар’я Вараб’ёва прыняла ўд зел у заключным этапе алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” і была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені. Такое дасягненне ў раёне ўпершыню. Дарэчы, па выніках мінулага навучальнага года за перамогу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды Дар’я ўдастоена прэміі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Сёлета дзяўчына таксама заваявала дыплом ІІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

Навучэнец 9 класа Крупскай гімназіі на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “ПАТРИОТ.by” у намінацыі “Я ганаруся табой, Беларусь…” за распрацоўку інтэрактыўнай камп’ютарнай гульні па тэме “Вялікая Айчынная вайна” ўзнагароджаны дыпломам І ступені.

— Лідзія Іванаўна, якія напрамкі ў рабоце педагогаў Крупскага раёна будуць прыярытэтнымі ў далейшым?

— Па-першае, стварэнне бяспечных умоў для навучання і выхавання дзяцей. Гэта першачарговая задача не толькі аддзела адукацыі, але і кожнага кіраўніка, педагога. Па-другое, арганізацыя работы па раннім выяўленні дзяцей, якія пражываюць ва ўмовах сямейнай нядобранадзейнасці, прафілактыка сацыяльнага сіроцтва, вяртанне бацькам іх правоў. Важнымі для нас з’яўляюцца таксама матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне ўстаноў сучасным абсталяваннем і сродкамі навучання і далейшая мэтанакіраваная работа з высокаматываванымі навучэнцамі.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.