Бяспека — гэта цікава

- 15:12Нам пішуць

Навучэнцы 8, 9 “А” і 9 “Б” класаў сярэдняй школы № 3 Смаргоні падчас нядаўніх канікул наведалі сучасны вучэбны цэнтр МНС, размешчаны ў Лідзе. Дзяцей сустракалі інструктары Анастасія Алегаўна Грынюк і Алена Анатольеўна Горбач. Экскурсія працягвалася прыкладна паўтары гадзіны.

Спосабаў навучання асновам і навыкам бяспечных паводзін шмат, але на практыцы веды засвойваюцца значна эфектыўней. У цэнтры МНС метад узаемадзеяння інтэрактыўны.

Інструктары ў гульнявой пазнавальнай форме з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій і сучаснага абсталявання расказалі навучэнцам аб асновах бяспечных паводзін у тых ці іншых надзвычайных сітуацыях, паведамілі аб правілах аказання першай медыцынскай дапамогі.

На кожнай гульнявой пляцоўцы змадэлявана пэўная надзвычайная сітуацыя.

На адной з пляцовак дзеці вучыліся набіраць нумар 101 — адпрацоўвалі алгарытм выкліку службы ратавання. У кожнай з дзевяці кабінак прадстаўлена надзвычайная сітуацыя, пра якую школьнікі павінны былі дакладна і хутка паведаміць дыспетчару па тэлефоне.

Вялікую цікавасць у вучняў выклікала работа са сродкамі тушэння пажару. На пляцоўцы размешчаны зоны для тушэння, якія імітуюць агонь. Навучэнец павінен быў патушыць ачаг узгарання — пры правільных дзеяннях полымя гасне.

На наступнай пляцоўцы хлопчыкі і дзяўчынкі прагледзелі відэаролік, пасля чаго заданнем было пераадолець пакой задымлення, арыентуючыся на светлавыя табло “выхад”. Таксама пры дапамозе інтэрактыўнага планшэта былі змадэляваны сітуацыі, якія могуць прывесці да пажару ў доме ці кватэры.

Далей школьнікі прайшлі тэст па асновах бяспекі паводзін. Седзячы на пяньках, гутарылі з інструктарам, разважалі, як паводзіць сябе ў лесе, каб не трапіць у непрыемную сітуацыю, як арыентавацца без компаса, што рабіць падчас навальніцы. Акрамя таго, яны атрымалі веды пра бяспечныя паводзіны ў ліфце, абмеркавалі дзеянні ў выпадку яго аварыйнага прыпынку, паўтарылі правілы дарожнага руху, засвоілі навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі.

Паездка пераўзышла ўсе чаканні. Школьнікі пераканаліся, што Цэнтр бяспекі — гэта ўнікальная школа ведаў.

Галіна МІНКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 класа сярэдняй школы № 3 Смаргоні.