Бяспека вышэй за ўсё

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Ядзерная бяспека — вышэйшы прыярытэт для кіраўніцтва Беларускай АЭС. Аб гэтым заявіў кіраўнік каманды экспертаў Маскоўскага цэнтра Сусветнай асацыяцыі арганізацый, якія эксплуатуюць атамныя электрастанцыі (САА АЭС), Дзмітрый Чычыкін у відэакаментарыі, размешчаным на Youtube-канале БелАЭС.

Міжнародныя эксперты з 5 па 13 красавіка правялі місію тэхнічнай падтрымкі па ацэнцы эксплуатацыйнай гатоўнасці другога энергаблока БелАЭС. Акрамя прадстаўнікоў САА АЭС, у экспертную групу ўвайшлі спецыялісты дзеючых АЭС Расіі, Балгарыі, ААЭ і Турцыі. Паводле слоў Дзмітрыя Чычыкіна, ацэнка вялася па дзевяці вытворчых галінах. “Мы правялі глыбокі аналіз бягучага стану гатоўнасці энергаблока № 2 да маючай адбыцца загрузкі паліва і наступнага ўключэння ў электраэнергетычную сетку Беларусі, зрабілі зрэз бягучага стану станцыі адносна наступнага пуску. Хачу адзначыць, што станцыя добраахвотна запрасіла каманду знешніх экспертаў для дадатковай ацэнкі рэалізацыі праекта. Гэтая ацэнка не з’яўляецца абавязковай у фармаце работы САА АЭС”, — расказаў ён.

“Мы бачым, што станцыя дэманструе адкрытасць, прафесіяналізм сваіх работнікаў. Я на гэтай станцыі ўжо, напэўна, раз шосты. Магу сказаць, што праект развіваецца. Самае галоўнае, мы бачым, што для кіраўніцтва станцыі ядзерная бяспека — вышэйшы прыярытэт”, — адзначыў Дзмітрый Чычыкін.