Сапраўдным упрыгажэннем пасяджэння калегіі “Аб выніках работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за 2013 год і асноўных кірунках дзейнасці на 2014 год” стала выстава бясцэннага вопыту, ведаў і дасягненняў навучальных устаноў краіны, што разгарнулася адразу на двух паверхах Ліцэя БДУ.
Аўтамабіль наскрозь
За выкананне кантрольных лічбаў прыёму і развіццё пазабюджэтнай дзейнасці Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі ўзнагароджаны Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж. Пачынаючы з 1945 года, з моманту яго заснавання, каледж паспяхова рыхтуе кадры для прамысловых машынабудаўнічых прадпрыемстваў і транспартнай гаспадаркі краіны. З 2014 года каледж з’яўляецца рэсурсным адукацыйным цэнтрам па кірунках тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў і аўтасэрвісу. Названы цэнтр з’яўляецца адзіным у рэспубліцы на ўзроўні атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
На выставе ўвазе ўдзельнікаў калегіі быў прадстаўлены адзін з экспанатаў рэсурснага цэнтра — шасі легкавога заднепрываднога аўтамабіля ў натуральную велічыню. Дзякуючы яму, устройства аўтамабіля і работа ўсіх яго элементаў — рухавіка, каробкі перадач, счаплення і інш. — відаць навучэнцам літаральна наскрозь.
Як паведаміў адказны сакратар прыёмнай камісіі Аляксандр Анатольевіч Гамза, у каледжа стапрацэнтны набор навучэнцаў на бюджэтную форму навучання. На дзённай і завочнай формах навучання ў каледжы вучацца звыш дзвюх тысяч чалавек, 20 з якіх — дзяўчаты. Платныя паслугі, якія прадастаўляюцца ў каледжы: падрыхтоўка вадзіцеляў катэгорый “А”, “В”, “С”, “ВС”, павышэнне кваліфікацыі вадзіцеляў (контраварыйнае кіраванне транспартным сродкам), курсы для вадзіцеляў “Выкананне міжнародных аўтамабільных перавозак грузаў” і інш.
Апранулі з галавы да ног
За выкананне кантрольных лічбаў прыёму ў намінацыі “Забеспячэнне аб’ёмаў і якасці падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі” Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі быў адзначаны калектыў установы адукацыі “Капыльскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж”. На выставе каледж прадставіў два праекты — напятачнік для жанчын-вадзіцеляў і плашч-трансформер. Аўтар ідэй — выкладчык спецыяльных вучэбных прадметаў Бярнарда Станіславаўна Леаненка. Напятачнік абараняе абутак ад працірання пры кіраванні аўтамабілем. Напятачнікі зроблены з розных матэрыялаў, маюць розны колер і фактуру, што дазваляе падабраць карысны аксесуар пад самы розны абутак. А па індывідуальным заказе кліента можна ўвогуле зрабіць напятачнік пад канкрэтны абутак. Плашч-трансформер уяўляе сабой касметычку, якая ў дажджлівае надвор’е лёгка ператвараецца ў верхняе адзенне. З прыкладамі работ можна пазнаёміцца на сайце навучальнай установы.
Шчаслівая лічба 13
Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў па праву заняў на выставе адно з самых бачных месцаў. Вынікі яго работы былі ў 2013 годзе на слыху ва ўсёй краіны.
— 2013 год стаў сапраўды знакавым і паспяховым для нас. Мяркуйце самі: 13 залатых медалёў было заваявана беларускімі студэнтамі на ўніверсіядзе ў Казані, 13-е месца нашы школьнікі занялі ў Бразіліі на сусветнай гімназіядзе. Удзел Беларусі ў сусветнай гімназіядзе можна ўвогуле смела назваць лагічным завяршэннем рэспубліканскай спартакіяды. Напрыклад, калі ў студэнтаў прымаць удзел у рэспубліканскай універсіядзе, каб трапіць на сусветную ўніверсіяду, быў стымул, то ў дзяцей школьнага ўзросту такого стымулу — трапіць на найбуйнешыя міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы не калі-небудзь у будучым, а зараз, раней не было. Спаборніцтвы сярод іх заканчваліся на нацыянальным узроўні. Але ў 2013 годзе ў іх з’явілася магчымасць трапіць на міжнародную вяршыню школьнага спорту і пакінуць на ёй сваё імя. Сапраўдным адкрыццём мінулага года стала кідальніца кап’я Ганна Тарасюк. Ужо шмат гадоў маладога спартсмена такога ўзроўню не было. Прычым яе вынік у 10 класе можа стаць сапраўдным упрыгажэннем дарослага нацыянальнага чэмпіянату па лёгкай атлетыцы, — гаворыць дырэктар цэнтра Валянціна Віктараўна Баляба. — У 2013 годзе цэнтрам быў ініцыіраваны і пры падтрымцы двойчы сярэбранага прызёра Алімпійскіх гульняў у Лондане Аляксандры Герасімені праведзены дзіцячы турнір па плаванні “Залатая рыбка”. Сёлета гэты турнір пройдзе на якасна новым узроўні.
Гучнае дасягненне
Тэматычную прэзентацыю падчас калегіі прадставіў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі адразу ў некалькіх намінацыях: “За лепшыя паказчыкі па эканамічнай эфектыўнасці навуковых даследаванняў”, “За дасягненне лепшых паказчыкаў у міжнародным прызнанні вынікаў навуковых даследаванняў”, “За дасягненне высокіх паказчыкаў па экспарце паслуг”.
Прэзентацыя галоўнай ВНУ краіны была прысвечана гучнаму дасягненню беларускіх студэнтаў на чэмпіянаце свету па праграмаванні ACM ICPC — 2013. Каманда БДУ ў складзе студэнтаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Рамана Удавічэнкі, Андрэя Малевіча і Сяргея Жгіроўскага заваявала сярэбраныя медалі, заняўшы 8 месца ў агульным заліку сярод 120 каманд.
— Нашы студэнты прымаюць удзел у гэтых спаборніцтвах ужо шмат гадоў. Статус спаборніцтваў з кожным годам становіцца ўсё вышэй. Напрыклад, на адборачных этапах у мінулым годзе ў іх прынялі ўдзел каля 30 тысяч чалавек з 2032 універсітэтаў 91 краіны свету. Можна сабе толькі ўявіць, якой была канкурэнцыя! Гэта вельмі высокае дасягненне, якім наш універсітэт вельмі ганарыцца, — гаворыць старшы выкладчык БДУ Кацярына Васільеўна Пазюра. — Адзначу, што мы не рыхтуем удзельнікаў для гэтых спаборніцтваў. Мы рыхтуем студэнтаў з высокім узроўнем ведаў, якія праяўляюць сябе на гэтых спаборніцтвах. Канечне, вопыт удзелу нашых студэнтаў у спаборніцтвах велізарны, таму нядзіўна, што разам са сваімі выкладчыкамі яны становяцца аўтарамі падручнікаў па праграмаванні. На нашым стэндзе якраз адзін з іх і прадстаўлены.
Стаўка на інавацыі
У намінацыі “За эфектыўную прафарыентацыйную работу і высокія паказчыкі прыёму абітурыентаў на навучанне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту” падчас калегіі быў адзначаны і калектыў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. На выставе стэнд гэтай вышэйшай навучальнай установы стракацеў цэлым комплексам інавацый.
Першы экспазіцыйны праект быў прысвечаны біялагічнай актыўнасці праектаў гідролізу “Кукалкі дубовага шаўкапрада — крыніца для біяфармацэўтычных субстанцый”. Як паведамілі прадстаўнікі ўніверсітэта, ВДУ імя П.М.Машэрава фактычна адзіны ў Беларусі ўніверсітэт, які вырошчвае культуру дубовага шаўкапрада, вырабляе пробныя партыі прэпарату з антыаксідантным эфектам, які можа выкарыстоўвацца пры вырабе медпрэпаратаў для жывёл і ў перспектыве лячэбна-касметычных сродкаў для людзей. Другі праект — “Першая поўная электронная энцыклапедыя матылькоў Беларусі”. Гэта першая і найбольш поўная зводка па ўсіх відах матылькоў, што насяляюць тэрыторыю Беларусі. Акрамя дакладна зарэгістраваных відаў, работа ўключае інфармацыю аб відах, якія насяляюць сумежныя тэрыторыі і патэнцыяльна могуць сустрэцца на тэрыторыі нашай краіны. Па гэтай прычыне праграма можа служыць для вывучэння матылькоў не толькі Беларусі, але і ўсёй сярэдняй паласы Расіі, паўночнай Украіны, краін Балтыі. Работа праілюстравана больш чым 2000 фотаздымкаў і больш чым 140 картасхемамі распаўсюджання. Сярод прадстаўленых на стэндзе ўніверсітэта праектаў быў і трэнажор для трэніроўкі мышцаў верхняй часткі тулава чалавека, на якім могуць займацца адначасова тры чалавекі.
Новы ўзровень выкладання
Адным з самых відовішчных стэндаў выставы стала экспазіцыя нацыянальнага праекта Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага Дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі “Робататэхніка: інжынерныя веды моладзі для інавацыйнай Беларусі”. На стэндзе былі прадстаўлены мадэлі робатаў-канструктараў. Выкарыстоўваючы перадавыя тэхналогіі, у тым ліку LEGO-Education, мікрапрацэсарныя сістэмы, навучэнцы маюць магчымасць з першага класа вучыцца не толькі канструяваць, але і праграмаваць. Як паведаміў дырэктар “Школы робататэхнікі” Ігар Леанідавіч Бялевіч, апытанне паказала, што дзяўчаты больш за ўсё хацелі б сканструяваць робат-пыласос, а хлопчыкі мараць аб робаце, які б выконваў за іх дамашнія заданні. За гэтымі паўжартаўлівымі марамі хаваюцца грунтоўныя мэты праекта — папулярызацыя прафесіі інжынера, вяртанне цікавасці да гурткоў навукова-тэхнічнай творчасці.