Бязмежная інтэрнэт-прастора — для адукацыйных мэт

- 11:19Медыяадукацыя

У сталіцы падведзены вынікі конкурсу “Адукацыйныя інтэрнэт-гарызонты”, які праводзіўся з мэтай удасканалення інфармацыйнага сегмента адукацыйнай інтэрнэт-прасторы Мінска, павышэння іміджу і прэстыжу інтэрнэт-рэсурсаў педагогаў. Узнагароджанне пераможцаў прайшло днямі ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама.

Вопыт, дастойны распаўсюджвання

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Спаборніцтвы праходзілі ў вочна-завочнай форме ў два этапы: завочны (дыстанцыйны) і заключны (вочны).

Конкурс праводзіўся па шасці намінацыях: “Лепшы сайт установы адукацыі як рэсурс выхаваўчай работы” (прадстаўляліся сайты ўстаноў адукацыі, якія адлюстроўваюць асноўныя напрамкі дзейнасці ідэалагічнай і выхаваўчай работы, мадэль ці сістэму работы з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, яе метадычнае суправаджэнне, арганізацыю работы ў шосты школьны дзень, узаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі і г.д.), “Лепшы адукацыйны тэматычны сайт” (сайты педагогаў, групы педагогаў, якія распрацаваны і дзейнічаюць на CMS “Web.Perspective” (minsk.edu.by), “Лепшы адукацыйны блог”, “Лепшы віртуальны музей”, “Лепшы дыстанцыйны курс”, “Лепшы адукацыйны відэаўрок” (аўтарскія відэаўрокі педагогаў па вучэбных прадметах для 5—11 класаў у фарматах avi, mpeg).

Усяго на спаборніцтвы паступіла 169 работ. Асаблівай папулярнасцю ў педагогаў карысталіся намінацыі “Лепшы сайт установы адукацыі як рэсурс выхаваўчай работы”, “Лепшы віртуальны музей”, “Лепшы адукацыйны блог”.

Па водгуках членаў журы конкурсу, узровень прадстаўленых работ дастаткова высокі. Сталічныя педагогі сапраўды задзейнічалі магчымасці інтэрнэт-прасторы ў адукацыйных мэтах. Яны паспяхова ствараюць тэматычныя сайты, вядуць блогі, пра сваю дзейнасць актыўна заяўляюць у інтэрнэце, ствараюць віртуальныя музеі, дэманструюць распрацоўкі на YouTubе-канале і г.д. Гэта людзі, вопыт якіх сапраўды варты распаўсюджвання і пераймання.

Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі М.Ю.Хорсун з сярэдняй школы № 4 (у намінацыі “Лепшы віртуальны музей”), В.І.Шалкоўская з гімназіі № 27 (у намінацыі “Лепшы дыстанцыйны курс”), А.А.Сінкевіч з сярэдняй школы № 111 (у намінацыі “Лепшы адукацыйны відэа-ўрок”), Т.А.Кузьміч з ясляў-сада № 239 (у намінацыі “Лепшы сайт установы адукацыі як рэсурс выхаваўчай работы” і ў намінацыі “Лепшы адукацыйны тэматычны сайт”), В.А.Чырун з гімназіі № 32 (у намінацыі “Лепшы адукацыйны блог”).

У сістэме Moodle

Дыстанцыйны курс “Паглыбленне ведаў па матэматыцы” для 6 класа прадставіла настаўніца матэматыкі гімназіі № 27 Вольга Іванаўна Шалкоўская. Як расказала педагог, 55 вучняў 6-х класаў зарэгістраваны ў сістэме Moodle і рэгулярна працуюць у ёй.

— Увесь вучэбны матэрыял падзелены на блокі ў адпаведнасці з каляндарна-тэматычным планаваннем. У пачатку кожнага блока выкладзены графік правядзення асноўных пісьмовых работ. Такі від інфармавання дапамагае навучэнцам своечасова рыхтавацца да гэтых работ, у тым ліку псіхалагічна. Усе матэрыялы, якія дэманструюцца на ўроку, рэгулярна публікуюцца ў адпаведным раздзеле курса. Навучэнцы заўсёды маюць магчы-масць іх праглядзець і прапрацаваць. Па шэрагу параграфаў праводзяцца самастойныя работы вучэбнага характару.

Для вучняў, якія прапускаюць вучэбныя заняткі, заўсёды ёсць магчымасць быць у курсе падзей, якія адбываюцца на ўроку. Педагог як цьютар курса мае магчымасць аналізаваць паспяховасць кожнага навучэнца. Для выяўлення праблем у засваенні ведаў па вывучанай тэме і правядзенні іх карэкцыі выкарыстоўваецца табліца аналізу пытанняў.

Для работы з навучэнцамі, якія цікавяцца рашэннем нестандартных і алімпіядных задач, на працягу навучальнага года Вольга Іванаўна штотыднёва праводзіць конкурс “Марафон задач”. На факультатыве разбіраюцца метады і прыёмы рашэння задач пэўнага тыпу. У суботу ці ў нядзелю дыстанцыйна праходзіць тэсціраванне па вывучанай тэме. Затым падводзяцца вынікі, называюцца імёны лепшых навучэнцаў, публікуюцца ўмовы і рашэнні прапанаваных задач.

— Дыстанцыйны курс дазволіў мне арганізаваць навучанне на новым якасным узроўні і дасягнуць стабільных вынікаў — паспяховасць вучняў павысілася. Выкарыстанне дыстанцыйных форм навучання станоўчым чынам уплывае на вучэбную матывацыю дзяцей. Вучні з ахвотай і жаданнем прымаюць удзел у алімпіядах і конкурсах, — падкрэслівае В.І.Шалкоўская.

Бацькоўскі клуб

Педагог-псіхолаг гімназіі № 27 Вольга Аляксандраўна Іванашка распрацавала інтэрнэт-рэсурс “Бацькоўскі клуб “Кампетэнтнасць”, за які адзначана дыпломам ІІ ступені.

— Сучасны свет — гэта свет хуткасцей. Мы спяшаемся, імкнёмся стаць паспяховымі ў прафесійнай дзейнасці, каб забяспечыць сабе і сваім дзецям дастойнае жыццё. Але ў нашым жыцці ёсць яшчэ адна вельмі важная роля, якая з намі ідзе па жыцці. Мы — бацькі. Безумоўна, сям’я ў галіне духоўнасці, маральнасці, культуры зносін аказвае на дзіця вялікі ўплыў, але ў сем’ях, дзе працуюць бацькі, выхаванню дзяцей удзяляецца не больш за 1—2 гадзіны ў суткі. У многіх бацькоў адсутнічаюць уяўленні аб выхаваўчым працэсе, у асноўным ён ажыццяўляецца стыхійна. Бацькоўству, як і прафесіі, важна вучыцца, — адзначае Вольга Аляксандраўна. — Блог “Бацькоўскі клуб “Кампетэнтнасць” быў распрацаваны з мэтай павышэння выхаваўчага патэнцыялу сям’і. Сярод яго задач — стварыць адзіную інфармацыйную прастору, даступную для кожнага з бацькоў, ініцыіраваць віртуальнае ўзаемадзеянне для наступных зносін па-за межамі інтэрнэту, фарміраваць псіхолага-педагагічную культуру бацькоў.

Блог уяўляе сабой віртуальную прастору з пэўнай структурай пабудовы. Асноўныя старонкі прадстаўлены ў выглядзе 10 раздзелаў. У якасці асяроддзя распрацоўкі быў выбраны web-сэрвіс Blogger.

На галоўнай старонцы блога рэгулярна публікуюцца гарачыя навіны. У раздзеле “Навігатар сямейнага выхавання” размяшчаюцца артыкулы на самыя розныя тэмы, якія хвалююць у выхаванні дзяцей: “Як перамагчы сарамлівасць дзіцяці?”, “Як дзіцяці дапамагчы адаптавацца да вучобы ў гімназіі?” і інш. На старонцы “Парады на кожны дзень” бацькі могуць атрымаць рэкамендацыі, якія абавязкова спатрэбяцца ў штодзённых зносінах (як арганізаваць рэжым дня, што рабіць, калі падлетак раздражнёны і г.д.). Калі наспела праблема, а ў школу прыйсці не атрымліваецца, для бацькоў прапанавана інтэрнэт-прыёмная “Віртуальная паштовая скрыня даверу”. Таксама бацькі могуць звярнуцца па кансультацыю па Skype. Свае пытанні, водгукі, пажаданні бацькі могуць пакідаць у “Гасцявой кнізе”. Парады і практычныя практыкаванні па ўмацаванні здароўя, прафілактыцы захворванняў прапаноўваюцца ў раздзеле “Віртуальны кабінет здароўя”.

— Кожны наведвальнік інтэрнэт-рэсурсу, падпісаўшыся на яго абнаўленні, можа сачыць за блогам і атрымліваць паведамленні праз электронную пошту аб новых матэрыялах. Актыўныя спасылкі паведамленняў дазваляюць мабільна і аператыўна азнаёміцца з прапанаваным матэрыялам ці анкетай. Дарэчы, прыемна адзначыць, што рэйтынг наведвальнасці блога сведчыць аб яго запатрабаванасці, — гаворыць Вольга Аляксандраўна.

Відэаўрокі Pascal

Педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 111 Аляксандр Аляксандравіч Сінкевіч прадставіў на конкурс відэаўрокі Pascal для вучняў 6—7 класаў. “Часам мы чуем ад школьнікаў, што Pascal — гэта сумна і нецікава. На самай справе мова Pascal — гэта свайго роду табліца множання для ўсіх, хто хоча адчуць смак праграмавання. Лёгкая і зразумелая, яна становіцца асновай для асваення ўсіх іншых моў праграмавання, — заўважае Аляксандр Аляксандравіч. — На занятках камп’ютарнага гуртка ва ўстанове адукацыі, а таксама ў “Школе камп’ютарнай дасведчанасці Comp-As” мы выкладаем Pascal для дзяцей. І вось у суаўтарстве з маёй жонкай — інжынерам-праграмістам Ганнай Аляксандраўнай — мы і распрацавалі праект “Бясплатныя відэаўрокі Pascal”, каб дапамагчы школьнікам пераканацца, што праграмаванне — гэта цікава і захапляльна! Відэаўрокі распрацаваны згодна са школьнай праграмай. Іх вельмі зручна выкарыстоўваць як на занятках пры тлумачэнні новага матэрыялу, так і для самастойнага навучання школьнікаў. І тыя вучні, хто па пэўнай прычыне прапусціў урокі ў школе, змогуць засвоіць матэрыял і не адстаць ад равеснікаў”.

Быць у трэндзе

Распрацоўкі ясляў-сада № 239 сталі пераможцамі адразу ў дзвюх намінацыях: “Лепшы сайт установы адукацыі як рэсурс выхаваўчай работы” і “Лепшы адукацыйны тэматычны сайт”.

— Устойлівае развіццё — гэта бесперапынны рух наперад. Афіцыйны сайт нашай установы ўжо неаднаразова быў адзначаны на гарадскім і рэспубліканскім узроўнях, разам з тым на гэты конкурс мы прадставілі афіцыйны сайт як рэсурс выхаваўчай работы, — адзначае загадчыца ясляў-сада Таццяна Аляксандраўна Кузьміч. — Для нас гэта ў першую чаргу мадэль работы з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Гэта сучасны прэзентабельны і функцыянальны сайт. На конкурсе мы прадэманстравалі новую версію абноўленага інтэрнэт-прадукту, у якім імкнуліся прымяніць свежыя трэнды: поўнаэкраннае меню з выразнымі фотаздымкамі, эфектную заліўку кнопак, буйныя іконкі; павялічылі вертыкальную прастору, вышыню старонак. Безумоўна, гэта яшчэ і змястоўнае напаўненне сайта; вэб-праекты выхаваўчай накіраванасці “Кузька в дом — счастье в нём”; “Наша вялікая сям’я”, “Старонкі поспеху”; наладжаная сістэма дыстанцыйнай работы з законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў; узаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі.

Пляцоўка бяспекі

Тэма бяспекі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ясляў-сада № 239, а з адкрыццём у 2016 годзе рэсурснага цэнтра ўстанова набыла статус, вызначаны адпаведнымі нарматыўнымі прававымі актамі. Таму быў распрацаваны тэматычны сайт “Ты к нам в окна загляни — безопасность изучи”. Мэта яго стварэння — прадстаўленне дзейнасці рэсурснага цэнтра ў інтэрнэт-супольнасці, прыцягненне ўвагі грамадскасці да пытанняў фарміравання культуры бяспечных паводзін у дзяцей праз інтэрнэт-рэсурсы.

Па словах Т.А.Кузьміч, асаблівай увагай карыстаюцца матэрыялы раздзела “Жывы эфір”, дзе ў рэжыме жывога запісу бацькі могуць праслухаць ролікі выратавання дзяцей, якія ў тым ліку трапляюць у экстрэмальныя сітуацыі па віне дарослых. Актыўна размяшчаюцца на сайце сацыяльныя відэаролікі, створаныя супрацоўнікамі аддзела прапаганды і сацыякультурнай дзейнасці МНС Рэспублікі Беларусь, клуба “Аўтамотатурызм”. На сайце ёсць і ўласныя відэапрадукты ўстановы. Менавіта такая падача матэрыялу, у якой прымаюць удзел самі дзеці, гуляючы, у нязмушанай атмасферы дапаможа выхаванцам лепш запомніць і прымяніць атрыманыя веды ў экстрэмальнай сітуацыі.

— Сёння тэматычны сайт выступае пасрэднікам паміж бацькоўскай грамадскасцю і службамі выратавання, арганізоўвае дыстанцыйную асвету і навучанне бацькоў, якое не прывязана да канкрэтнага часу і месца. Гэта пляцоўка, дзе мы асвятляем сумесныя з сацыяльнымі партнёрамі праекты, мерапрыемствы, акцыі, — каменціруе Таццяна Аляксандраўна. — Лічым, што стварэнне тэматычнага сайта рэсурснага цэнтра дазволіла ўкараніць новыя формы арганізацыі работы з бацькамі і соцыумам па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці. Работа з інтэрнэт-рэсурсам стымулюе кіраўніцтва РЦ да пастаяннага абнаўлення змястоўнага напаўнення банка інфармацыйна-метадычных матэрыялаў, да ўдасканалення адукацыйнай і выхаваўчай работы з дзецьмі. І ў канчатковым выніку дазволіць прапагандаваць вопыт работы педагагічнага калектыву не толькі на раённым, але і на гарадскім узроўні.

***

Работы пераможцаў конкурсу будуць рэкамендаваны да ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Аляксандра КАМЕНЧУКОВА
і Іны АРЦЮХОВАЙ.