Бязмежныя магчымасці ў руках аднаго чалавека

- 11:09World Skills

На чэмпіянаце ў кампетэнцыі “Інжынерны дызайн CAD” удзельнічаў Дзмітрый Дорах, які прадстаўляў філіял БНТУ “Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж”. У якасці эксперта і настаўніка ад гэтай навучальнай установы выступіла К.А.Дубатоўка, выкладчык спецыяльных дысцыплін вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, якая зусім нядаўна атрымала самую важную пасаду — стала маладой мамай.

Кацярыну Аляксандраўну мы ведаем дастаткова даўно. Яна падрыхтавала шмат канкурсантаў, удзельнічала ў многіх нацыянальных і міжнародных спаборніцтвах. Маючы высокі аўтарытэт у прафесійнай дзейнасці, Кацярына Аляксандраўна паспяховая і ў сямейным жыцці.

Кампетэнцыя “Інжынерны дызайн CAD” падразумявае распрацоўку складаных механізмаў, праектаванне вырабаў для вытворчасці на 3D-прынтары. Гэта і работа з геаметрыяй, атрыманай шляхам 3D-сканіравання, і чытанне чарцяжоў, і работа ў галіне прамысловага дызайну. Часта для паспяховай работы над праектам бывае мала проста перамаляваць даныя з дакументацыі. Неабходны пошук даных, якія адсутнічаюць, глыбокі аналіз і кампаноўка іх у суцэльнае, завершанае рашэнне. Сённяшні спецыяліст выходзіць за рамкі простага выканаўцы. Інжынерны дызайн — гэта велізарная колькасць амаль бязмежных магчымасцей у руках аднаго чалавека.

Дзмітрый Дорах пад кіраўніцтвам свайго настаўніка і куратара Кацярыны Аляксандраўны вельмі старанна рыхтаваўся да чэмпіянату. Для таго каб атрымаць магчымасць удзельнічаць у названай кампетэнцыі, ён прайшоў разам са сваім педагогам як мінімум 2 адборачныя этапы: завочны этап па стандартах WorldSkills і вочны.

У завочным туры па стандартах WorldSkills у кампетэнцыі “Інжынерны дызайн CAD” прынялі ­ўдзел 52 навучэнцы і студэнты з 29 устаноў адукацыі. Журы падвяло вынікі выканання задання і адабрала 15 удзельнікаў, якія былі дапушчаны да вочнага туру. У іх ліку апынуліся і Дзмітрый Дорах і яго эксперт.

Вочны тур праходзіў на базе філіяла БНТУ “Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж”, дзе ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 15 навучэнцаў і студэнтаў з усёй краіны. Конкурснае заданне складалася з двух модуляў, на выкананне якіх адводзілася 6 гадзін. З дапамогай праграмнага забеспячэння Inventor, Компас і SolidWorks удзельнікі на даволі высокім узроўні прадэманстравалі свае прафесійныя навыкі ў зборках, стварэнні мадэлей, чарцяжоў, разгортак, анімацыі, рэндэру і відэа. Дзмітрый заняў 2-е месца ў адборачным туры па стандартах Worldskills у кампетэнцыі “Інжынерны дызайн CAD”.

Таксама Дзмітрый Дорах удзельнічаў у Сусветных інжынерных гульнях, якія ў тым ліку праводзіліся на базе каледжа і самога БНТУ.

Разам з экспертам Кацярынай Аляксандраўнай Дубатоўка Дзмітрый удзельнічаў у спаборніцтвах па стандартах WorldSkills у кампетэнцыі “Прамысловы дызайн” у фармаце міжнароднага таварыскага чэмпіянату, дзе майстэрства дэманстравалі члены нацыянальных зборных Беларусі і Расіі. Беларусь заняла 1-е месца. Таксама Дзмітрый пад кіраўніцтвам эксперта Кацярыны Аляксандраўны ўдзельнічаў у 45-м Міжнародным чэмпіянаце “WorldSkills Kazan — 2019” і стаў трэцім. Для Дзмітрыя гэты год удвая знамянальны: ён не толькі паспяхова паўдзельнічаў у чэмпіянаце, але і стаў студэнтам БНТУ.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.