Былых наркаманаў не бывае, але пазбавіцца залежнасці можна

- 7:44Сацыяльны ракурс

26 чэрвеня сусветная супольнасць адзначае Міжнародны дзень барацьбы з наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абаротам. Гэты дзень быў зацверджаны Генеральнай Асамблеяй ААН яшчэ ў 1987 годзе, але з таго часу праблема распаўсюджання наркаманіі не тое што не знікла, а, наадварот, набыла яшчэ большыя маштабы. На сёння наркаманія і звязаныя з ёй злачынствы закранулі практычна ўсе краіны свету, паколькі наркабізнес з’яўляецца адным з самых прыбытковых у свеце. Не абышла гэтая праблема і Беларусь.

Група асаблівай рызыкі — моладзь

На сёння праблема наркаспажывання ў Беларусі не настолькі вострая, як у суседніх краінах, дзе налічваюцца дзясяткі тысяч нарказалежных. Тым не менш праблема ёсць. Пад наглядам наркалагічнай службы на 1 студзеня 2012 года знаходзілася 9230 хворых на наркаманію і 4609 асоб, якія эпізадычна ўжывалі наркатычныя сродкі. Такія даныя прыводзіць Міністэрства аховы здароўя. Пры гэтым спецыялісты падкрэсліваюць, што наркаманія характарызуецца вельмі высокай латэнтнасцю. Вынікі праведзеных у Беларусі навуковых даследаванняў паказваюць, што рэальныя маштабы злоўжывання наркатычнымі сродкамі і моцнадзейнымі рэчывамі ў некалькі разоў перавышаюць даныя афіцыйнай статыстыкі. Рэальная колькасць хворых на наркаманію ў Рэспубліцы Беларусь — каля 70 тысяч чалавек.

Прычым ад залежнасці пакутуюць прадстаўнікі літаральна ўсіх сацыяльных груп. Але, як падкрэсліваюць спецыялісты, асаблівая група рызыкі — моладзь. Так, структура хворых на наркаманію, якія знаходзяцца пад наглядам медыкаў, выглядае наступным чынам. Пераважна гэта мужчыны. Жанчын, хворых на наркаманію, на пачатак бягучага года зарэгістравана 2236 чалавек, гэта 14,5% ад агульнай колькасці хворых. Па ўзроставым складзе найбольш маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў — 8933 (57,8%), з якіх студэнтаў ВНУ — 317 чалавек, навучэнцаў ССНУ — 515 чалавек. 1395 чалавек (9%) афіцыйна дыягназ “наркаманія” атрымалі ва ўзросце да 20 гадоў.

З кожным годам злачынцы вынаходзяць усё новыя схемы для незаконнага абароту наркотыкаў. Зразумела ж, яны зацікаўлены ва ўсё большым распаўсюджванні наркатычных сродкаў. Так, за 5 месяцаў бягучага года органамі ўнутраных спраў краіны было выяўлена каля 1800 злачынстваў у гэтай сферы, з іх больш за 1700 звязаны непасрэдна з незаконным абаротам наркотыкаў і псіхатропных рэчываў, у тым ліку 424 злачынствы, звязаныя са збытам наркотыкаў. Спынена дзейнасць 45 наркапрытонаў, з іх амаль палова — у Мінску. З незаконнага абароту забрана больш як53 кгпсіхаактыўных сродкаў. Злачынцы, як і раней, спрабуюць стварыць на тэрыторыі краіны лабараторыі па вытворчасці наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, пры гэтым іх колькасць штогод павялічваецца. Калі ў 2005 годзе былі выяўлены 2 падпольныя наркалабараторыі, у 2006 — 3, то ў мінулым годзе — ужо 11. За 5 месяцаў бягучага года выяўлены 4 такія лабараторыі.

Працаваць на апярэджанне

Асаблівую актуальнасць апошнім часам набыла праблема распаўсюджвання так званых курыльных сумесей, якія пазіцыянуюцца распаўсюджвальнікамі як абсалютна бяспечныя і легальныя. Між тым спецыялісты аховы здароўя і органаў унутраных спраў падкрэсліваюць: гэта таксама наркатычныя сродкі.

Насамрэч, апошнім часам процістаянне органаў унутраных спраў і распаўсюджвальнікаў курыльных сумесей ператварылася ў своеасаблівую “гульню”: адзін бяжыць наперадзе, другі даганяе, дзе кожны ведае правілы і дзейнічае “ў рамках закона”. Прычым наперадзе, на жаль, як правіла, былі злачынцы.

Справа ў тым, што курыльныя сумесі ўтрымліваюць у сваім складзе сінтэтычныя канабіноіды, якія не падлягаюць дзяржаўнаму кантролю. Яны вырабляюцца шляхам нязначных змен малекулярнай структуры кантралюемых рэчываў, у выніку чаго з’яўляюцца новыя наркотыкі. Такім чынам спецыяльна ствараюцца новыя наркатычныя сродкі для таго, каб абысці меры кантролю. У такой сітуацыі органы ўнутраных спраў маглі дзейнічаць толькі пастфактум: пасля выяўлення новага рэчыва разам з прадстаўнікамі органаў аховы здароўя ўносіць карэктывы ў спіс забароненых да абароту рэчываў. Так, толькі ў мінулым годзе была ўнесена забарона на абарот 47 псіхатропных рэчываў і 10 прэкурсораў, за апошнія гады — на 105 новых наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, 34 прэкурсоры і 3 нарка­ўтрымліваючыя расліны. Але гэта карэнным чынам не выпраўляла сітуацыю: злачынцы зноў і зноў нязначна змянялі склад сумесей і атрымлівалі “легальны” наркотык.

Але ў хуткім часе, як расказаў Аляксандр Ула­дзіміравіч Гаўрылаў, начальнік упраўлення па нарка­кантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Міні­стэрства ўнутраных спраў, праблема павінна быць вырашана на заканадаўчым узроўні.

— У першай дэкадзе бягучага месяца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у першым чытанні прынялі законапраект “Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах”, у якім улічаны шэраг ініцыятыў Міністэрства ўнутраных спраў, — расказаў спецыяліст. — Галоўнай інавацыяй стала ўвядзенне паняцця “аналагі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў”. Гэта звязана з тым, што ў апошнія гады Рэспубліка Беларусь, як і ўся сусветная супольнасць, сутыкнулася з праблемай распаўсюджвання курыльных сумесей, якія ўтрымлі­ваюць у сваім складзе сінтэтычныя канабіноіды, што не падлягаюць дзяржаўнаму кантролю. Менавіта з мэтай спынення распаўсюджвання на наркарынку такіх рэчываў МУС прапанавала ўвесці паняцце “аналагі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў”, сутнасць якога заключаецца ў забароне вольнага абароту рэчываў сінтэтычнага і натуральнага паходжання, хімічная структура і ўласцівасці якіх падобныя да хімічнай структуры і ўласцівасцей нарка­тычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

Адначасова прапануецца ўнесці дапаўненні і змяненні ў Крымінальны кодэкс у частцы ўстанаўлення крымінальнай адказнасці за незаконны абарот аналагаў. Мы ўпэўнены, што гэтыя меры дапамогуць абмежаваць экспансію легальных наркотыкаў на тэрыторыі краіны.

Акрамя таго, у законапраекце прадугледжана забарона прапаганды наркатычных сродкаў і псіха­тропных рэчываў і іх аналагаў і недапушчэнне дзейнасці юрыдычных і фізічных асоб, накіраваных на распаўсюджванне ў любой форме поглядаў, ідэй і заклікаў з мэтай выклікаць іх спажыванне.

А ў рамках унясення змяненняў у Адміністратыўны кодэкс прапанавана ўвесці адміністратыўную адказна­сць за спажыванне наркотыкаў у грамадскім месцы.

Найлепшае лячэнне — гэта прафілактыка

У краіне рэгулярна праводзяцца сацыялагічныя апытанні наконт распаўсюджанасці наркаманіі, адносін грамадства да гэтай праблемы. Часцей за ўсё сацыялагічнымі апытаннямі ахоплена асноўная мэтавая група — моладзь. Гэтыя апытанні неабходны для таго, каб выявіць тыя ці іншыя паводзінскія тэндэнцыі ў маладзёжным асяроддзі, вывучыць адносіны да праблемы наркаманіі, даведацца аб інфармаванасці грамадства ў гэтай сферы. Вынікі паказваюць, што моладзь добра інфармавана: практычна 95% моладых людзей ведаюць аб праблеме наркаспажывання і наступствах ужывання псіхаактыўных сродкаў.

Сёння наўрад ці які дарослы чалавек не чуў пра шкоду ўжывання наркотыкаў. Але самі па сабе гэтыя веды далёка не заўсёды з’яўляюцца бар’ерам для таго, каб не паспрабаваць тое ці іншае псіхаактыўнае рэчыва. Пры гэтым нярэдка асноўным фактарам рашэння паспрабаваць наркотыкі з’яўляецца ўпэўненасць у тым, што ў любы момант можна спыніцца. Але спецыялісты сістэмы аховы здароўя падкрэсліваюць, што нават першая спроба “цяжкага” наркотыку можа выклікаць залежнасць. Да таго ж усе наркатычныя сродкі, акрамя ўзнікнення залежнасці, могуць справакаваць шэраг іншых вельмі цяжкіх праблем са здароўем.

Пры гэтым медыкі даволі асцярожна гавораць аб эфектыўнасці рэабілітацыі хворых на наркаманію. Нават узгадваючы пра тых, каму ўдалося пазбавіцца залежнасці, медыкі не ўжываюць тэрмін “паправіўся”, а гавораць аб рэмісіі. Гэта этап хваробы, які характарызуецца часовым зніжэннем ці знікненнем сімптомаў хваробы. Тым самым спецыялісты падкрэсліваюць: былых наркаманаў не бывае, але пазбавіцца залежнасці можна.

— Асобы з устаноўленым дыягназам “наркаманія” назіраюцца ўрачамі ў спецыялізаваных установах, — расказаў Аляксей Аркадзьевіч Кралько, загадчык сектара наркалагічнага маніторынгу Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя. — Сёння практычна ва ўсіх абласцях краіны дзейнічаюць рэабілітацыйныя цэнтры для нарказалежных пры дзяржаўных установах аховы здароўя. Акрамя таго, працуе шэраг рэабілітацыйных цэнтраў пры грамадскіх і рэлігійных арганізацыях. Пра эфектыўнасць рэабілітацыйных праграм нельга сказаць адной лічбай. Частка асоб, якія пакутавалі ад наркатычнай залежнасці, маюць доўгачасовую рэмісію, часам — да канца жыцця. Шэраг рэабілітацыйных цэнтраў могуць прывесці даныя аб 50 працэнтах рэабілітацыі нарказалежных асоб — гэта вельмі добры вынік. Пры гэтым значных вынікаў дасягаюць рэабілітацыйныя цэнтры, створаныя пры рэлігійных арганізацыях.

Да таго ж, як расказаў А.А.Кралько, у краіне дзейнічае праграма замяшчальнай тэрапіі для нарказалежных.

— Гэтыя праграмы працуюць у рамках праекта глабальнага фонду па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, паколькі наркаспажыўцы — гэта сур’ёзная група рызыкі па заражэнні ВІЧ-інфекцыяй. Сутнасць замяшчальнай тэрапіі ў тым, што нарка­спажывец легальна атрымлівае прэпарат, які не выклікае ў яго нейкіх дадатковых фізіялагічных рэакцый у выглядзе эйфарыі і іншых, але дазвялае адчуваць сябе камфортна, — патлумачыў спецыяліст. — Статыстыка паказвае, што асобы, якія ўцягнуты ў гэтыя праграмы, у большасці сацыялізуюцца, знаходзяць работу, ствараюць сям’ю. Але ў гэтыя праграмы могуць трапіць не ўсе нарказалежныя. Ёсць медыцынскія, сацыяльныя крытэрыі. Мае значэнне і ступень, і від наркатычнай залежнасці хворых.

Таму відавочна, што ў пытанні нарказалежнасці найлепшае лячэнне — гэта прафілактыка. Сёння прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца ў рамках Дзяржаўнай праграмы комплексных мер процідзеяння наркаманіі, незаконнаму абароту наркотыкаў. У рамках яе рэалізацыі толькі ў апошні год былі праведзены сотні мерапрыемстваў, найперш для моладзі.

— Інфармацыйны кампанент пры правядзенні прафілактычнай работы не заўсёды спрацоўвае, хоць гэта таксама важны напрамак дзейнасці — інфармаванне насельніцтва, асабліва моладзі, аб шкодзе наркаспажывання, аб наступствах, увогуле аб праблеме, — падкрэсліў Аляксей Аркадзьевіч Кралько. — Зараз развіваецца другі напрамак — фарміраванне праз інтэрактыўныя метады навучання ў маладых людзей неабходных жыццёвых навыкаў. Такія методыкі спрацоўваюць практычна на 100 працэнтаў. Іх сутнасць у тым, каб навучыць падлетка, маладога чалавека правільна сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі, напрыклад калі прапануюць наркотык. Тут неабходна фарміраваць і пачуццё гумару, і ўнутраную самадысцыпліну, і прыхільнасць да стойкіх у грамадстве маральных каштоўнасцей, у тым ліку павагі да закона. Сёння ўстановамі адукацыі прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца ў асноўным з вучнямі старшых класаў. Але зараз ставіцца пытанне аб амаладжэнні мэтавай групы, з якой неабходна праводзіць антынаркатычныя прафілактычныя мерапрыемствы. Ёсць меркаванне, што пэўную работу варта пачынаць ужо ў малодшай школе. Такія праграмы актыўна ўкараняюцца, напрыклад, у Германіі. Там ужо ў малодшай школе ў гадавыя вучэбныя планы ўведзены спецыяльныя мерапрыемствы па антынаркатычным навучанні.

Алена МАРКЕВІЧ.

markevich@ng-press.by


© Сайт арыгіналу Сацыяльны ракурс, 2012.
Тэгі: , ,

 

Feed enhanced by Better Feed from Ozh