Быць лідарам на адукацыйнай прасторы

Рыхтаваць сёння спецыялістаў, якія будуць запатрабаваны заўтра, — прынцып работы Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа

Пра дырэктара каледжа Аляксандра Ласякіна нельга сказаць “ідзе ў нагу з часам”, бо кіраўнік заўсёды працуе на апярэджанне. Гэта ярка выяўляецца нават у знешнім выглядзе ўстановы адукацыі. У ходзе папярэдняга прэс-туру па Віцебшчыне мы дэталёва азнаёміліся з каледжам і падзяліліся ўражаннямі з чытачамі. Год не паспеў мінуць, а знаёміцца давялося нанова.

Жыццё дыктуе развіццё

Па-майстэрску і з густам зроблены рамонт на першым паверсе, што нас так прыемна ўразіў, праведзены ва ўсім галоўным корпусе; цяпер паслядоўна рамантуюцца памяшканні ў суседніх. Новае тэхналагічнае абсталяванне, якое планавалася набыць для вытворчых майстэрань (па большасці параметраў яны набліжаны да еўрапейскіх стандартаў), устаноўлена і задзейнічана па максімуме. Першая чарга вялікага спартыўнага комплексу, дзе тады поўным ходам вяліся маштабныя рамонт­ныя работы, здадзена ў эксплуатацыю да пачатку навучальнага года. І гэтак жа — літаральна на кожным кроку.

— Сучасныя тэхналогіі настолькі імкліва ўдасканальваюцца, што старацца паспяваць за імі недастаткова. Трэба ўмець прадбачыць змяненні і згодна з імі выбудоўваць адукацыйны працэс, — лічыць дырэктар. — Мы ўпэўнены ў высокім узроўні прафесійнай падрыхтоўкі нашых выпускнікоў. Відавочна, праз некалькі гадоў для выпускніка стане актуальным зусім іншы набор кампетэнцый. Каб не страціць сябе, сваё аблічча, нам неабходна рыхтаваць таго спецыяліста, хто будзе не проста адпавядаць запытам будучага наймальніка, а ў шэрагу выпадкаў іх апярэджваць. Значыць, і каледж павінен быць зусім іншым, і кіраванне ім ажыццяўляцца па-іншаму. Зараз цікавыя магчымасці адкрывае ўкараненне лічбавых інфармацыйных тэхналогій, аднак гэта толькі адзін з напрамкаў, якія мы актыўна асвойваем. Дзякуючы дапамозе кіраўніцтва вобласці, галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, мы стварылі моцную вучэбна-вытворчую базу і штогод яе абнаўляем. Ключавы момант: нас добра падтрымліваюць, але і наш уклад у развіццё заўсёды істотны. Прывяду толькі адзін прыклад. Рамонт спарткомп­лексу амаль поўнасцю (за выключэннем устаноўкі даху і вокнаў) зрабілі навучэнцы архітэктурна-будаўнічага аддзялення і майст­ры вытворчага навучання. Аб’ём выкананых работ перавысіў 180 ты­сяч рублёў, усяго на аб’екце асвоена 500 тысяч, каля 200 тысяч склала эканомія бюджэтных сродкаў. За 2018 год сіламі работнікаў і навучэнцаў каледжа гаспадарчым спосабам выкананы аб’ём рамонтна-будаўнічых работ на агульную суму 612,4 тысячы рублёў. Ёсць сур’ёзныя рэсурсы, ёсць бачанне перспектывы і, галоўнае, ёсць зладжаная педагагічная каманда, нацэленая на развіццё, матываваная эфектыўна працаваць.

Найбуйнейшы ў вобласці каледж ажыццяўляе падрыхтоўку ў дзённай, завочнай і вячэрняй формах кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, інтэграванай з прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыяй, па 43 спецыяльнасцях. Кантынгент навучэнцаў складае 1518 чалавек, або 68 вучэбных груп. Выпускнікі могуць працягнуць вучыцца ва ўстановах вышэйшай адукацыі рэспублікі па роднасных спецыяльнасцях.

З 15 сакавіка да ўстановы адукацыі быў далучаны ВДПТК машынабудавання імя М.П.Шмырова. Каледж сёння нагадвае кампактны акадэмічны гарадок: два вучэбныя корпусы і тры будынкі вучэбна-вытворчых майстэрань (57 вучэбных кабінетаў і лабараторый, 20 вучэбна-вытворчых майстэрань), дагледжаная тэрыторыя з мноствам зеляніны і кветак, сучасны стадыён, а таксама два камфартабельныя інтэрнаты. Дарэчы, традыцыйна ў дні “Славянскага базару” ў Віцебску тут пражываюць госці і ўдзельнікі фестывалю (у мінулым годзе — каля 200 чалавек). Жыллём забяспечваюцца ўсе навучэнцы, хто мае ў гэтым патрэбу.

Прафесіяналізм і арыентаванасць на практыку

Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж уваходзіць у лік вядучых устаноў прафесійнай адукацыі рэспублікі і мае высокі рэйтынг у абітурыентаў — вынік сістэмнай мэтанакіраванай работы ўсяго калектыву. Велізарная ўвага тут удзяляецца прафарыентацыйнай рабоце, арганізавана эфектыўная падрыхтоўка да паступлення. План прыёму ў мінулым годзе быў выкананы з прыростам кантынгенту 112 працэнтаў у параўнанні з 2017 годам (прынята на 80 чалавек больш). Давер абітурыентаў апраўданы: фактычна назва каледжа стала топавым адукацыйным брэндам, паспяховая вучоба тут аўтаматычна азначае атрыманне надзейнай базы для далейшага прафесійнага росту і работу з дастойнай заработнай платай па запатрабаванай спецыяльнасці. 

Асаблівае значэнне мае для калектыву ўдзел у конкурсах прафмайстэрства WorldSkills. Вынікі навучэнцаў красамоўныя без каментарыяў, і пра іх мы таксама расказвалі на старонках газеты. Зноў абмяжуемся для прыкладу перыядам паміж двума нашымі прэс-турамі: 5 першых месцаў, 1 другое і 1 трэцяе на абласным на этапе WorldSkills Belarus — 2018, на заключным этапе — два сярэбраныя медалі ў кампетэнцыях “Абліцоўка пліткай” і “Цагляная кладка”, два бронзавыя медалі — у кампетэнцыі “Геадэзія”. За высокія дасягненні ў прафесійнай падрыхтоўцы ў мінулым навучальным годзе сямёра навучэнцаў каледжа ўдастоены заахвочання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Прэміяй фонду за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў адзначаны майстар вытворчага навучання Аляксандр Раманчук.

— Наш выпускнік з’яўляецца канкурэнтаздольным, у яго ёсць выбар сярод работадаўцаў, — расказвае Аляксандр Зыгмантавіч. — Перад тым як стаў майстрам вытворчага навучання, прайшоў у сваёй прафесійнай дзейнасці шлях ад рабочага да адказнага вытворцы работ. Аналіз пэўных прабелаў у падрыхтоўцы рабочых кадраў дазволіў унесці змяненні ў гэты працэс з улікам спецыфікі работ і дзеючых тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Пры праек­таванні вучэбных заняткаў асноўны акцэнт ставіцца на вучнёўска-цэнтраваным падыходзе, пры якім вядучай дзеючай асобай у адукацыйным працэсе выступае навучэнец. Паміж ім і майстрам вытворчага навучання наладжваюцца партнёрскія адносіны. Галоўная мэта майстра (фарміраванне кампетэнтнага і запатрабаванага прафесіянала) арыентавана на доўгую перспектыву. Навучэнец, як правіла, больш прагматычны і ў першую чаргу нацэлены на поспех зараз і ў найбліжэйшай будучыні. Менавіта партнёрства дазваляе мадэляваць адпаведны чаканням вынік, пры гэтым уменне дзейнічаць па зададзеным алгарытме — важны, але прамежкавы паказчык. У працэсе падрыхтоўкі да WorldSkills на змену стандартнай звязцы “майстар — вучань” прыходзіць адзіны мэтанакіраваны механізм для вызначэння найлепшых прыёмаў, тэхнік і тэхналогій выканання работ. Напрыклад, мы разам з навучэнцам выкладваем дзве аднолькавыя канструкцыі, прычым кожны выкарыстоўвае розныя тэхнікі і прыёмы, а потым вызначаем найлепшы варыянт выканання. Знайсці яго можна толькі так, метадам проб і памылак. Проста вучыць не атрымаецца: праз кожнае заданне, канструкцыю трэба прайсці самому.

У каледжы працуе 130 педагагічных работнікаў, з якіх 53 маюць вышэйшую, 38 — першую кваліфікацыйную катэгорыю і ўсе без выключэння — вышэйшую адукацыю і базавую адукацыю ў адпаведнасці з прадметам профільнага кампанента, які выкладаюць. Створаны спрыяльныя ўмовы для павышэння ўзроўню прафесійнага і педагагічнага майстэрства кожнага педагога. У 2018 годзе 31 з іх павысіў кваліфікацыю, 4 завяршылі і 11 працягваюць перападрыхтоўку, у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь вучацца 7 кіруючых работнікаў і спецыялістаў.

Падчас практыкі ў вучэбна-вытворчых майстэрнях каледжа навучэнцы робяць сталярныя вырабы, вырабы з металу і аказваюць насельніцтву паслугі па выкананні будаўнічых работ. На базе каледжа адкрыта аўташкола па падрыхтоўцы вадзіцеляў транспартных сродкаў катэгорыі “В”, з 2018 года ўстанова адукацыі аказвае паслугі насельніцтву па аўтасэрвісе і тэхнічным абслугоўванні аўтамабіляў.

Тэхналогія поспеху 

У лістападзе 2018 года на конкурсе дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ рэспублікі дыпломам І ступені ўзнагароджаны прадстаўлены выпускнікамі каледжа праект у намінацыі “Горадабудаванне” і два (у той жа намінацыі і ў намінацыі “Архітэктура”) адзначаны дыпломамі ІІ ступені. Дасягненне значнае, але не выключнае: навучэнцы і іх педагогі традыцыйна паспяхова ўдзельнічаюць у прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных выставах і канферэнцыях, злётах вынаходнікаў і рацыяналізатараў, аглядах тэхнічнай, мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Славіцца ўстанова адукацыі адным з лепшых у рэспубліцы будаўнічым атрадам, які ведаюць і паважаюць за працу як у Беларусі, так і далёка за яе межамі. Пералік перамог заняў бы не адну старонку: толькі за мінулы год па выніках спаборніцтваў і конкурсаў рознага ўзроўню і рознай накіраванасці — ад рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах да прафарыентацыйных, навуковых, спартыўных (дзе адразу па некалькіх відах каманды ВДТК — чэмпіёны краіны) і творчых — скарбонку каледжа папоўнілі амаль 150 важкіх дыпломаў.

— Роля ўстановы прафесійнай адукацыі ў выхаванні і фарміраванні асобы, развіцці здольнасцей маладога чалавека, папулярызацыі фізічнай культуры і здаровага ладу жыцця выключная, і гэта прыярытэтныя напрамкі нашай дзейнасці, — падкрэслівае Аляксандр Ласякін. — У прыватнасці, мы стараемся сфарміраваць у кожнага навучэнца любоў да прафесіі, нават калі першапачатковы выбар месца вучобы быў неўсвядомлены. І вынік ёсць. На працягу 2—3 гадоў прыкметна мяняюцца адносіны моладзі да вучобы. Калі напачатку хтосьці спрабуе сачкаваць, то потым разумее, што ўсюды патрэбны высокакваліфікаваны спецыяліст. З’яўляецца здаровая канкурэнцыя і імкненне да атрымання больш глыбокіх, цвёрдых практычных уменняў і ведаў. Што тычыцца рэсурсаў якаснай падрыхтоўкі, прыярытэты таксама крыху змяніліся. Калі раней на першым месцы была матэрыяльна-тэхнічная база, то цяпер — чалавечы фактар. Нашы педагогі вельмі дастойна працуюць, але хочацца выйсці на яшчэ больш высокі ўзровень. І вось праблема: высокакваліфікаванага майстра вытворчага навучання часам няма дзе вучыць, каб ён далей развіваўся па сваім профілі, а гэта жыццёва неабходна. Педагогам, каб свабодна карыстацца спецыялізаванымі інтэрнэт-крыніцамі, трэба дасканала ведаць замежную мову, прычым з профільным тэхнічным ухілам. (Дзе знайсці такія курсы?) Таго, што прапануецца, нам ужо мала. Таму абмяркоўваем новыя фарматы супрацоўніцтва з айчыннымі УВА, наладжваем кантакты з лепшымі еўрапейскімі адукацыйнымі цэнтрамі — у найбліжэйшы час плануем туды выезд. Прадумваем магчымасці арганізацыі перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў сярэдняга звяна на базе кале­джа, павышэння прыбыткаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, каб у працэнтных суадносінах “бюджэт — пазабюджэт” выйсці як мінімум да 50 працэнтаў. Нашы майстэрні могуць праца­ваць як цэлы завод, і не ў адну змену: выбудаваць графікі адукацыйнага працэсу, каб наяўнае абсталяванне было пастаянна задзейнічана і выпускалася прадукцыя на продаж, рэалізоўваліся паслугі — цалкам рэальна. Плануем абсталяваць і адкрыць цір, пабудаваць басейн — ідэй многа, і паступова яны ўвасабляюцца ў праекты, планы, канкрэтныя справы. Упэўнены: вынікі не прымусяць сябе чакаць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.